Вы тут

Каб збор адходаў стаў добрай звычкай


Выхаванне маленькіх грамадзян – справа адказная і пачэсная. “У нашых руках – наша будучыня” – такое крэда ў педагогаў дзяржаўнай установы адукацыі “Спецыяльны дзіцячы сад № 9 г. Бабруйска для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення”. Пройдзе зусім няшмат часу, і сённяшнія дашкольнікі стануць гаспадарамі зямлі беларускай. А ў якой краіне – чыстай і зялёнай ці засмечанай і апусцелай – будуць жыць нашы дзеці, залежыць ад нас, дарослых.

На жаль, з кожным годам усё больш актуальнай становіцца праблема назапашвання адходаў. І гэта бяда не аднаго чалавека, і нават не асобнай дзяржавы, а глабальная пагроза для ўсёй планеты. У нашай краіне таксама звяртаюць асаблівую ўвагу на гэта пытанне, у тым ліку і ў галіне адукацыі. Як і многія еўрапейскія дзяржавы, Беларусь прытрымліваецца сучасных тэндэнцый у выхаванні, накіраваных на павышэнне экалагічнай культуры ў сферы раздзельнага збору адходаў.

Спецыялісты нашага дзіцячага сада таксама ўпэўнены, што фарміраванне экалагічнай свядомасці павінна пачынацца з дашкольнага ўзросту. Як жа растлумачыць маленькім выхаванцам такія важныя ісціны? Мы падзелімся сваім вопытам па выкарыстанні розных формаў работы з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі маўлення, а таксама з іх бацькамі з групы “Пчолка” (выхавацель дашкольнай адукацыі Алена Стэльмак) па пытаннях раздзельнага збору адходаў.

За аснову правядзення тэматычнага тыдня “Родны горад просіць дапамогі” былі ўзяты словы Канфуцыя: “Скажы мне – і я забудуся, пакажы мне – і я запомню, дай мне зрабіць – і я зразумею”. Спачатку педагогі расказалі выхаванцам пра "жыццё" цэлафанавага пакета, а таксама пра тое, якую шкоду прыносяць адходы і навошта трэба іх раздзяляць. А затым разам з дзецьмі яны наведаліся да месцаў збору адходаў, каб наглядна і ў даступнай форме растлумачыць такія паняцці, як “назапашванне адходаў”, “раздзельны збор”, “экалогія”.

Выдатным працягам гэтай працы сталі дыдактычныя гульні “Раскладзі адходы”, “Што з чаго зроблена”, “Што пераблытаў Нязнайка”, рухомая гульня “Хто хутчэй раскладзе смецце”, сюжэтна-ролевая гульня “Сям’я”. Усе яны накіраваны на фарміраванне першапачатковых уменняў і ўяўленняў, замацаванне пэўных  правілаў.

– Падчас гульні нашы выхаванцы тлумачылі свае дзеянні, актывізавалі слоўнік па тэме, што садзейнічала развіццю маўленчых навыкаў, – расказвае настаўнік-дэфектолаг Таццяна Целепень. – Дзеці не толькі вучыліся правільна збіраць адходы, але і расказвалі сябрам, бацькам і гасцям, як іх выкарыстоўваць далей на карысць людзям.

Наступным крокам стала чытанне мастацкіх твораў пра прыроду, разглядванне экалагічных плакатаў, выдадзеных Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. На практычных занятках маленькія бабруйчане рабілі кармушкі для птушак з пакетаў з-пад соку, а таксама вырабы з ужо выкарыстаных аднойчы паперы, кардону і поліэтылену.

Добрай традыцыяй у нашай групе стала запрашэнне на мерапрыемствы гасцей. На гэты раз да дзетак завітаў галоўны спецыяліст Бабруйскай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Салановіч. Ён расказаў пра тое, чым займаюцца эколагі, як працуюць “зборшчыкі адходаў”, а таксама навошта інспектарам па ахове прыроды спецыяльны транспарт, адзенне і знак адрознення. Падарункамі для выхаванцаў сталі кнігі, фламастэры, цацкі, расфарбоўкі. Папера, пластык і іншыя матэрыялы, з якіх зроблены гэтыя рэчы, таксама калісьці былі смеццем, але, дзякуючы неабыякавым людзям, атрымалі другое "жыццё”.

Прыемна адзначыць, што ў справе павышэння экалагічнай культуры юных беларусаў бацькі сталі нашымі аднадумцамі. Яны з цікавасцю слухалі выхавацеляў падчас кансультацыі “Экалагічнае выхаванне: 10 пытанняў – 10 адказаў!”, удзельнічалі ў "круглым стале" на тэму “Усё пачынаецца з дзяцінства…”. Мы ўпэўнены, што фарміраванне ў бацькоў элементарных ведаў па пытаннях адходаў дапаможа выхаваць і ў дзяцей экалагічна свядомыя адносіны да збору смецця.

У большасці сем’яў дарослыя зрабілі ўсё, каб раздзельны збор адходаў стаў нормай і карыснай звычкай. Разам з дзецьмі яны ўстанавілі на ўчастках каля сваіх дамоў спецыяльныя ёмістасці для смецця, а на прагулках звярталі ўвагу на экалагічныя плакаты і тлумачылі іх значэнне. З іх дапамогай дзеці вучыліся рабіць рэчы з другасных рэсурсаў. Нават тыя, хто спачатку адмоўна ставіўся да распачатай справы, урэшце сталі нашымі прыхільнікамі. Фотарэпартаж “А мы робім так!” засведчыў, як члены кожнай сям’і робяць свой пасільны ўнёсак у агульную справу.

Напрыканцы тыдня разам з бацькамі і педагогамі выхаванцы сталі выдаўцамі ўласных рэкламных плакатаў, выстава якіх прайшла ў нашым дзіцячым садку.

Выхоўваць падрастаючае пакаленне і быць асабістым прыкладам для дзяцей – вялікая адказнасць. Спадзяёмся, што нашы выхаванцы будуць не спажыўцамі, а руплівымі гаспадарамі на роднай зямлі.

Святлана ГАРЭЛАВА, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДУА “Спецыяльны дзіцячы сад №9 г. Бабруйска для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».