Вы тут

Што беларусы прапісваюць у шлюбным дагаворы?


Традыцыйны менталітэт многіх з нас прымушае лічыць, што шлюбны дагавор — гэта нешта зняважлівае, што адмаўляе сапраўдныя пачуцці. Ну якія ўмовы, калі каханне?! Але ж, на жаль, нярэдка здараецца, што каханне заканчваецца, застаецца непаразуменне, і, як вынік, — развод. І менавіта шлюбны дагавор можа пазбавіць вас ад дадатковых канфліктаў і нерваванняў.

Шлюбны дагавор можна заключыць да шлюбу, падчас яго і перад разводам. Ва ўсіх трох варыянтах добраахвотная дамоўленасць мужа і жонкі спрыяе бяспецы іх капіталаў, зберагае нервы, грошы і час пры скасаванні шлюбу і здымае пытанні па атрыманні спадчыны. Хоць найчасцей у дакуменце абазначаюцца маёмасныя ўмовы, тут можна акрэсліць і пытанні адносна выхавання дзяцей і нават падзел абавязкаў па доме. Праўда, пры гэтым варта тройчы падумаць, наколькі ўмовы выканальныя, і якія сведкі ў судзе змогуць пацвердзіць, што муж не мые посуд, а жонка не выгульвае сабаку па выхадных, як прапісана ў дакуменце...


Бізнесмены, творцы і вопытныя

— Плануючы сумеснае жыццё, лепш абмеркаваць са сваёй паловай розныя яго аспекты і зрабіць гэта цывілізавана, праз шлюбны дагавор. Гэта павышае культуру ўзаемаадносін у шлюбе, — мяркуе Ала ГАСПАДАРЫК, адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.

— Жаданне заключыць шлюбны дагавор зусім не азначае ўзаемны недавер, і з юрыдычнага боку ў яго больш станоўчых момантаў, чым негатыўных. Такі крок — адзін з варыянтаў захаваць добрыя адносіны, у тым ліку і пасля скасавання шлюбу. Ён дазваляе таксама пазбегнуць праблем у будучыні ў паўторных шлюбах і пытаннях спадкаемства. Наяўнасць гэтага дакумента ў нейкай ступені нават дысцыплінуе сужэнцаў і павышае іх адказнасць, — лічыць Таццяна ПАЎЛОВІЧ, натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі. — Пра магчымасць складання шлюбнага дагавора, можа, варта было б распавядаць маладым пры падачы заявы ў загс.

У 1999 годзе, калі людзі толькі пачалі падпісваць шлюбныя дагаворы, іх былі адзінкі. Цяпер гэта тры-чатыры тысячы дакументаў штогод, і з кожным годам іх колькасць павялічваецца на 10 %. Толькі за пяць месяцаў сёлета іх у краіне падпісана ўжо 1797.

Маладыя досыць рэдка складаюць такі дагавор. Тады яшчэ каханне і давер бязмежныя, і не думаеш, што ў будучыні можа здарыцца нешта кепскае. Шлюбны дагавор падпісваюць, як правіла, тыя, хто заключае шлюб другі раз, у асноўным людзі пасля 40 гадоў. Асабліва актуальна гэта, калі абодва бакі ўжо маюць дзяцей, сумны вопыт папярэдняга сямейнага жыцця і падзелу маёмасці.

— Калі людзі жэняцца другі раз, то часта, складаючы шлюбны дагавор, кіруюцца думкай, нібыта ўсё яны пакінулі дзецям ад першага шлюбу. Таму тое, што будзе набыта цяпер, павінна дастацца дзецям ад другога шлюбу, — лічыць натарыус.

Людзі, якія працуюць у сферы бізнесу, асабліва міжнароднага, таксама часта падпісваюць шлюбны дагавор. Падзел маёмасці пры разводзе закранае не толькі набыткі сям'і, але і актывы прадпрыемства. Таму, каб не быць уцягнутымі ў сямейныя канфлікты, замежныя партнёры просяць сваіх супрацоўнікаў і калег прадставіць такі дагавор.

Творчыя людзі з дапамогай дагавора намагаюцца пазбегнуць замахаў на плён сваёй працы, паколькі ўсе створаныя падчас сямейнага жыцця карціны ці скульптуры таксама лічацца сумеснай маёмасцю.

— Жонка ці муж могуць мець права на творы сужэнца, бо яны забяспечвалі ўмовы для творчасці, выконваючы работу па доме ці, можа, нават, пазіравалі, — заўважыла адвакат. — Таму шлюбны дагавор у такім выпадку — сродак абараніць свае творчыя набыткі ад падзелу.

Цяпер нават банкі пры выдачы крэдытаў пачалі цікавіцца наяўнасцю шлюбных дагавораў і патрабаваць іх для азнаямлення ў выпадку наяўнасці. Гэта важна, каб зразумець, на кім ляжыць адказнасць за пагашэнне крэдытаў, бо акрамя агульных актываў (маёмасці) існуюць умовы і адносна агульных пасіваў (даўгоў).

Тым не менш часцей за ўсё дагаворы заключаюць перад скасаваннем шлюбу, падчас трохмесячнага тэрміну, які даецца сужэнцам для абдумвання рашэння, калі дакументы ўжо пададзены ў суд. Заключэнне шлюбнага дагавора ў гэты час дазваляе танней падзяліць маёмасць. Самы дарагі дагавор абыдзецца ў 203,35 рубля (натарыяльны тарыф за складанне праекта, яго засведчанне і тэхнічнае афармленне). А памер дзяржаўнай пошліны — 5 % ад сумы іску пры падзеле маёмасці. Пагадзіцеся, сумы проста несупастаўныя.

«Фінансавае рыцарства» ці нулявы варыянт

Сапраўды, прапісаць у шлюбным дагаворы можна амаль усё: правы і абавязкі сужэнцаў аб узаемным утрыманні, парадак падзелу наяўнай і будучай маёмасці, умовы выхавання дзяцей. Праўда, як адзначаюць спецыялісты, чым больш прыватныя выпадкі стараюцца закрануць у дагаворы адносна, напрыклад, узаемаадносін паміж бацькамі і дзецьмі, тым больш відавочна, што ў сям'і памяншаецца давер сужэнцаў адно да аднаго і справа ідзе да разводу.

Пры гэтым варта памятаць, што падчас сямейнага жыцця ўмовы рэжыму ўласнасці могуць змяніцца. Напрыклад, калі кватэру, якая да шлюбу належала мужу ці жонцы, падчас існавання сям'і адрамантавалі ці рэканструявалі, яе могуць прызнаць сумеснай маёмасцю.

Тое ж датычыцца і змянення самых жорсткіх умоў дагавору, пасля нараджэння дзіцяці. Нават калі муж напачатку не надта давяраў пачуццям жонкі, пасля з'яўлення нашчадкаў ён звычайна мяняе погляд і заключае дадатковае пагадненне да шлюбнага дагавора.

— Заможны чалавек, асабліва пры вялікай розніцы ва ўзросце, часта сумняваецца, чаго больш прагне другая палова: яго асобы ці грошай. У такім выпадку, як правіла, заключаюць шлюбны дагавор па нулявым варыянце, калі маёмасць абодвух бакоў застаецца толькі ў іх уласнасці, і пры скасаванні шлюбу сужэнцы застаюцца з тым, з чым прыйшлі ў шлюб, — разважае Ала Гаспадарык. — З іншага боку, калі адносіны ў сям'і няшчырыя, нават пры наяўнасці дагавора, нічога не замінае мужу ці жонцы ў шлюбе перааформіць маёмасць на сваякоў, каб вывесці матэрыяльныя актывы з агульнай уласнасці.

Шлюбны дагавор дазваляе вызначыць рэжым маёмасці сужэнцаў на будучыню і ўстанавіць асобасную прыналежнасць у залежнасці ад таго, што яны будуць набываць у шлюбе. Захаваць сваё права на рухомую маёмасць, якую маюць сужэнцы да ўзяцця шлюбу, таксама проста. У кожнай рэчы ёсць радавыя прыкметы, якія можна абазначыць у дагаворы. Напрыклад, колер і марку халадзільніка ці тэлевізара.

— Муж і жонка такім чынам дакладна ведаюць: на чыё імя запісана маёмасць ці зроблены грашовы ўклад, уласнасцю таго яна і будзе з'яўляцца, — падкрэсліла Таццяна Паўловіч. — Рухомую маёмасць у дагавор у прынцыпе не ўключаюць, тым больш што даказаць факт яе набыцця досыць цяжка, бо копіі чэкаў у нас выдаюцца без прозвішча.

Калі дагавор падпісваюць перад скасаваннем шлюбу, у ім, як правіла, прапісваюць умовы выхавання дзіцяці і яго пражывання з кожным з бацькоў. Вызначаюць памер аліментаў на непаўналетніх дзяцей, які можа быць большы, чым той, што прадугледжаны законам, але ні ў якім разе не меншы.

— Па заканадаўстве аліменты выплачваюцца на дзяцей да дасягнення імі 18-годдзя, аднак у дагаворы можна прадугледзець выплаты на ўтрыманне, пакуль дзіця атрымлівае вышэйшую адукацыю, — адзначыла адвакат. — Было ў нас пару выпадкаў «фінансавага рыцарства», калі муж вызначаў не толькі павышаныя аліменты, але і сродкі на прыстойнае ўтрыманне жонкі, так званы пенсійны фонд, каб яна магла не працаваць, а займацца толькі выхаваннем дзіцяці. Напрыклад, 3000 долараў па курсе аліментаў штомесяц, і некалькі разоў на год — яшчэ па дзесяць тысяч еўра на аздараўленне.

Аспрэчыць нельга прызнаць

Шлюбны дагавор можна скласці самастойна ці з дапамогай адваката, аднак найлепшы варыянт, каб прадугледзець усе магчымыя моманты, — адразу звярнуцца да натарыуса, які абавязкова павінен засведчыць дакумент. У любым выпадку, перш чым намагацца прапісаць усе свае пажаданні, варта пракансультавацца ў натарыуса ці адваката.

— Калі людзі скасоўваюць шлюбы, часцей за ўсё яны займаюцца толькі самім разводам. Мала хто задумваецца, што будзе з маёмасцю, ці адкладае гэтыя пытанні на пасля. Перш за ўсё вызначаюць стасункі і ўмовы жыцця дзяцей, не заяўляючы патрабаванні на маёмасць. Ужо пасля, нават праз 10 ці 20 гадоў паўстае праблема, як прадаць кватэру ці гараж, набытыя падчас шлюбу, калі не было шлюбнага дагавора. Людзі шчыра здзіўляюцца, якое дачыненне да маёмасці мае былая палова, з якой яны даўно не жывуць. Аднак каб здзейсніць продаж, трэба атрымаць згоду на гэта ад былых мужа ці жонкі. А за такі доўгі час адносіны паміж імі маглі сапсавацца. І яшчэ больш праблем можа ўзнікнуць, калі мужа ці жонкі ўжо няма ў жывых, і прыходзіцца дамаўляцца з яго спадкаемцамі, — падкрэсліла карысць шлюбнага дагавора натарыус.

Шлюбны дагавор, дарэчы, можна аспрэчыць і прызнаць нядзейсным.

— Часта гэта здараецца, калі адзін з сужэнцаў трапляе пад крымінальную адказнасць і атрымлівае артыкул з канфіскацыяй маёмасці. Каб выратаваць яе, заключаюць шлюбны дагавор ужо пасля ўзбуджэння справы. Як правіла, такія дагаворы прызнаюцца судом нядзейснымі. Можна адмяніць дзеянне дагавора і калі адзін з сужэнцаў апынаецца ў нявыгадных умовах. Напрыклад, пабудаваная ў шлюбе кватэра дастаецца мужу ці жонцы, а другому боку — нічога, — адзначыла адвакат.

Калі ў шлюбным дагаворы існуюць умовы, якія ўплываюць на ўзнікненне і пераход права на нерухомую маёмасць, то акрамя засведчання дакумента ў натарыуса, неабходна зарэгістраваць такі дагавор у кадастравым агенцтве. Калі такая ўмова не вытрымана, то дагавор таксама будзе лічыцца нядзейсным адносна маёмасці.

Пры складанні шлюбнага дагавора існуюць і некаторыя забароны. Нельга, напрыклад, унесці ў дакумент патрабаванні, якія абмяжоўваюць дзеяздольнасць аднаго з бакоў і ставяць яго ў нявыгаднае становішча. Скажам, прымусціь мужа ці жонку прытрымлівацца пэўнага веравызнання.

Як правіла, умовы шлюбных дагавораў выконваюцца беспярэчна. Аднак калі адзін з бакоў адмаўляецца выконваць дамоўленасці, вельмі проста звярнуцца да натарыуса, які складаў гэты дакумент, атрымаць выканаўчы надпіс і падаць у суд на выкананне.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Пенсійны фонд ад мужа і будучая ўласнасць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.