Вы тут

Хто накручваў цэны лекаў?


За сістэматычнае атрыманне хабараў затрыманы шэраг так званых медыцынскіх функцыянераў. У іх ліку дырэктар цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў за вырашэнне пытанняў па дзяржаўнай рэгістрацыі лякарстваў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак за арганізацыю заключэння і выканання дагавораў, забеспячэнне своечасовай аплаты і рэалізацыі закупак. «Дарэчы, пры вобыску ў яго гаражы ў тайніку знойдзена больш за $620 тыс. у эквіваленце», — паведаміў старшыня Камітэта дзяржбяспекі Валерый Вакульчык.


Сярод фігурантаў таксама начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак і начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Першы затрыманы за арганізацыю правядзення тэхнічнага абслугоўвання і рамонту медыцынскага абсталявання, якое знаходзіцца ва ўстановах аховы здароўя Гродна. Другі — за заключэнне дагавораў па пастаўцы медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння ў адрас ваенна-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны, а таксама арганізацыю і кантроль аплат пастаўленай медыцынскай тэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння.

Акрамя таго, затрыманы шэраг службовых асоб «Белмедтэхнікі», якія ўдзельнічалі ў арганізацыі работы камісіі Міністэрства аховы здароўя па закупцы абсталявання і забеспячэнні своечасовай аплаты паставак. «За ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 430 «Атрыманне хабару», 431 «Дача хабару» і 243 «Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў» КК затрыманы, узяты пад варту, а таксама прыменены іншыя меры стрымання ў адносінах да 33 службовых асоб, а ўсяго — больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі, супрацоўнічаюць са следствам», — расказаў Валерый Вакульчык.

Службовыя асобы сістэмы аховы здароўя атрымлівалі хабар за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзілі ў іх кампетэнцыю. Разавыя незаконныя ўзнагароды даходзілі да $10 тыс., а асобным службовым асобам — да $350 тыс. за раз. Шэраг фігурантаў паспрабавалі схавацца, у тым ліку за мяжой, што паскорыла вырашэнне пытання аб іх затрыманні і арышце.

Старшыня КДБ падкрэсліў, што размова ідзе аб чыноўніках, у функцыянальныя абавязкі якіх уваходзіла прыняцце рашэнняў аб закупцы медыцынскага абсталявання і лякарстваў, а не аб лечачых урачах сістэмы аховы здароўя краіны.

Валерый Вакульчык нагадаў, што кіраўнік дзяржавы даў даручэнне ўраду знізіць кошт лякарстваў. «Пры гэтым, што па зразумелых прычынах засталося за кадрам, Камітэту дзяржаўнай бяспекі было даручана глыбока і ўсебакова разабрацца ў прычынах завышэння кошту лякарстваў і медыцынскага абсталявання. Гэта работа камітэтам была праведзена. У медыцынскай сферы выкрыты сістэмныя карупцыйныя праявы. Устаноўлена, што кошт і лякарстваў, і абсталявання завышаўся на 10—60 працэнтаў, у асобных выпадках на 100 працэнтаў», — сказаў старшыня КДБ.

Злачынныя схемы, якімі скарысталіся пастаўшчыкі медыцынскага абсталявання і лякарстваў, у тым ліку па ўхіленні ад выплаты падаткаў, прадугледжвалі вывад звышпрыбыткаў у выглядзе незаконна атрыманых грашовых сродкаў на рахункі юрыдычных асоб у ПАР, Ганконгу (КНР), Літве, Латвіі, Расіі і іншых краінах.

«З іх на хабары без перабольшання ішлі мільёны долараў ЗША. У выніку вобыскаў, добраахвотнага кампенсавання ўрону, вяртання незаконна атрыманых сродкаў у даход дзяржавы паступіла ўжо больш за $15 млн. Аператыўна-вышуковыя і следчыя дзеянні прадаўжаюцца», — адзначыў Валерый Вакульчык.

«Фактычна механізм допуску лякарстваў і медабсталявання на рынак краіны быў настолькі забюракратызаваны, што хаджэнне па кабінетах медыцынскіх чыноўнікаў і валакіта займалі месяцы і нават даўжэй. Як вынік, медустановы не маглі своечасова атрымаць патрэбнае абсталяванне або запчасткі да яго. Такім чынам, устаноўлена, што фактычна існуючая сістэма закупак медыцынскага абсталявання і лякарстваў стварала ўмовы для карупцыйных праяў», — канстатаваў старшыня КДБ.

У КДБ падкрэсліваюць, што выкрытыя факты проціпраўнай дзейнасці ў сістэме аховы здароўя дадуць магчымасць ацаніць рэальны стан спраў па закупках лякарстваў і медыцынскага абсталявання, будуць садзейнічаць зніжэнню іх кошту і эфектыўнаму выкарыстанню бюджэтных сродкаў, якія выдзяляюцца дзяржавай на такія патрэбы. Гэта таксама дапаможа выключыць прычыны і ўмовы для карупцыйных праяў, пасадзейнічае стварэнню празрыстага і роўнага механізма набыцця лякарстваў і медыцынскага абсталявання. З пункту гледжання вядзення бізнесу гэта будзе выгадна як добрасумленным пастаўшчыкам, так і дзяржаве, а таксама насельніцтву Беларусі. «Для любога прафесіянала і нават непрафесіянала відавочна, што размова ідзе не пра разавыя мерапрыемствы, не пра біццё па хвастах, а пра глыбокую сістэмную мэтанакіраваную работу па спыненні карупцыі ў нашай краіне», — рэзюмаваў Валерый Вакульчык.

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.