Вы тут

Меркаванне: школьнай адукацыі патрабуецца «рэвізія»


Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што да праблем адукацыі ўсе мы маем дачыненне — прамое ці апасродкаванае. Для Беларусі, якая не валодае багатымі прыроднымі рэсурсамі, адукацыя набывае асабліва важную ролю. Невыпадкова ў апошні час на дзяржаўным узроўні прымаюцца рашэнні, якія так ці інакш датычацца адукацыйнай сферы. Асноватворнымі пытаннямі, на маю думку, заўсёды былі і будуць наступныя: «Чаму вучыць?», «Як вучыць?», «Каго вучыць?» і «Хто будзе вучыць?».


Калі раней галоўным было навучыць чытаць, пісаць і лічыць, дык сёння акцэнты змяшчаюцца ў бок умення самастойна здабываць інфармацыю (а не назапашваць яе і запамінаць), развіцця крытычнага мыслення, творчага падыходу да справы, здольнасцяў да ўзаемадзеяння. У гэтай сувязі вельмі важна вызначыць тыя прадметы і распрацаваць вучэбныя планы, якія будуць спрыяць усебаковаму развіццю вучняў і падрыхтуюць іх да далейшага навучання і практычнай дзейнасці. ЮНЕСКА аднесла да пяці найважнейшых дысцыплін геаграфію, гісторыю, замежную мову, псіхалогію і філасофію. Як бачым, некаторыя з гэтых прадметаў у нашых школах увогуле не прадстаўлены. Перакананы, што прыйшоў час правесці сур'ёзную рэвізію школьных дысцыплін, якая павінна абавязкова закрануць і колькасць гадзін на вывучэнне тых ці іншых прадметаў.

З вышыні пражытых гадоў магу з упэўненасцю сцвярджаць, што рэальна за ўсё сваё жыццё з многімі аспектамі некаторых прадметаў (напрыклад, матэматыкі, хіміі) сутыкацца даводзілася вельмі рэдка. І не толькі мне аднаму. А вось з тым, што выпускнік сярэдняй школы не можа свабодна размаўляць па-беларуску, сустракаюся даволі часта.

Амаль сто гадоў таму Аркадзь Смоліч адзначаў, што «асноваю нацыянальнай школы служыць родная мова... Мова збірае ў сабе ўсё, што мае дух нацыі. Няма ў нацыі нічога ні малога ні вялікага, чаго б мова не ведала. Без мовы не адбываецца творчасць народу. Пакуль жыве мова, датуль жыве народ, датуль і нацыянальнае выхаванне будзе мець вялікую вагу і значэнне. Адабраць у народу мову — значыць спыніць яго развіццё, паставіць на дарозе яго культурнай творчасці глухую перагародку. Эпоха заняпаду мовы ў жыцці нацыі — гэта эпоха заняпаду ўсяго жыцця народу, спыненне працы яго розуму: гэта нацыянальная хвароба, самае горшае няшчасце, якое можа здарыцца ў цэлага народу». Вось ужо больш за чвэрць стагоддзя Рэспубліка Беларусь з'яўляецца незалежнай краінай, а нічога іншага, акрамя здзіўлення, не выклікаюць сённяшнія лічбы навучання па-беларуску вучняў агульнаадукацыйных школ (13 працэнтаў ад агульнай колькасці) і студэнтаў ВНУ (1 працэнт).

Бадай, самае складанае з усіх асноватворных пытанняў адукацыі — «Як вучыць?». Змена прыярытэтаў у адукацыйным працэсе не можа не паўплываць на змяненне методык навучання, ролю і месца настаўніка ў вучэбным працэсе, ацэньванне ведаў. Быць проста перадатчыкам ведаў — гэта ўжо ўчарашні дзень. Сёння педагог павінен найперш выступаць арганізатарам працэсу самаадукацыі вучняў, асабліва ў старшых класах. На змену маналогу павінен прыйсці дыялог, а індывідуальная дзейнасць вучняў — спалучацца з каманднай дзейнасцю (класа ці групы). Важна навучыць вучыцца і творча падыходзіць да справы, а не трансляваць пачутае...

Ні ў якім разе нельга забывацца пра тое, што новае пакаленне, якое ўступае ў жыццё, па-іншаму не толькі думае, але і ўспрымае інфармацыю. Калі раней веданне цікавых фактаў з'яўлялася пэўным дасягненнем, то сёння, дзякуючы інтэрнэту, любыя факты становяцца агульнадаступнымі ўсім ахвотным за лічаныя секунды. Таму асноўны акцэнт у навучанні павінен рабіцца на ацэньванні інфармацыі, на яе тлумачэнні, крытычным аналізе, а не на фіксацыі.

Зразумела, што новыя падыходы да методыкі навучання патрабуюць кардынальных змяненняў у падрыхтоўцы падручнікаў. Магу з упэўненасцю сцвярджаць, што якасны падручнік, складзены пісьменна, даступна і цікава, — амаль гарантаваны поспех удалага засваення прадмета. Упэўнены, што конкурс на іх напісанне павінен быць арганізаваны не так, як ён выглядае цяпер: закрытая сістэма падвядзення вынікаў, калі ўдзельнікі не могуць бачыць работы сваіх канкурэнтаў, падбор выпадковых рэцэнзентаў і г. д. Перакананы ў тым, што галоўным экспертам школьнай вучэбнай літаратуры павінен быць настаўнік. Пры сённяшніх тэхнічных магчымасцях арганізаваць такі конкурс і падвядзенне яго вынікаў не складае ніякіх цяжкасцяў.

Мяркую, што прыйшоў час, каб дазволіць самім настаўнікам выбіраць падручнікі па сваіх прадметах. Галоўнае, каб яны адпавядалі вучэбнай праграме і было з чаго выбіраць. Каб зацікавіць навукоўцаў і настаўнікаў у іх стварэнні, Мінадукацыі трэба распрацаваць сістэму грантаў і стымуляваць гэты працэс. Паколькі напісанне якаснага падручніка — справа складаная, наіўна думаць, што з'явіцца шмат ахвотных.

Што датычыцца самога зместу падручнікаў, тут прыярытэт павінен быць на карысць прыкладных аспектаў, ці, інакш кажучы, практычнага значэння. Не сакрэт, што дзейныя вучэбныя праграмы па большасці школьных прадметаў і шэрагу дысцыплін ВНУ маюць дысбаланс на карысць пазнавальнасці. Заўважу пры гэтым, што ад правільна выбраных суадносін паміж пазнавальнасцю і прыкладным характарам падачы матэрыялу будуць залежаць і гадзіны на іх вывучэнне на розных дысцыплінах і ў розных класах. І самае галоўнае, гэтыя суадносіны будуць непасрэдна ўплываць на разуменне важнасці прадмета з боку навучэнцаў, без чаго адукацыйны працэс у сённяшніх умовах нельга ўявіць. Праблема матывацыі ў навучанні, асабістай зацікаўленасці застаецца па-ранейшаму ў айчыннай адукацыі вельмі вострай.

Разважаючы над пытаннем «Каго вучыць?», важна найперш зыходзіць з таго, што сённяшні вучань (тым больш студэнт) — гэта ўжо не ўчарашні шкаляр (батанік), якому хацелася больш ведаць. Калі раней і цікавіла вучняў пытанне «Чаму?», дык цяпер усё часцей ад іх можна пачуць «Навошта?». Трэба прызнаць, што той здаровай цікаўнасці, якая мела месца зусім нядаўна, ужо амаль няма, замест яе з'явіліся практыцызм і меркантыльнасць («А што я буду з гэтага мець?»).

І, нарэшце, пытанне «Хто будзе вучыць?». Калі ўзгадаць, якія нізкія конкурсы былі пры паступленні абітурыентаў у педагагічныя навучальныя ўстановы краіны ў апошнія гады, то аптымізм міжволі знікае. Адказ на пытанне, ці зможа «запаліць» вучня, дапамагчы яму раскрыць свой патэнцыял настаўнік, якога самога не «запалілі» ў свой час, застаецца відавочным....

Па-за пастаўленымі ў пачатку артыкула пытаннямі засталося яшчэ адно, абысці якое лічу няправільным: як спалучаецца атрыманне ведаў у школе з выхаваннем? Думаю, гэтыя два працэсы непадзельныя, хоць прыярытэт, безумоўна, павінен заставацца за ведамі. Галоўным у выхаванні, на маю думку, павінна быць не колькасць мерапрыемстваў «для птушачкі», а ўздзеянне на вучняў праз асабісты прыклад педагога. Калі зыходзіць з таго, што жыццё настаўніка, асабліва сельскага, адбываецца ва ўсіх на вачах, нельга не разумець, якім можа быць яго ўплыў на паводзіны, характар і стаўленне да справы яго падапечных. Яшчэ адзін важны аспект выхавання звязаны з арганізацыяй вандровак па краіне. З-за вялікай бюракратызацыі гэтага працэсу, на жаль, нярэдка многія вучні перыферыйных школ могуць ні разу за гады навучання не пабачыць не толькі сталіцу сваёй краіны, але і абласныя цэнтры.

Па вядомых прычынах асноўнае месца ў маіх разважаннях занялі праблемы агульнай сярэдняй школы, бо менавіта яна з'яўляецца падмуркам для далейшага навучання праз усё жыццё. Хоць упэўнены, што і ў вышэйшай школе іх не менш.

Яны асабліва востра паўстануць у сувязі з магчымым пераходам ВНУ на трохгадовы тэрмін навучання. За тры гады можна атрымаць асновы ведаў і авалодаць практычнымі навыкамі па многіх спецыяльнасцях, аднак вышэйшая адукацыя не павінна зводзіцца толькі да прыкладных момантаў... Яна развівае кругагляд чалавека, вучыць глядзець на праблемы не толькі шырэй, але і значна глыбей, узнімае чалавека на больш высокі культурны ўзровень.

Не сакрэт, што цяперашнія выпускнікі ВНУ па сваім інтэлектуальным развіцці саступаюць тым, хто вучыўся ў ХХ стагоддзі. Таму калі ўжо пачынаць займацца праблемамі адукацыі, дык адначасова трэба вырашаць іх як у сярэдняй, так і ў вышэйшай школе, паколькі сувязь паміж імі — непасрэдная.

Вячаслаў САСНОЎСКІ, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.