Вы тут

Антыантыўтопія


Антыантыўтопія
Людзі любяць антыўтопіі. Людзі пазнаюць у антыўтапічным свеце свой свет. У жорсткай выдуманай сістэме — рэальнасць. Людзі з за­давальненнем уяўляюць адсутнасць свабоды і ўладу прымусу. Людзі сочаць за галоўным ге­роем на экране ці старонках, падтрымліваюць яго ўздыхамі: гэта ж кіно, гэта ж фантастыка, так не бывае. Хацелася б, але не бывае. Людзі толькі павінны, людзі толькі стогнуць і выконваюць, людзі толькі маўчаць і падпарадкоўваюцца. Людзі толькі ахвяры. Куды б яны ні ішлі, што б ні рабілі, вакол іх заўсёды знойдуцца вінаватыя. Пачвары, якія псуюць усё жыццё звычайным простым людзям. Пачвары, супраць якіх нічога не зробіш, бо ты частка гэтай антыўтопіі рэчаіснасці, ў якой няма месца гераізму, няма месца асобе, толькі шэ­рым ценям ад вялізнага шэрага механізму.

Канец 1970–х — пачатак 1980–х увайшлі ў гісторыю сусветнай музыкі як час, калі з’явіўся, расцвіў і скончыўся панк. Я не буду расказваць тое, што ўсім вядома ці невядома, спрабаваць дзвюма старонкамі ахапіць неахопнае для дзвюх соцень старонак. Хто ведае, куды і калі далей накіруюць мяне «Рубінавыя радкі», але сён­ня толькі пра адзін панкаўскі гурт — «Angelic upstarts».

Людзі любяць антыутопіі. Людзі заўсёды зна­ходзяць вінаватых. Цэлую сістэму вінаватых, супраць якіх нічога і ніколі не зробіш. Гэтыя вінаватыя п’юць на працы. Прыходзяць адразу п’янымі на працу, а затым яшчэ п’юць на працы. Ад іх не дачакацца ніякай дапамогі, яны не вы­конваюць сваіх абавязкаў, яны пастаянна зна­ходзяцца ў антыцвярозым стане, але яны частка гэтай сістэмы. Яны ёсць, бо так патрэбна сістэме. Іх ніхто не звольніць, ніхто не аштрафуе, ім ніхто нічога не можа сказаць, бо яны патрэбны гэта­му антыўтапічнаму свету. Імі прасцей кіраваць. Ад іх прасцей патрабаваць. Вынік іх працы нікому не патрэбны, патрэбна мець куды націснуць. Яны нашмат важней для арганізацыі, чым любы адэкватны чалавек. Адэкватны — паняцце ад­носнае. Адэкватны сам па сабе не існуе. Адэк­ватны чаму? Адэкватны норме? Таму менавіта гэ­тыя і з’яўляюцца адэкватнымі, з мутным, цвілым, гнілым мозгам, з забруджанай, засмуроджанай, закінутай свядомасцю. Яны адэкватныя патраба­ванням, сістэме, антыўтопіі.

Першы сінгл «Angelic upstarts» адразу падарыў гурту сяброў і ворагаў. Пры гэтым, ворагі былі сапраўдныя, афіцыйныя, паліцэйскія. Так атры­малася, што ў гэтых паліцэйскіх на допыце «выпадкова» памёр адзін чалавек. Здавалася б, ну і што тут асаблівага, але не. Асаблівае было. Была напісана песня–пратэст, песня–выклік, першы крок ад рэальнасці ў кіно, у літаратуру. Быў го­лас, і ён быў гучней за мігалкі, дубінкі, краты. Героі з’явіліся не з мячамі і аўтаматамі, а з гітарай і мікрафонам. Некалькі чалавек супраць непера­можнай сістэмы. Так не бывае.

Людзі любяць антыўтопіі. Людзі заўсёды зна­ходзяць вінаватых. Цэлую сістэму вінаватых, супраць якіх нічога і ніколі не зробіш. Гэтыя вінаватыя не даюць піць на працы. Прыходзяць, прыязджаюць са сваімі праверкамі. Вешаюць відэакамеры на слупы і сцены. Сочаць. Пасля пазбаўляюць прэміі, адпраўляюць на прымусовы адпачынак за свой кошт, пазбаўляюць гонару, ча­сам пазбаўляюць працы. Яны — частка сістэмы. Ім патрэбна, каб ты выконваў усё як сказана, а калі будзеш выконваць, то яны прыйдуць з новымі патрабаваннямі. Бясконцы прагрэс прымусу. Бясконцае павелічэнне абавязкаў пры поўным пазбаўленні правоў. Спачатку нельга піць, пас­ля курыць, пасля мацюкацца, пасля спазняцца, пасля раней сыходзіць, пасля цягнуць з працы дадому, што дрэнна ляжыць, каб добра ляжала. Гэта сістэма ператварае людзей у шурупы, цвічкі, дробныя кавалачкі велізарнага шэрага механізму.

Некалькі чалавек супраць непераможнай сістэмы. Так не бывае. Напэўна, гэта спецыяль­ныя людзі з суперздольнасцямі — фінансавымі ці фізічнымі. Напэўна, гэта спецыяльныя людзі з суперсувязямі, напэўна, яны таксама прымаца­ваны дзесьці там уверсе. Томі Менсуорт (Мензі) — вучань на шахце. Рэй Коўі (Монд) — электрык. Стывен Форстэн — будаўнік–укладчык. Стыкс — рабочы мясцовай булачнай. Супер–людзі. Супер– здольнасці. Такім людзям з такімі здольнасцямі сорамна адмоўчвацца, такія людзі з такімі здольнасцямі павінны крычаць. А цяпер, мой дарагі чытач, закрый часопіс і паўтары сто восем разоў: «Шкада, што я не такі, шкада, што ў мяне няма ніякай магчымасці зрабіць хоць нешта, стаць хоць некім, няма ніякай магчымасці».

Людзі любяць антыўтопіі. Людзі заўсёды зна­ходзяць вінаватых. Цэлую сістэму вінаватых, супраць якіх нічога не зробіш. Гэтыя вінаватыя паўсюль. Яны кантралююць кожнага. Яны кра­дуць шкарпэткі, каб заставаліся толькі няпар­ныя. Яны завязваюць вузламі слухаўкі ў кішэні. Яны прымушаюць жыць так, як ты ніколі б не жыў па сваім жаданні. Яны паўсюль. Яны прымусілі цябе, дырэктара школы, адправіць у звычайны дзень вучняў дзясятага і адзінаццатага класаў у калгас капаць бульбу. Гэта сістэма. Супраць яе ты не выступіш. Табе сказалі — ты выканаў. А быў подпіс? А пячатка? Але ж мы самі ўсё разумеем. Гэ­тыя хітрыкі. Гэтае агульна вядомае «дабравольна– прынудзіцельна». Усе ведаем, усё разумеем, але вучаніцы разбілі каменем галаву на калгасным полі, калі, згодна з подпісамі і пячаткамі, у яе ўрок гісторыі. Гэта ж яны вінаватыя? Сістэма. І дзеці.

І бацькі. І ўсе, хто не разумее: ты не мог інакш. Ты не герой. Героі бываюць толькі ў фільмах і кніжках. А гэта жыццё.

Мясцовая паліцыя (і не толькі мясцовая) ста­ранна ўстаўляла палкі ў колы маладым панкам, прэсавала загадчыкаў клубаў і іншых пляцовак, дзе ненавісны гурт мог выступіць, прэсавала і саміх удзельнікаў гурта. Урэшце «Angelic upstarts» выпусцілі першы альбом і, па сутнасці, сталі адным з заснавальнікаў музычнага накірунку «oi!». Выпусцілі і сталі. Спадзяюся, усім зразумела, што гэтыя словы з нейкага фэнтэзійна–фантастыч­на–казачнага лексікону і не маюць ніякага дачы­нення да нашай рэальнай рэальнасці.

Людзі любяць антыўтопіі. Людзі заўсёды зна­ходзяць вінаватых. «Кто ішчэт, тот всегда найдзёт». А яны «ішчут» і таму «находзят». Пошук чу­жых вінаватых — гэта адзіная здольнасць, навык, талент, які людзі развіваюць у сабе ўсё жыццё, даводзяць да аўтаматызму, да ўзроўню інстынкту. Штосьці пайшло не так? Гэта яны вінаватыя. Гэта ваша віна! Ты мне не сказала, што трэба ўзяць парасон! А ты вечна ўсім незадаволены ходзіш! А ты што мне тут, я табе ўсё, а ты! А гэтыя зноў усё тое ж і тое! А тыя тыя тыя, паглядзі на іх! Сістэмны аўтаматызм. Бо гэта вы — сістэма. Гэта вы — стваральнікі сваёй антыўтопіі.

Раскажу пра адну з найбольш яркіх перамог «Angelic upstarts». У іх атрымалася даць канцэрт у турме. Уявіце сабе: даць у турме нефармаль­ны, антыкарупцыйны, антымілітарысцкі і ўвогуле «анты» канцэрт. У той час, калі столькі сіл кладзецца на тое, каб увогуле задушыць і ўвесь гурт, і кожнага ўдзельніка паасобку. Кажуць, тут ад­былася недарэчная памылка і запрасіў іх мясцо­вы капелан, які нават не ўяўляў, што робіць. Яму спадабалася назва, і ён паверыў, што з такой назвай не можа быць нічога кепскага. То кепскага, мабыць, і не было. Скажу чэсна: кепска — гэта па­няцце адноснае.

Ці змог бы хоць хто зараз у нас напісаць утопію? Не псеўдарэлігійны цыкл адстойнай літаратуры, а сапраўдную ўтопію. Дзе сістэма — гэта сінонім слову «гармонія». Дзе не патрэб­ныя героі, бо кожны свядомы чалавек — герой. Дзе няма вінаватых…

У маёй кішэні слухаўкі ніколі не заблытваюцца ў вузлы.

Дзмітрый ШУЛЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».