Вы тут

Што робяць на Вайсковых могілках?


У Мінску прыступілі да добраўпарадкавання Вайсковых могілак. Якія работы і навошта праводзяць на адным з найстарэйшых некропаляў сталіцы, расказалі спецыялісты.


Па словах галоўнага архітэктара праектаў УП «Мінскпраект» Мікалая ДЗЯТКО, рыхтуюцца матэрыялы па рэканструкцыі могілак, яны будуць накіраваныя ў камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, Міністэрства культуры, у спецкамбінат КБА, УКБ Савецкага раёна, якое выступіць заказчыкам па праекце.

«Мяркуецца частковая мемарыялізацыя ўсяго комплексу, замена агароджы і ўваходных варот. Каваныя рашоткі, уваходная група будуць мець дэкаратыўныя элементы (скульптуры, барэльефы) ваеннай тэматыкі. Таксама гаворка ідзе пра ўладкаванне дадатковых пешаходных дарожак», — цытуе БелТА Мікалая Дзятко.

На могілках знаходзяцца пахаванні як перыяду Руска-турэцкай вайны XІX стагоддзя, так і часоў Першай сусветнай, Вялікай Айчыннай войнаў. Тут знайшлі супакой многія дзеячы навукі, літаратуры, мастацтва, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы краіны, у тым ліку класікі беларускай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас.

«Усе гэтыя перыяды знайшлі адлюстраванне ў канцэпцыі рэканструкцыі могілак. Разлічваем устанавіць малыя архітэктурныя формы з тлумачэннямі па розных групах пахаванняў. Дадаткова з'явяцца праходы да магіл з боку вуліцы Міхайлава, мяркуецца пашырэнне існуючай дарожкі ад вуліцы Казлова да храма Аляксандра Неўскага, замена брукаванкі на гранітныя пліты, устаноўка лавак, новых ліхтароў. Таксама прадугледжана арганізацыя падсвятлення храма, помнікаў салдату, Якубу Коласу і Янку Купалу, арганізацыя дадатковага ўвахода з боку вуліцы Чырваназорнай», — растлумачыў Мікалай Дзятко.

Вялікая ўвага ўдзелена вызваленню тэрыторыі ад насаджэнняў, якія ўяўляюць небяспеку, уздоўж дарожак будуць высаджаны кусты і кветкі. «Пакуль мы вызначылі толькі вобразнае рашэнне. Патрабуецца ўзгадненне перадпраектных прапаноў з зацікаўленымі ведамствамі, перш за ўсё з Міністэрствам культуры», — сказаў Мікалай Дзятко.

У цяперашні час прынята рашэнне аб добраўпарадкаванні тэрыторыі. Прадстаўнік храма Аляксандра Неўскага протаіерэй Дзімітрый ХАРОШКА адзначыў, што да гэтага каля трох гадоў вялася падрыхтоўчая работа. На магілах была размешчана інфармацыя з просьбай да сваякоў прывесці ў парадак пахаванні. «Могілкі, без усякага сумнення, з'яўляюцца часткай гісторыі горада. Мы ўдзячныя дзяржаве, Мінгарвыканкаму, што звернута ўвага на гэтыя пахаванні. У свой час яшчэ сын Якуба Коласа Даніла звяртаў увагу на недагледжанасць могілак, на адсутнасць агароджы. Яшчэ тады біў трывогу, каб гэткае ўнікальнае месца захаваць для будучых пакаленняў», — адзначыў ён.

Пры гэтым Дзмітрый Харошка дадаў, што па пытаннях выканання работ ідзе пастаянны дыялог з работнікамі спецкамбіната, на абслугоўванні якога знаходзяцца пахаванні. «Работы вядуцца ў адпаведнасці з дазволам Міністэрства культуры. Да 60-годдзя Вялікай Перамогі некаторая частка Ваенных могілак ужо рэканструявана і рэстаўравана. Важна, каб мы памяталі мінулае. Унікальныя надмагільныя збудаванні, вядома, будуць захаваны. Некаторыя занепакоены, што зразаюцца агароджы. На жаль, яны ў большасці выпадкаў аварыйныя і ўяўляюць пагрозу для людзей», — падкрэсліў Дзімітрый Харошка.

Як адзначыў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце спецкамбіната КБА Сяргей ТУР, добраўпарадкаванне заключаецца ў дэмантажы старых надмагільных збудаванняў, старых агароджаў, крыжоў. Тры гады таму спецкамбінат КБА праводзіў інвентарызацыю, каб удакладніць пахаванні, за якімі няма каму даглядаць. На іх месцы ўсталююць знакі-падгалоўнікі адзінага ўзору. Калі на старым надмагіллі былі прозвішча, імя і імя па бацьку, яны будуць выгравіраваны на ідэнтыфікацыйным знаку.

«Па новым законе аб пахаванні і пахавальнай справе, які ўступіў у сілу з ліпеня 2015 года, спецыялізаваная арганізацыя пры неабходнасці, але не радзей за адзін раз на два гады, камісійна праводзіць інвентарызацыю месцаў пахавання, якія знаходзяцца на абслугоўванні. На Вайсковых могілках з амаль 8 тысяч пахаванняў 3 тысячы 882 аказаліся закінутымі. Мы ў першую чаргу звярталі ўвагу на надмагіллі, ступень разбурэння якіх выключае рамонт або аднаўленне», — растлумачыў Сяргей Тур.

Супрацоўнікі камбіната, калі знаходзілі кантакты, папярэджвалі сваякоў па тэлефоне або па пошце аб неабходнасці прывесці ў парадак магілы.

«Праз два гады пасля пачатку інвентарызацыі, як запісана ў законе, спецарганізацыя мае права ўтылізаваць і дэмантаваць надмагільныя збудаванні, добраўпарадкаваць месца пахавання. За гэты час мы ўзгаднілі праект ідэнтыфікацыйнага знака, які павінен усталёўвацца на месца пахавання. Ён узгоднены з міністэрствамі культуры, архітэктуры і будаўніцтва , Мінгарвыканкамам. Сёлета прынята рашэнне аб добраўпарадкаванні тэрыторыі, яе пачалі з 4 чэрвеня», — сказаў ён.

Работа будзе праводзіцца да канца года. Таксама камісія, у склад якой уключаны прадстаўнікі адміністрацыі Савецкага раёна, Мінгарвыканкама, праверыла стан зялёных насаджэнняў. Дрэвы, якія знаходзяцца ў аварыйным стане, выдаленыя.

Каментары

Наши контакты должны быть, т. к. мы подзахоранивали урну с прахом тети в 1993 году. Могилы (похоронены: дедушка в 1936г., тетя в 1943 г., подзахоронение в 1993 г.) мы посещали и ухаживали за ними. НО НИКТО НАМ НЕ ЗВОНИЛ И НЕ ПИСАЛ!!! А ОГРАДЫ НЕ СТАЛО.
Наши контакты должны быть, т. к. мы подзахоранивали урну с прахом тети в 1993 году. Могилы (похоронены: дедушка в 1936г., тетя в 1943 г., подзахоронение в 1993 г.) мы посещали и ухаживали за ними. НО НИКТО НАМ НЕ ЗВОНИЛ И НЕ ПИСАЛ!!! А ОГРАДЫ НЕ СТАЛО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».