Вы тут

Прыемна не толькі працаваць, але і быць пенсіянерам*


Умовам працы, быту, адпачынку на Жодзінскай цеплаэлектрацэнтралі можна толькі пазайздросціць.


Філіял Жодзінскай цеплаэлектрацэнтралі сярод аналагічных прадпрыемстваў Мінскай вобласці ў сістэме рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электраэнергетыкі «Мінскэнерга» па выніках спаборніцтва штогод становіцца лідарам. Сёлета за першы квартал таксама не ўступілі першынства, атрымалі прэмію. «Але для калектыву важны не толькі матэрыяльны бок пытання, але і маральны аспект, — лічыць дырэктар Аляксандр Мыцько. — Прадпрыемства нармальна функцыянуе, людзі нядрэнна зарабляюць — сярэдняя зарплата большая за тысячу рублёў. У прынцыпе няма цякучасці кадраў, работнікі трымаюцца свайго месца.

ЦЭЦ калісьці будавалася для патрэб БелАЗа, швейна-трыкатажнай фабрыкі «Світанак», якія не толькі спажывалі электраэнергію, але і цяпло ў выглядзе пары і гарачай вады. На сённяшні дзень тэхналогіі змяніліся. Таму электрастанцыя мае запасныя цеплавыя магутнасці для горада.

— У нас распрацавана праграма па выкарыстанні мясцовых відаў паліва, устаноўлены кацёл па замяшчэнні газа іншымі рэсурсамі: драўнянымі шчэпкамі, здробненым торфабрыкетам, якія пастаўляюць лясгас, прадпрыемствы дрэваапрацоўкі. Гэта атрымліваецца нашмат танней. Напрыклад, за 2017 год за кошт замяшчэння газу сэканомілі 4882,3 тысячы рублёў. У сістэме Міністэрства энергетыкі доля нашага прадпрыемства па выкарыстанні мясцовых відаў паліва на ўзроўні 20—23 %. У Барысаве пабудавалі новую сучасную электрастанцыю, якая адпавядае еўрапейскім узорам. У планах інвестыцыйны праект — рэканструкцыя падстанцыі на 110 кВ, — дзеліцца планамі дырэктар.

Сэрца цеплаэлектрацэнтралі — цэнтральны шчыт кіравання. На маніторы камп'ютараў паступае ўся інфармацыя па рабоце цепласетак горада, у тым ліку і з Барысава. Пасля чаго даныя аналізуюцца і перадаюцца ў цэнтральную дыспетчарскую службу ў Мінск.

— Нашым кіраўніцтвам і гарвыканкамам зацверджаныя графікі рэжыму работы цепласетак. У ацяпляльны перыяд (у залежнасці ад тэмпературы вонкавага паветра) мы грэем ваду ў адпаведнасці з гэтым графікам, кантралюем, якой павінна быць тэмпература вады на выхадзе, колькі яе павінна вярнуцца назад і на якую колькасць трэба падсілкаваць сістэму. Калі расход вады павялічваецца, то шукаем прычыну. Магчыма, дзесьці адбыўся разрыў трубаправода, і тады на месца выязджае аварыйная брыгада, каб ліквідаваць непаладку. Пры неабходнасці, калі на вуліцы цёпла, нейкае абсталяванне адключаем наогул, іншае працуе не на поўную магутнасць, — расказаў начальнік змены электрастанцыі Дзяніс Новікаў.

Дырэктар ЦЭЦ Аляксандр Мыцько.

Вахта на цэнтральным шчыце кіравання працягваецца 12 гадзін. Галоўны тут — начальнік змены электрастанцыі, як яго жартам называюць, начны дырэктар. Ноччу на прадпрыемстве нясуць вахту 25 чалавек: машыністы катлоў і турбін, электрыкі, хімікі, прыбарысты, інжынеры па аўтаматызаваных сістэмах кіравання тэхналагічнымі працэсамі.

Ірына Красоўская, начальнік хімічнага цэха: «Гэта самастойнае структурнае падраздзяленне Жодзінскай ЦЭЦ. Асноўная наша задача — папаўненне пары і кандэнсату ў тракце і апрацоўка вады для падсілкоўкі цепласетак і катлоў. Вада, што цыркулюе ў сетцы для ацяплення, павінна быць адпаведнай якасці. У адваротным выпадку абсталяванне, што ўдзельнічае ў працэсе, дачасна прыйдзе ў непрыдатнасць».

Падсілкоўка — гэта не проста вада. Яе спецыяльна рыхтуюць, апрацоўваюць хімічнымі саставамі, каб трубы не ржавелі і не было адкладанняў.

У 2017 годзе на абслугоўванне Жодзінскай ЦЭЦ з сістэмы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі перададзены ўсе цеплавыя сеткі горада. Каб прывесці іх у належны стан, неабходныя вялікія ўкладанні. Сёння ўжо рыхтуюцца праекты. Нешта прадпрыемства робіць сваімі сіламі, прыцягвае таксама падрадныя арганізацыі. «Мы павінны не толькі выпрацаваць цяпло, але і падвесці яго да кожнага дома», — кажа кіраўнік.

Намеснiк дырэктара ЦЭЦ Юрый Рудкоў.

Ладзяцца на прадпрыемстве не толькі вытворчыя справы, але і спартыўныя.

— Наша каманда пастаянна ўдзельнічае ў гарадской спартакіядзе, сёлета занялі першае месца ў групе В да 500 чалавек. Мы пастаянныя ўдзельнікі рэспубліканскай спартакіяды кіраўнічых работнікаў энергетыкі ў складзе каманды «Мінскэнерга», у 2015 годзе сталі першымі ў трохбор'і і плаванні, — дзеліцца намеснік дырэктара філіяла Юрый Рудкоў.

Ды і сам Юрый Ігаравіч добры спартсмен, у спаборніцтвах розных узроўняў паказвае выдатныя вынікі. Загартаваны фізічна і маральна.

На прадпрыемстве разумеюць, што для работнікаў неабходна ствараць добрыя ўмовы працы, быту, адпачынку. Толькі ў гэтым выпадку можна патрабаваць аддачу. На вытворчасці ўладкавалі душавыя, пакоі прыёму ежы, раздзявалкі. Шмат увагі тут удзяляюць сацыяльнай сферы.

На пульце кiравання ЦЭЦ.

У інтэрнаце калідорнага тыпу 1951 года пабудовы зрабілі выдатны рамонт. Акрамя таго, другі сучасны будынак інтэрната перапланавалі пад дом кватэрнага тыпу. Усе, хто мае патрэбу ў жыллі, забяспечваюцца жылой плошчай, у крайнім выпадку месцам.

У медыцынскім пункце работнікі могуць атрымаць меддапамогу, неабходнае лячэнне, зрабіць прышчэпку. Гэта вельмі зручна, паколькі не трэба звяртацца ў гарадскую паліклініку па кожнай драбязе. Фельчар Таццяна Трыпуцень сцвярджае, што пункт забяспечаны ў дастатковай колькасці медыкаментамі. Ды і ў саміх цэхах шмат аптэчак, танометраў. Акрамя таго, Таццяна Іванаўна штодзень праводзіць медагляд 30 кіроўцаў перад выездам у рэйс, займаецца падрыхтоўкай санітарнай дружыны.

Таццяна Амяльчук — стаматолаг. Для лячэння зубоў у медпункце абсталяваны спецыяльны кабінет. Лячэнне платнае, прэйскурант цэн распрацоўвае «Мінскэнерга». Яны адзіныя як для работнікаў ЦЭЦ, так і для гараджан. Цэны цалкам даступныя, меншыя, чым у іншых месцах. Дарэчы, медустанова самаакупная.

На прадпрыемстве прыемна не толькі працаваць, але і быць пенсіянерам. Тут адной з першых у горадзе зарэгістравалі ветэранскую арганізацыю, дзе налічваецца 180 чалавек. Для пенсіянераў ладзяць разнастайныя экскурсіі, паездкі. Напрыклад, паказалі новую вытворчасць — Барысаўскую ЦЭЦ, звазілі ў музей Вялікай Айчыннай вайны.

Начальнiк змены Дзянiс Новiкаў i дзяжурны электраманцёр Раман Хамянок.

Тыя ветэраны-пенсіянеры, што нідзе не працуюць, атрымліваюць штомесячную выплату. Фінансавую дапамогу да свят даюць тым, хто адпрацаваў на прадпрыемстве 10 і больш гадоў і пайшоў адсюль на заслужаны адпачынак. Даплаты прадугледжаны за дзяржаўныя ўзнагароды, падзякі і граматы Міністэрства энергетыкі.

Значную культурна-масавую работу вядзе прафсаюзная арганізацыя. Ганарацца на ЦЭЦ і пярвічнай арганізацыяй Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Клопатам, уплывам ахоплены ўсе ўзроставыя катэгорыі, у тым ліку і дзеці. За пуцёўкі ў летні аздараўленчы лагер бацькам, якія маюць адно дзіця, даплачваюць 15 % ад іх кошту. Бацькі, якія выхоўваюць дваіх дзяцей, атрымліваюць кампенсацыю на аднаго 15 %, другому пуцёўка выдзяляецца бясплатна. Дзецям з няпоўных, шматдзетных сем'яў кошт пуцёўкі цалкам кампенсуецца.

Прыемна, што на прадпрыемстве захавалі сталовую. Загадчыца Ганна Марчанка рада кожнаму наведвальніку.

— Зала разлічана на 44 пасадачныя месцы, харчуецца тут штодзень 100—120 чалавек, — расказвае Ганна Васілеўна. — Кошт абедаў ад 3 да 4 рублёў у залежнасці ад таго, што чалавек заказвае. У меню 8-9 найменняў салатаў, другіх страў, нават прысутнічаюць дыетычныя. Разлічваем кліентаў па наяўным, безнаяўным разліках, па ведамасці ў кошт зарплаты.

Начальнік хiмiчнага цэха Iрына Красоўская i яе намеснiк Юлiя Каравай.

Дадам, што тэрыторыя ЦЭЦ добраўпарадкаваная, разбітыя кветнікі з рознымі кампазіцыямі. Нядаўна тут аб'явілі конкурс на самае лепшае афармленне клумбы сярод цэхаў. Ну і, вядома, кожны імкнуўся перамагчы, для чаго прыклаў шмат фантазіі і выдумкі.

Асабліва даспадобы работнікам месца каля фантана з зонай адпачынку. Тут устаноўлены лаўкі, вырабленыя ў сваёй сталярні, высаджаны дэкаратыўныя кусты, дрэвы, кветкі.

«І фарбуем аб'екты, і падмятаем, і ўпрыгожваем тэрыторыю сваімі рукамі. Усё гэта робіцца не дзеля птушачкі, а для нас саміх. І людзі з разуменнем ставяцца да гэтага. Няма такога, каб хтосьці выказаў незадаволенасць, што ўладкоўваўся не для таго, каб займацца іншай справай, — сцвярджае дырэктар.

УНП 100071593

*На правах рэкламы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».