Вы тут

Найчысцейшая вада з сэрца зямлі*


Cімвал КУП «Жодзінскі водаканал» — тры кроплі, замкнёныя ў кола. Сіняя абазначае ваду, чырвоная — каналізацыю, зялёная — сувязь з прыродай, а ўсе разам яны сімвалізуюць кругаварот вады ў прыродзе. Прыгожая эмблема толькі падкрэслівае значнасць задач, якія даводзіцца вырашаць прадпрыемству вось ужо практычна 30 гадоў. Пабываўшы тут, пачынаеш як ніколі востра адчуваць, што вада — гэта жыццё!


Сацыяльны эксперымент: дыстанцыйныя лічыльнікі

Юбілей з дня свайго заснавання прадпрыемства адзначыць 1 верасня. Гэтая дата значная і асабіста для дырэктара КУП «Жодзінскі водаканал» Георгія ЧАРАДНІКА, бо ён нязменна ўзначальвае яго ўвесь гэты перыяд. Пры непасрэдным удзеле кіраўніка адбылося станаўленне і развіццё водаканала. Спачатку, каб не набіваць уласных шышак, аб'ездзілі ўсю рэспубліку і блізкае замежжа — павучыцца ў больш дасведчаных калег. Цесна супрацоўнічаць з іншымі прадпрыемствамі працягваюць і зараз, але ўсё часцей у ролі экспертаў.

Дарэчы, прадпрыемства было створана не на пустым месцы: яно было выдзелена са структуры БелАЗа, пазней свае ўчасткі перадалі новай структуры і іншыя фабрыкі і заводы маладога горада. Зараз Жодзінскі водаканал абслугоўвае больш за 400 арганізацый, а таксама ўвесь жылы фонд. Горад расце, а значыць, расце і попыт на камунальныя паслугі. Калі ў самым пачатку на прадпрыемстве працавала 107 чалавек, то цяпер іх ужо 215. І, як прызнаецца дырэктар, нягледзячы на ўсе сучасныя тэхналогіі, менавіта вопытныя спецыялісты і згуртаваны калектыў — залог паспяховай работы.

Дырэктар КУП «Жодзінскі водаканал» Георгій ЧарАднік некалькі гадоў таму атрымаў званне «Чалавек года Міншчыны».

Цяпер у КУП «Жодзінскі водаканал» дзве асноўныя мэты — эканомія энергарэсурсаў і вады. Калі водаправодны ўчастак ужо на 85—90 % мадэрнізавалі, то на каналізацыйным праца толькі пачынаецца — замяняюцца помпы і іншае абсталяванне, каб насычэнне кіслародам сцёкавых вод было менш энергаёмістым. Што датычыцца эканоміі вады, то ўсе сілы кінутыя на тое, каб працягвала зніжацца колькасць працёкаў у трубаправодзе. Але, як запэўнівае дырэктар, у горадзе і зараз добра ведаюць, што супрацоўнікі водаканала да сваіх абавязкаў падыходзяць з максімальнай адказнасцю: ніколі не спыняць работу, пакуль усе непаладкі цалкам не будуць ліквідаваны.

Яшчэ адзін важны напрамак работы прадпрыемства, якому ў апошнія гады аддаецца асаблівая ўвага — устаноўка і паверка лічыльнікаў вады. Зараз імі забяспечаны практычна ўвесь горад. Але планы ў прадпрыемства яшчэ больш амбіцыйныя: у будучыні здымаць паказанні лічыльнікаў дыстанцыйна. Так, у мінулым годзе водаканал забяспечыў такімі прыборамі 36-кватэрны пад'езд. Розніца ў кошце паміж лічыльнікамі нязначная, затое перавагі аўтаматычнага відавочныя: ён больш дакладны, абсалютна ніяк нельга паўплываць на яго паказанні. Акрамя таго, калі ўвесці іх масава, можна істотна сэканоміць працоўныя рэсурсы. Адзінае, што пакуль спыняе шырокамаштабнасць гэтага праекта, — недасканаласць заканадаўчай базы.

Звычка быць найлепшымі

Намеснік дырэктара Святаслаў ЛЕМЦЮГОЎ і вядучы эканаміст Наталля ПАШКОВА.

Па выніках працы за мінулы год КУП «Жодзінскі водаканал» прызнана найлепшай арганізацыяй горада ў сферы сувязі, бытавога абслугоўвання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і транспарту. Гэтая ўзнагарода — не асаблівая веха ў гісторыі прадпрыемства, а, хутчэй, доказ эфектыўнасці яго штодзённай працы. Бо высокую ацэнку яно атрымлівае кожны год.

Па словах намесніка дырэктара Святаслава ЛЕМЦЮГОВА, зараз у Жодзіне засталося толькі дзве водаразборныя калонкі, уся астатняя тэрыторыя горада абсталявана цэнтральным водаправодам. Калі некалькі гадоў таму насельніцтва зніжала аб'ёмы спажывання з-за таго, што тарыфы паступова раслі, то цяпер, дзякуючы масаваму ўсталяванню лічыльнікаў уліку вады, удалося дасягнуць аптымальнай канстанты. Тым больш што для забеспячэння добрай якасці вады робіцца ўсё магчымае. Так, напрыклад, два разы на год па ўзгадненні з гарадскімі ўладамі ажыццяўляецца поўнае прамыванне трубаправода, каб праходжанне праз водаправод ніяк не адбівалася на высокім узроўні якасці жодзінскай вады.

— Цяпер мы ставім для сябе задачы забяспечыць няспынны рост заработнай платы, пазбегнуць цякучасці кадраў сярод супрацоўнікаў, стварыць для іх камфортныя ўмовы работы. Гэта, безумоўна, стымулюе на яшчэ больш высокую прадукцыйнасць. І вынікі ёсць: прадпрыемства цалкам укамплектавана спецыялістамі, а сярод арганізацый ЖКГ Мінскай вобласці ў КУП «Жодзінскі водаканал» самы высокі ўзровень заработнай платы, — адзначыла вядучы эканаміст Наталля ПАШКОВА.

Аб'ядноўвае калег не толькі адзіная справа, але і агульныя захапленні. Адно з іх — спорт. З апошняй Спартакіяды Мінскай вобласці па лініі ЖКГ супрацоўнікі водаканала з 26 каманд занялі першае месца. Наогул, ва ўсіх спаборніцтвах, у якіх удзельнічаюць работнікі Жодзінскага водаканала, яны займаюць прызавыя месцы — такі негалосны дэвіз прадпрыемства. І гэта працуе: калекцыя кубкаў і медалёў не меншая, чым у прафесійных спартсменаў.

Галоўны бухгалтар Вольга Лях рыхтуе справаздачную дакументацыю.

Не забываюць на прадпрыемстве і аб дапамозе тым, каму яна патрэбна. КУП «Жодзінскі водаканал» займаецца мецэнацкай дзейнасцю: прадпрыемства аказала істотную дапамогу ва ўзвядзенні дзвюх цэркваў і касцёла. Акрамя таго, менавіта водаканал стаў ініцыятарам з'яўлення скульптурнай кампазіцыі «Сэрца» ў гарадскім парку, якая ўжо стала неад'емным атрыбутам усіх вясельных фотасесій. А год таму побач з офісным будынкам самога прадпрыемства з'явіўся незвычайны фантан, які ўжо паспеў стаць адной з візітных картак горада.

«Без мадэрнізацыі жыццё спыняецца»

Не менш важнай задачай, чым забяспячэнне ўсяго горада чыстай вадой, з'яўляецца і ачышчэнне гарадскіх сцёкаў. На ачышчальных працуе каля 40 чалавек, прычым, як і на водазаборы, праца тут вядзецца кругласутачна ўвесь тыдзень. Па словах інжынера-тэхнолага Ліліі ЗЫЛЬ, спачатку вада каля чатырох гадзін насычаецца кіслародам. Раней выкарыстоўвалася механічная эксперыментальная ачыстка, цяпер — біялагічная, з дапамогай мікраарганізмаў. Дзеля паляпшэння паказчыкаў прымяняюцца новыя віды фільтраў. Жанчына падкрэслівае, што прадпрыемства ва ўсім імкнецца ісці ў нагу з часам, бо без мадэрнізацыі жыццё спыняецца. Кожную гадзіну інжынер-тэхнолаг правярае ваду спецыяльным прыборам — кіслародамерам. Калі яго ўзровень дасягае неабходнай адзнакі, вада трапляе ў буферныя біясажалкі, там праходзіць тры каскады, дзе канчаткова чысціцца. Далей яна паступае ў раку Рову, адкуль ужо ў Бярэзіну.

Электрык Віктар Шлома, брыгадзір слесараў-рамонтнікаў Мікалай Гапановіч,  зваршчык Аляксандр Мыслявец і інжынер-тэхнолаг Лілія Зыль на ачышчальных збудаваннях.

Спякота — даволі складаны час для такіх работ: кісларод горш раствараецца ў вадзе, але спецыялісты робяць усё магчымае, каб на якасці гэта ніяк не адбівалася. Жодзінскія ачышчальныя збудаванні ў прынцыпе адны з найлепшых у гэтай мясцовасці, параўнацца з імі могуць хіба што Барысаўскія. Штодзень тут апрацоўваецца каля 20 тысяч кубаметраў вады, але магутнасці дазваляюць апрацоўваць і 30 тысяч.

Яшчэ адзін значны аб'ект у структуры КУП «Жодзінскі водаканал» — рамонтна-эксплуатацыйны ўчастак. Менавіта тут часцей за ўсё праходзяць працоўныя планёркі. Калі 30 гадоў таму прадпрыемства пачынала з сямі адзінак тэхнікі, то цяпер іх ужо каля шасці дзясяткаў: ад экскаватараў і самазвалаў да каналапрамывачнай машыны, якая да гэтага часу нават у вобласці сустракаецца досыць рэдка. Акрамя непасрэднага абслугоўвання задач водаканала, спецыяльная тэхніка выкарыстоўваецца і для вырашэння задач насельніцтва па заяўным прынцыпе на камерцыйнай аснове. Так, у прадпрыемства, напрыклад, ёсць чатыры спецыяльныя машыны для вывазу вадкіх сцёкаў.

Начальнік рамонтна-эксплуатацыйнага ўчастка Генадзь Забаўскі абмяркоўвае з аўтаслесарам Паўлам Бусько і кіроўцам пагрузчыка Аляксандрам Пархоменкам бягучы рамонт аўтатранспарту.

Як паведаміў начальнік рамонтна-эксплуатацыйнага ўчастка Генадзь ЗАБАЎСКІ, на тэрыторыі ўчастка можна адпачыць і заняцца спортам: ёсць выдатная спартыўная зала, свой більярд. Супрацоўнікі нярэдка імі карыстаюцца пасля работы, каб аднавіць сілы. Дарэчы, на будынку рамонтна-эксплуатацыйнага ўчастка некалькі гадоў таму таксама ўсталявалі сонечныя батарэі, энергія якіх ідзе на падагрэў вады.

Поўны кантроль з аднаго пункта

Падчас экскурсіі па аб'ектах прадпрыемства накіроўваемся ў святая святых — водазабор «Паўночны», які забяспечвае чыстай водаправоднай вадой усё Жодзіна. Ён знаходзіцца на адлегласці ад горада ў лесе, па перыметры якога раскідана 25 свідравін глыбінёй каля 100 метраў. Усе яны герметычна зачыненыя, а сама тэрыторыя старанна ахоўваецца.

Ужо восем гадоў Жодзінскі вадаканал буціліруе пітную ваду. На лініі разліву працуюць Таццяна, Ганна і Арцём ЛЕАНОВІЧЫ.

Назіраць за тым, што адбываецца на кожнай са свідравін, можна дыстанцыйна. Акрамя таго, аўтаматызацыя дае своечасова кантраляваць уключэнне абсталявання і падачу вады. Вопытныя спецыялісты ўспамінаюць, што раней, каб адключыць свідравіну, дзяжурны садзіўся ў спецыяльную тэхніку пад назвай «мурашка» і спускаўся ўнутр. Цяпер жа гэта можна зрабіць седзячы ва ўтульным кабінеце. Адтуль жа можна назіраць, які ўзровень вады і тэмпература ў кожнай са свідравін, колькі з іх працуе, у якім рэжыме, ці ёсць страты. Акрамя гэтага, можна ўбачыць і што адбываецца на ППС — павышальных помпавых станцыях. Усяго іх у горадзе 22, і патрэбныя яны для таго, каб падымаць ваду ў будынкі вышэй за пяты паверх. На любы збой спецыялісты рэагуюць у лічаныя хвіліны. Па справядлівасці можна сцвярджаць, што сістэма знаходзіцца пад поўным кантролем.

Як расказаў майстар водазабора «Паўночны» Дзмітрый КРАСНЯКОЎ, штодня ў горад паступае каля 17 тысяч кубічных метраў вады. Пампуюць яе адначасова ў сярэднім з 8 свідравін, якія пастаянна чаргуюцца. Акрамя таго, на тэрыторыі водазабора знаходзіцца чатыры рэзервуары агульным аб'ёмам 9 тысяч кубоў — менавіта такі запас вады павінны быць, каб не здаралася перабояў у пікавыя гадзіны: раніцай, пасля 5-й вечара, у перадсвяточныя дні. У гэтыя рэзервуары вада спецыяльна запампоўваецца ноччу.

— Гораду Жодзіна вельмі пашанцавала з размяшчэннем. Вада з нетраў паступае ўжо адпаведная ўсім стандартам, яна не патрабуе дадатковай апрацоўкі, як у многіх іншых рэгіёнах. У нас смела можна піць ваду з-пад крана, — адзначае Дзмітрый Краснякоў.

Каб і надалей якасць вады адпавядала яе добрай славе, праводзіцца дасканалы кантроль яе складу. Лабараторыя знаходзіцца на самым водазаборы, акрамя таго, увесь час бяруцца пробы непасрэдна з-пад кранаў.

На дыспетчарскім пункце водазабора «Паўночны» цяпер маніторы паказваюць «самаадчуванне» любога ўчастка і работу яго абсталявання. За пультам — машыніст помпавых установак Генадзь КЛІМОВІЧ.

— Мы правяраем ваду больш чым па 30 паказчыках. Балазе, сучаснае абсталяванне дазваляе зрабіць гэта дакладна і досыць хутка. Большасць апаратаў злучаныя з камп'ютарам, таму вынік адразу выводзіцца на экран, — расказвае інжынер-лабарант Дзяніс ЛАЗЮТА. Маладога чалавека ведаюць на прадпрыемстве не толькі па добрай працы, але і дзякуючы шматлікім перамогам на шашачных і шахматных турнірах, на якіх ён прадстаўляе водаканал.

Тут жа на водазборы знаходзіцца і лінія разліву артэзіянскай вады. Вада, якая разліваецца ў бутэлькі, паступае з асобных свідравін.Да таго ж яе не закранае працягласць водаправода, таму яна захоўвае ўсе самыя лепшыя якасці. Выпускаецца пад дзвюма маркамі: «Жодзінская» — аб'ёмам 5 і 19 літраў — і Crysterna Sport — 0,5 і 0,75 літра. У сярэднім тут разліваюць 3-5 кубічных метраў вады ў суткі. Як расказаў тэхнолаг водаправоднага ўчастка Віктар ЛІТВІНЕНКА, асноўны заказчык — буйныя прадпрыемствы і ўстановы, прычым не толькі з Жодзіна, але і з Мінска, Смалявічаў, Барысава і іншых рэгіёнаў. Дарэчы, у прадпрыемства ёсць сертыфікат міжнароднага ўзору: сваю прадукцыю яно мае права прадаваць на тэрыторыі ўсяго Еўразійскага эканамічнага саюза.

На гэтым цікавыя рэчы на водазаборы на заканчваюцца. Клапоцяцца тут і аб экалогіі, і аб эканоміі энергарэсурсаў. Ужо каля 15 гадоў таму на даху аднаго з будынкаў тут усталявалі сонечныя батарэі. І, як прызнаюцца на прадпрыемстве, яны ўжо даўно сябе акупілі.

Дар'я КАСКО, Алена ДАЎЖАНОК

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

УНП 600038947

*На правах рэкламы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».