Вы тут

Некаторыя асаблівасці практыкі выдалення расліннасці


Аб праблемах, якія ўзнікаюць падчас навядзення парадку на зямлі, «МС» расказвае сваім чытачам рэгулярна. Сёння, у прыватнасці, засяродзім увагу на зрэзцы драўнінна-хмызняковай расліннасці.


Калі насамрэч перашкаджае...

На першы погляд, здавалася б, што можа быць прасцей, калі гэта трэба для добраўпарадкавання? Тым больш у Год малой радзімы?

Але старшыня Віцебскага раённага Савета дэпутатаў Віктар ДАРОЖКІН мае свой пункт гледжання.

— Каб зрэзаць непрыгожыя дрэвы і кусты — у выпадках, калі вышыня і першых, і другіх перавышае 130 сантыметраў, — трэба патраціць шмат часу на бюракратычную валакіту: запоўніць адпаведны дакумент наконт запланаванай зрэзкі, зрабіць фота, скласці карту з выявай, адправіць гэта ў прыродаахоўнае ведамства, потым атрымаць дазвол...

Кіраўнік райсавета расказаў і пра асаблівасці нацыянальнай практыкі выдалення драўнінна-хмызняковай расліннасці на прыдарожных тэрыторыях і землях сельскагаспадарчага прызначэння. За добраўпарадкаванне першых, адпаведна, адказваюць дарожнікі, другіх — сельскагаспадарчыя арганізацыі. Напрыклад, на полі расце дрэва, з-за якога сельскагаспадарчай тэхніцы даводзіцца манеўраваць, каб яго не зачапіць. Для зрэзкі такога дрэва пад корань, неабходна шмат узгадненняў. Дарэчы, у Віцебскім раёне быў сумны выпадак, калі нявопытны кіраўнік гаспадаркі, не ведаючы, што трэба аформіць адпаведныя паперы, аддаў уласнае распараджэнне. Гаспадарцы прыйшлося потым выплаціць штраф, патраціцца на кампенсацыйныя выплаты.

Сутыкненне інтарэсаў?

У нашай краіне, як і ў іншых, дзейнічаюць законы, якія былі прынятыя, каб абараніць навакольнае асяроддзе. У гэтым выпадку прымяняецца Закон «Аб раслінным свеце» (ад 14 чэрвеня 2003 года). Плюс мясцовыя ўлады павінны выконваць адпаведныя пункты пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 кастрычніка 2011 года № 1426. У апошняй ёсць палажэнне, якое рэгулюе ўмовы кампенсацыйных пасадак або кампенсацыйных выплат, калі кустоўе ці дрэва трэба зрэзаць. Сярод іншага там ёсць фармулёўкі, разабрацца ў якіх даволі цяжка. Пры гэтым трэба яшчэ і добра ведаць пароды і віды дрэў і кустоўя, паколькі ў адпаведным дадатку мае месца іх пералік. Разам з тым, неабходна яшчэ і даказаць, што вербы, алешына, бярозы і іншыя насамрэч не павінны расці на тым ці іншым кавалку зямлі. Па рашэнні райвыканкама робіцца пісьмовы запыт ва ўпаўнаважаную арганізацыю (у залежнасці ад месца вырастання). Заява разглядаецца на працягу трох каляндарных дзён. Потым выдаецца заключэнне ў дачыненні да аб'екта расліннага свету. Мясцовы выканаўчы орган арганізуе абмеркаванне з грамадскасцю. Трэба, каб людзі на сходзе большасцю галасоў пацвердзілі, што расліны аварыйныя, перашкаджаюць доступу да інжынерных камунікацый, добрай асветленасці...

На погляд старшыні Віцебскага райсавета, у гэтым пытанні заканадаўства адстае ад патрэб часу.

— Канешне, у Год малой радзімы вялікая ўвага ўдзяляецца і навядзенню парадку на зямлі. Але калі сутыкнуўся з рэаліямі — а я ўпершыню выбраны на пасаду — упэўніўся, што ёсць праблема, — разважае суразмоўнік. — У прыватнасці, не адзін тыдзень займае працэс афіцыйнага замацавання за сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі зямельных участкаў. А без такога дакумента фактычна нельга выдаліць нават кустоўе.

На думку Віктара Дарожкіна, не вельмі зацікаўлены ў добраўпарадкаванні прыдарожных палос самі дарожныя арганізацыі. Тым больш што паводле іх нарматываў, гэта трэба рабіць у выпадках, калі расліны і дрэвы перашкаджаюць бачыць знакі ды іншыя аб'екты на дарогах. Але ж гэта, калі задумацца, вельмі суб'ектыўнае стаўленне. Аднаму кіроўцу, можа, нешта і перашкаджае, другі — наадварот добра ўсё бачыць.

— Мясцовыя органы ўлады ў першую чаргу зацікаўленыя ў тым, каб паўсюдна, у тым ліку і па баках дарог, быў ідэальны парадак. Бачым, што дарогі зараслі кустоўем, якое трэба выдаляць, але вось няўдача — вадзіцелям яно не перашкаджае! Таму ўзнікае яўная супярэчнасць, — працягвае Віктар Дарожкін.

Погляд з дарогі

Старшыня запрасіў разам праехацца па дарогах, паказаў кустоўі і дрэвы, якія насамрэч (нават няўзброеным вокам відаць) трэба было даўно зрэзаць пад корань. Запытаў, ці бачу я, што за дрэвамі і кустоўем знаходзіцца вёска?.. Але каб убачыць яе, трэба было добра прыгледзецца...  Відавочна, што, калі спрасціць заканадаўства, можна літаральна «адкрыць» такія вёскі. Ёсць прыклад, калі ў выніку добраўпарадкавання адной з іх, дамы актыўна пачалі купляць дачнікі.

Старшыня Суражскага сельвыканкама Аляксандр Вялітчанка сказаў, што адна з вёсак раней лічылася знікаючай. Пасля таго як яе добраўпарадкавалі, атрымала новае жыццё. І цяпер там падчас дачнага сезона ў набытых дамах жывуць каля дваццаці сямей. Кіраўнік прадстаўнічай улады ўпэўнены, што ў пытанні добраўпарадкавання і, у прыватнасці, зрэзкі раслін трэба больш паўнамоцтваў даваць на месцах.

— Мы ж лепш тут ведаем: што неабходна выдаліць, а што павінна расці. Чаму трэба хадзіць па кабінетах, каб прыбраць нешта хоць бы ў населеных пунктах? І чаму дырэктар гаспадаркі не можа на месцы вырашыць гэтае пытанне? Усе работы ў населеным пункце — пракладка камунікацый, рыццё катлаванаў, іншае — робіцца з дазволу сельскага выканкама. Чаму тады нельга зрабіць аналагічнае і ў пытанні зрэзкі кустоў? Наспеў час абмеркавання гэтага пытання і ўнясення адпаведных змяненняў наконт зрэзкі раслін па заяўным прынцыпе ў заканадаўчую базу, — падзяліўся думкамі Аляксандр Вялітчанка.

Выказаў ён і такія аргументы. Напрыклад, чалавек хоча нарыхтаваць сабе дровы. Дзеля гэтага неабходна патраціць час на атрыманне дазволу. І ў лепшым выпадку яму дазволяць зрабіць нарыхтоўку на адлегласці некалькі кіламетраў ад дома.

— А ў ідэале можна было б нарыхтоўваць дровы самім, — дадаў старшыня, — з таго, што расце побач і не ўяўляе вялікай каштоўнасці з пункту гледжання экалогіі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.