Вы тут

Якія праблемы назіраюцца ў вытворчасці малака?


На пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў апынулася таксама тэма мадэрнізацыі і рэканструкцыі малочнатаварных фермаў і вынікаў дзейнасці малочнай жывёлагадоўлі. А паколькі тут сабраліся прадстаўнікі Брэстчыны і Гродзеншчыны, асноўны акцэнт быў зроблены менавіта на гэтыя рэгіёны.


Змены ў тройцы лідараў

Як паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігар БРЫЛО, сёння малочная жывёлагадоўля ў краіне з'яўляецца адной з асноўных і эфектыўных галін. У гаспадарках краіны летась вырабілі 6989,3 тысячы тон малака, што больш на 222,9 тысячы тон, чым у 2016 годзе. Ва ўсіх абласцях краіны (за выключэннем Віцебскай) павялічылася вытворчасць і рэалізацыя малака.

Гэта адбылося за кошт павелічэння прадукцыйнасці дойнага статку пры невялікім павелічэнні колькасці малочных кароў. І калі ў 2014 годзе паказчык прадукцыйнасці складаў 4508 кілаграмаў малака, то ў 2017-м упершыню ён перавысіў пяцітысячны рубеж і склаў 5005 кілаграмаў малака. Значны ўнёсак у гэта зрабілі флагманы аграрнай галіны — гаспадаркі Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Менавіта ў такой паслядоўнасці і размеркаваліся месцы ў рэйтынгавай табліцы па выніках 2017 года. Аднак ужо за чатыры месяцы на «малочным» алімпе адбыліся змены: Брэсцкі рэгіён утрымаў лідарства, а Гродзеншчына ўступіла другую прыступку Міншчыне.

У Ашмянскім і Астравецкім раёнах, дарэчы, дзе праходзіла пасяджэнне Савета, таксама адбылося зніжэнне ў адмысловым рэйтынгу. Астравецкі раён з леташняга 20-га месца (сярод 118 раёнаў) па выніках чатырох месяцаў 2018-га ўжо займае 25 месца, а Ашмянскі — з 74-га апусціўся на 82-е.

Як растлумачыў старшыня Ашмянскага райвыканкама Міраслаў САРАСЕК, галіна сельскай гаспадаркі займае каля 20 % у структуры валавой дабаўленай вартасці раёна. Дарэчы, з васьмі гаспадарак сем знаходзяцца ў працэдуры аздараўлення, пяць з якіх — у працэдуры санацыі.

— У дзвюх з пяці становішча палепшылася, у астатніх трох вядзецца дадатковая работа па пошуку стратэгічных інвестараў. Інтарэс з іх боку ёсць, а вось рэальных крокаў пакуль няма, — адзначыў кіраўнік раёна.

Між іншым, як падкрэсліў старшыня верхняй палаты парламента Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, па малочнай жывёлагадоўлі да раёна пытанняў хапае: напрыклад, ёсць цэлы шэраг мадэрнізаваных сучасных фермаў, дзе надоі ніжэй за агульнарэспубліканскі паказчык. Здаецца, пераводзім жывёлу на новыя комплексы, а аддачы не маем.

Правіла трох «К»

— Дзе малако? — задаў амаль рытарычнае пытанне старшыня Савета Рэспублікі.

Вядома, што ў каровы на языку... Таму нялішнім будзе нагадаць вядомае аграрыям правіла трох «К»: карова, кармы і кадры. Дык вось з гэтымі складнікамі поспеху ў раёне існуюць праблемы: не хапае спецыялістаў, якасных кармоў, таму і вынік ад кароўкі слабы — сёлета за чатыры месяцы толькі 28 % малака было рэалізавана класам экстра, прычым гэты паказчык ніжэйшы за леташні.

— Першапачатковая задача — накарміць жывёлу — сёння не вырашана: кармамі трэба займацца сістэмна, — акцэнтаваў увагу кіраўніцтва раёна старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр ПАПКОЎ.

Дарэчы, па інфармацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, для таго каб забяспечыць вытворчасць плануемых аб'ёмаў жывёлагадоўчай прадукцыі сёлета ў сельскагаспадарчых арганізацыях краіны, трэба нарыхтаваць травяных кармоў не менш за 9117 тысяч тон. Па даных на 14 чэрвеня, на адну ўмоўную галаву жывёлы было назапашана 4,9 цэнтнера кармавых адзінак, што на 2,1 цэнтнера вышэй, чым у адпаведны леташні перыяд.

Кластарны падыход

Невысокія надоі, безумоўна, не могуць не ўплываць на работу прадпрыемстваў перапрацоўкі. Па словах дырэктара Ашмянскага сыраробчага завода Івана ГІНЬКО, дэфіцыт сыравіны на цяперашні момант складае каля 20 %.

Як адзначыў Аляксандр Папкоў, аналізуючы работу аграрнага сектара, сёння перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі несістэмная. На яго думку, неабходна ствараць моцныя харчовыя кампаніі, бо менавіта цяпер трэба думаць, якім чынам фарміраваць эканоміку раёна.

Можа настаў момант для рэалізацыі кластарнага падыходу? Менавіта аб гэтым, згадваючы вопыт Узбекістана, расказаў Міхаіл Мясніковіч. Гаворка аб адмысловым аб'яднанні, у якім будуць у адзінай суполцы перапрацоўшчык, вытворца сыравіны і маркетолаг.

Напрыканцы адзначым, што Савет Рэспублікі адной з тэм выязнога пасяджэння невыпадкова абраў павышэнне эфектыўнасці малочнай жывёлагадоўлі на новых і мадэрнізаваных фермах краіны, бо ў хуткім часе сваё бачанне і прапановы Міхаіл Мясніковіч агучыць кіраўніку дзяржавы.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Куды пабегла малако?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.