Вы тут

Як захаваць экалогію і стварыць працоўныя месцы?


Прадпрымальнікі адзначаюць нізкую актыўнасць органаў мясцовага кіравання пры вырашэнні канфліктаў паміж грамадскасцю і інвестарамі.

Стварыць умовы для інвестара, пабудаваць прамысловую вытворчасць без шкоды для экалогіі і захаваць інтарэсы грамадскасці. У сталіцы прадстаўнікі дзяржорганаў, кіраўнікі асноўных бізнес-саюзаў, члены грамадскіх аб'яднанняў абмяркоўвалі, як захаваць баланс інтарэсаў грамадзян, інвестараў і дзяржавы і пры гэтым палепшыць інвестыцыйную прывабнасць краіны.


Баланс інтарэсаў

Па словах старшыні рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандра Швеца, бізнес-саюзы сыходзяцца ў меркаванні, што беларускае інвестыцыйнае заканадаўства прапрацавана на добрым узроўні. Разам з тым яно ўсё яшчэ патрабуе карэкціроўкі.

«Заканадаўства выкарыстоўваецца досыць актыўна. З недахопаў можна адзначыць пытанні правапрымяняльнай практыкі. Таксама, калі мы аналізуем тыя праблемы, з якім сутыкаюцца інвестары пры стварэнні сваіх праектаў, мы заўважаем, што змяняецца сітуацыя з фарміраваннем грамадскай думкі», — растлумачыў Аляксандр Швец.

Паводле ацэнак бізнес-саюзаў, грамадзян сёння істотна цікавіць экалагічная бяспека. Пры рэалізацыі інвестпраектаў беларусы часта глядзяць за тым, ці прывядзе яна да змены іх звыклага жыцця і да пагаршэння экалагічнай сітуацыі. Часам здараецца так, што грамадзяне не давяраюць інвестарам, нават нягледзячы на тое, што яны праходзяць усе неабходныя праверкі інстанцый.

Вядома, што ў Дэкрэце № 10 «Аб стварэнні дадатковых умоў для ажыццяўлення інвестыцый» прапісаны моманты, якія рэгулююць дзейнасць інвестара па забеспячэнні бяспекі здароўя грамадзян і экалогіі. Дзяржорганы папярэдне праводзяць ацэнку інвестпраекта і ў выпадку адпаведнасці ўзгодняць будаўніцтва.

«Далей інвестар ацэньвае рызыкі і прымае рашэнне ўкладваць сродкі ў нашу краіну. Як правіла, улічваюцца экалагічныя фактары і многае іншае, што можа стварыць нязручнасць для грамадзян. Аднак, здараецца так, што грамадскасць з-за боязі і недаверу можа ўскладняць жыццё інвестару. Мы лічым, што дзяржава павінна больш актыўна займацца такімі выпадкамі і ўстараняць усе магчымыя парушэнні, выступаць у ролі арбітра пры спрэчках», — адзначыў Аляксандр Швец.

Таксама на думку старшыні рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў, ёсць асцярогі, што ў некаторых сітуацыях грамадская думка можа фарміравацца стыхійна дзякуючы тэхнолагам, якія робяць гэта з улікам сваіх мэт, не грунтуючыся на патрабаваннях заканадаўства.

«Місія дзяржавы як рэгулятара захаваць баланс законных інтарэсаў грамадзян з фарміраваннем законнага інвестыцыйнага асяроддзя. Мы бачым, што стварэнне такога асяроддзя ідзе не ў поўнай меры. Асаблівая роля ў вырашэнні гэтага пытання ляжыць на мясцовых органах кіравання», — растлумачыў Аляксандр Швец.

Прадстаўнікі бізнесу лічаць, што грамадзян трэба больш інфармаваць, каб пазбегнуць канфліктных сітуацый. У тым ліку і тлумачыць людзям перспектывы развіцця таго ці іншага рэгіёна з улікам стварэння новых прадпрыемстваў і дадатковых працоўных месцаў.

Развіццё рэгіёна ў прыярытэце

Як у сваю чаргу адзначыў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч, з практыкі асобных раёнаў вядома, што калі няма вытворчасці, то патэнцыял экалогіі таксама складана выкарыстоўваць для эканамічнага развіцця. У краіне ёсць маланаселеныя пункты, дзе не існуе вытворчасці і якія не маюць асаблівай прывабнасці для інвестара, таму што з гэтых мясцін людзі рухаюцца ў больш буйныя гарады.

«Мы разумеем, што для ўкаранення інвестпраектаў у эканоміку яны павінны адпавядаць канкрэтным крытэрыям. Некаторыя крытэрыі экалагічнага характару ў Беларусі нават больш жорсткія, чым у Еўрасаюзе. Таму перад тым як інвестар прыходзіць да нас, ён вывучае сітуацыю. Разам з тым на мясцовым узроўні трэба сапраўды лепш кантраляваць выкананне ўсіх дамоўленасцяў і захаванне балансу інтарэсаў», — адзначыў Дзмітрый Матусевіч.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што меркаванне насельніцтва павінна ўлічвацца, і мясцовым уладам трэба даваць адказы на ўсе спрэчныя пытанні. Пры прызначэнні дадатковых праверак павінны працаваць усе эксперты, якія здольныя ацаніць усе рызыкі і прыняць канчатковае рашэнне, зводзячы да мінімуму бюракратычныя моманты.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».