Вы тут

Тэа і Вольга Рыжыкава: Мы знаёмыя ўсё жыццё


Яны, напэўна, адна з самых яркіх пар беларускага тэлебачання. Сёння Вольга Рыжыкава і Тэа будзяць сваім аптымізмам і добрым настроем усю краіну ў эфіры праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!» на тэлеканале «Беларусь 1», разам спяваюць і здымаюць сумесныя кліпы.

Пра тое, хто галоўны ў сям'і, сумесны адпачынак і рэўнасць з-за паклоннікаў і паклонніц артысты расказалі «Чырвонцы. Чырвонай змене».


— Ці дапамагае ў працы, што вы разам не толькі на экране, але і ў жыцці?

Тэа: — У тым, што менавіта сямейная пара знаходзіцца ў прамым эфіры праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!», ёсць правільны канэкт з аўдыторыяй — сем'ямі, якія пачынаюць свой дзень разам з намі. Таму мы часам дазваляем сабе жарты сямейнага характару, прапускаем нейкія сітуацыі праз уласны досвед. Дарэчы, мы сапраўды разумеем адно аднаго з паўслова.

Вольга: — А я дадам, што нам прасцей, у параўнанні з іншымі вядучымі, у плане абмеркавання строяў, сцэнарыяў: мы можам рабіць гэта дома.

Тэа: — У рэшце рэшт, у Волі не ўзнікае пытанняў, куды так рана ідзе яе муж. (Смяецца.)

— А ці цяжка прачынацца рана?

Тэа: — Шчыра кажучы, калі б мы былі вядучымі праграмы «Добры вечар, Беларусь!», гэта было б больш зручна. У нашай сям'і першай прачынаецца Воля, а ў мяне з гэтым праблемы. І калі б не яна, я б некалькі эфіраў праспаў дакладна.

Вольга: — Прывыкнуць да такога графіка — ранняга эфіру праграмы — складана да гэтага часу, бо ёсць яшчэ і іншыя заняткі. Калі б мы працавалі толькі ў «Добрай раніцы, Беларусь!», тады, вядома, можна было б прыстасавацца і засынаць, напрыклад, у 8-9 гадзін вечара. Таму і для мяне, і для Юры гэта заўсёды экстрэмальны пад'ём.

— Як адпачываеце ад працы?

Тэа: — Для мяне самае лепшае — гэта сон. А яшчэ я лічу, што часам трэба ладзіць «лянівыя дні», каб аднавіць свае сілы. Калі ты проста праводзіш час перад тэлевізарам — звычайна мы яго не глядзім, на гэта проста няма часу, — але ў такія дні — чаму б і не.

Вольга: — У нас ёсць такое паняцце — «наша нядзеля». З'явілася яно, калі мы з Тэа пажаніліся. Да гэтага, шчыра кажучы, на нядзелю я часта прызначала здымкі, інтэрв'ю і рэдка калі адпачывала.

Зараз жа, нават калі муж вырашае паспаць, я магу сустрэцца з сяброўкамі, прайсціся па крамах. Для мяне нявыхад з дому цягам дня-двух пагражае адчуваннем таго, што я прапускаю нешта важнае.

Дарэчы, у Тэа ёсць адзін від адпачынку, у якім я наогул не ўдзельнічаю, — гэта рыбалка на Прыпяці.

Тэа: — Я не з тых людзей, хто хацеў бы пабудаваць дом у глухім лесе і з'ехаць туды жыць. Але я вельмі люблю прыроду. Мяне сапраўды ўражвае нацыянальны парк «Прыпяцкі». І еду я туды не столькі па рыбу, колькі для таго, каб атрымаць асалоду ад усяго, што мяне акружае.

— Якое ў вас хобі?

Вольга: — Калісьці я пісала вершы, і яны, а таксама спяванне, былі маім захапленнем. Зараз жа гэта частка працы. А так — вось катаемся на веласіпедах. Мінулым летам, дарэчы, устанавілі ўласны рэкорд: даехалі ад парку Перамогі да Чыжоўкі.

— Вы кантактавалі і да таго, як сталі парай. А як зразумелі, што гэта каханне?

Вольга: — О, я хацела б паслухаць... (Смяецца.)

Тэа: — Сапраўды, мы бачыліся вельмі часта па працы на працягу многіх гадоў. І мне складана дакладна сказаць, калі менавіта гэта здарылася... Хоць у Волі, напэўна, ёсць на гэта пытанне адказ з дакладнай датай: «Вось у той дзень ён неяк па-асабліваму на мяне паглядзеў!»

Вольга: — Як чалавек і музыкант Тэа спадабаўся мне з першай сустрэчы. Але я ніколі не магла ўявіць, што ён можа быць спакойным сямейным чалавекам. Юра здаваўся мне...

Тэа: — ...разгільдзяем!

Вольга: — ...вясёлым, лёгкім, але легкадумным. Памятаю, я яшчэ думала тады: вось калі дамовіцца з ім аб спатканні, ён жа забудзе пра яго!

Тэа: — А Воля мне падалася падчас знаёмства юнай і вельмі адказнай. Яна заўсёды сачыла за тым, ці адправіў я запіс, ці зрабіў тое, што абяцаў.

— Калі вы пачалі сустракацца, пажаніліся, ці змянілася ваша творчасць? Ці сталі сумесныя песні больш рамантычнымі?

Тэа: — Адназначна. У дуэтах зараз адлюстроўваецца наша з Воляй гісторыя, настрой, у якім мы цяпер знаходзімся. Пісаць пра тое, што ты на самай справе адчуваеш, заўсёды больш цікава для слухача, бо гэта ўсё сапраўднае, не выдумка.

Вольга: — Цяпер было б дзіўна пачуць ад нас з Тэа дуэтную песню пра разбітае сэрца. Наогул, у Тэа вельмі мала сумных кампазіцый.

Тэа: — Я не люблю пакутаваць. Люблю добрыя пазітыўныя эмоцыі. Праблем у жыхароў планеты больш чым дастаткова. Таму музыка павінна быць скіравана на тое, каб падняць настрой.

— Ёсць меркаванне, што супрацьлегласці прыцягваюцца. У вас здарылася так жа?

Тэа: — Гледзячы ў чым. Калі казаць пра музыку, то ў нас зусім розныя музычныя густы, як гэта ні дзіўна. Тое, што падабаецца мне, як правіла, не падыходзіць Волі. Я люблю ацэньваць кампазіцыю: наколькі яна актуальная, ці ў трэндзе. Волі ж песня проста падабаецца ці не падабаецца. І ў гэтым няма нічога дрэннага.

Вольга: — Мне падабаюцца як новыя песні, так і старыя, якія звычайна любяць людзі старэйшага ўзросту. Часам Юра нават кажа: «Табе колькі гадоў?»

Нашыя густы разыходзяцца, дарэчы, і ў ежы...

Тэа: — Воля прывучыла мяне да салатаў. Я заўсёды думаў, што салата — гэта калі ў вялікай талерцы намяшана шмат агародніны, якая запраўлена, напрыклад, смятанай. Пасля жаніцьбы я зразумеў, наколькі памыляўся. Цяпер ем салаты з рукалы, палюбіў сельдэрэй.

Вольга: — Што датычыцца нейкіх жыццёвых пазіцый і разумення дабра і зла, тут мы заўсёды сыходзімся ва ўсім.

У мяне і ў Юры нават сем'і падобныя. У кожнага з нас ёсць старэйшы брат. І ў нейкіх сваіх дзіцячых успамінах у нас шмат агульнага, мы адно аднаго разумеем. Нашыя з Тэа бацькі аднойчы сказалі, што ёсць такое адчуванне, быццам мы знаёмыя ўжо вельмі даўно, ледзь не ўсё жыццё.

— Хто галоўны ў вашай сям'і?

Тэа: — У нас абсалютная дэмакратыя. Усе спрэчныя пытанні мы заўсёды абмяркоўваем. Лічу, што так і павінна быць.

Але вось зараз дам параду мужчынам: пры ўсім вашым вопыце і важкіх аргументах трэба не забываць аб жаночай інтуіцыі.

— Напэўна, у кожнага з вас шмат паклоннікаў і паклонніц. Ці раўнуеце адно аднаго?

Тэа: — Усё залежыць ад артыста, таго, як ён сябе пазіцыянуе і паводзіць. Калі паказвае, што адкрыты да любых учынкаў з боку паклонніц, — гэта адна справа. Я ж выбіраю варыянт правільнага выбудоўвання стасункаў, першапачаткова пазначаю межы. Але калі шчыра, то ў адносінах да сябе якіх-небудзь незвычайных сітуацый, звязаных з паклонніцамі, я і не ўспомню.

Вольга: — Напэўна, пасля вяселля іх стала менш... (Смяецца.)

Я магу сказаць, што калі толькі пачалі сустракацца (а мы доўга хавалі гэта, не афішавалі), безумоўна, тады актыўнасць паклонніц і паклоннікаў была значна вышэйшая, чым зараз. Сёння ж, напрыклад, фан-клуб, які быў калісьці фан-клубам Тэа, стаў і маім. Я неяк так арганічна ў яго ўлілася. Нас абаіх віншуюць са святамі, разам запрашаюць на сустрэчы.

Наконт рэўнасці скажу, што трэба давяраць, але трымаць вуха востра, бо ў Беларусі, я лічу, жывуць самыя прыгожыя дзяўчаты. Дарэчы, гэта стымулюе мяне трымаць сябе ў форме. Таму скажу, што рэўнасць павінна быць, але здаровая, без хваравітых праяў. Бо, напрыклад, калі Тэа тэлефануе мне і гаворыць, што зараз на здымках і не ведае, калі яны скончацца, я ўспрымаю гэта нармальна. Мы абое артысты і разумеем нейкія моманты, звязаныя з нашай прафесіяй.

Ганна БАГІНО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.