Вы тут

У Пінску бізнесмен мяняе прыпыначныя навесы на новыя


Памятаеце, як зусім нядаўна, у Год культуры, Пінск вызначыўся сваімі патрыятычнымі прыпынкамі? Тады, здаецца, толькі лянівы не напісаў пра цікавую сумесную акцыю прыватнага прадпрыемства і мясцовага аддзела ідэалогіі, калі аграмадныя партрэты класікаў беларускай літаратуры ўпрыгожылі аўтобусныя прыпынкі сталіцы Палесся. І сапраўды, вельмі хораша глядзеліся плакаты з выявамі Максіма Багдановіча, Івана Шамякіна, Кандрата Крапівы. На іншым прыпынку з'явіліся партрэты Алаізы Пашкевіч і каралевы Боны з біяграфічнымі звесткамі пра названых асоб.


Адзін з новых прыпынкаў.

Такая сацыяльная рэклама агенцтва «Аранжавы дэльфін» звярнула на сябе ўвагу грамадскасці і была станоўча ацэнена культурнай супольнасцю. Змест нагляднай агітацыі час ад часу мяняецца, але справа патрыятычнага выхавання працягваецца. Зараз на прыпынку «Плошча Кірава» можна прачытаць пра музей Беларускага Палесся, што размешчаны ў будынку велічнага езуіцкага калегіума, экспазіцыі якога спаўняецца 90 гадоў. Ну і рознай рэкламнай інфармацыі там поўна.

Кіраўнік названага агенцтва, прадпрымальнік Уладзімір ЖЫЛЮК расказвае, што са сваёй ініцыятывай наконт добраўпарадкавання прыпынкаў звярнуўся ў гарвыканкам крыху больш за тры гады таму. Прапанаваў за свае сродкі правесці замену канструкцый прыпынкаў, правільней сказаць, іх навесаў. Раней яны былі розныя па стылі, архітэктурным рашэнні, а дзе-нідзе наогул выглядалі не найлепшым чынам.

— Сваю ідэю мы аформілі дакументальна, падрабязна ўзгаднялі ўсё з архітэктурай, транспартнікамі, іншымі ведамствамі і дасягнулі разумення, — расказвае Уладзімір Міхайлавіч. — Мы паабяцалі зрабіць прыпынкі сучаснымі, набліжанымі да еўрапейскага стылю па знешнім выглядзе і зручнымі для пасажыраў. Такім чынам, гэта стала выгаднай для горада прапановай, бо бюджэту не давялося траціць грошы на абнаўленне прыпынкаў. Выгадна, несумненна, і нам, бо агенцтва атрымала магчымасць размяшчаць рэкламу ў месцах масавага знаходжання людзей.

— У 2015 годзе мы зманціравалі першы пробны прыпынак на вуліцы Цэнтральнай, — працягвае суразмоўнік. — Ён стаў свайго роду прэзентацыяй нашай ідэі. Атрымалі адабрэнне як грамадзян, так і зацікаўленых арганізацый, і сталі рухацца далей. Следам быў прыпынак на плошчы Кірава, на якім распачынаўся названы культурны праект. І вось ужо сёння ўстанаўліваем канструкцыю 28-га па ліку прыпынку. Усе яны выглядаюць сучасна, зробленыя ў адзіным стылі. У наступныя два-тры гады плануем уладкаваць яшчэ столькі ж навесаў.

Уладзімір Міхайлавіч запрашае на сваю вытворчую базу па вуліцы Інтэрнацыянальнай, дзе чакае спецыялізаванага транспарту гатовы да ўстаноўкі каркас новага прыпыначнага пункта.

На прадпрыемстве растлумачылі: каркас зроблены з антывандальнага матэрыялу. Дарэчы, пра вандалаў. Агенцтва адразу застрахавала свае канструкцыі, каб у выпадку якіх здарэнняў атрымліваць грашовую кампенсацыю на рамонт. Але падобныя выпадкі тут называюць адзінкавымі. У асноўным гараджане ставяцца з разуменнем да грамадскай маёмасці.

— Раз на тыдзень наш супрацоўнік аб'язджае ўсе прыпынкі, аглядае іх. Калі ёсць якія-небудзь дробныя пашкоджанні, яны абавязкова выпраўляюцца. Мы сочым нават за станам стэндаў з раскладам руху аўтобусаў, хоць гэта і не наша маёмасць. Але калі там нешта не так, напрыклад, расклад папсавалі альбо да яго прыляпілі папяровую аб'яву з адрыўнымі тэлефонамі, паведамляем у аўтапарк, і яны прымаюць меры. Мы даглядаем прыпынкі, бо ўзяліся за іх адказваць. За зямлю, на якіх прыпыначныя паветкі размяшчаюцца, плацім арэндную плату. І ўсё роўна гэта выгадна, значыць, будзем працягваць займацца абнаўленнем згаданай гаспадаркі, — падсумоўвае кіраўнік «Аранжавага дэльфіна».

Надалей бізнесмен думае, як развіваць прыпыначны сэрвіс. Маецца на ўвазе, напрыклад, уладкаванне ўстройства для зарадкі батарэй тэлефонаў, акумулятараў, як гэта зроблена за мяжой. «Цяпер жа людзі жывуць з тэлефонам, зараз там размяшчаецца ўсё — і медыцынская карта, і банкаўскія рахункі, і ўсе асабістыя камунікацыі. А як толькі гэты апарат пазбаўляецца энергіі, чалавек становіцца як без рук. І магчымасць папоўніць энергію свайго смартфона — прыкмета цывілізацыі» — разважае пінскі прадпрымальнік і дэпутат гарадскога Савета. Дарэчы, як лічыць сам народны абраннік, падтрымцы выбаршчыкаў ён у многім абавязаны новым прыпынкам і акцыям, якія тут праводзіліся.

Старшыня Пінскага гарвыканкама Андрэй МУЛЯРЧЫК расказаў карэспандэнту газеты, што ў выпадку з кампаніяй па абнаўленні прыпыначных навесаў прыватная ініцыятыва аб'ядналася з дзяржаўнай падтрымкай, у выйгрышы апынуліся ўсе. І запэўніў, што падобныя прапановы і падыходы будуць і надалей вітацца гарвыканкамам.

Святлана ЯСКЕВІЧ,

г. Пінск

Загаловак у газеце: У выйгрышы апынуліся ўсе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».