Вы тут

Афіцыянтаў навучаць абслугоўваць людзей з інваліднасцю


Безбар'ернае асяроддзе — гэта не толькі пандусы і ліфты, але і гатоўнасць устаноў абслужыць любога чалавека. Каб навучыць персанал працаваць з кліентамі з інваліднасцю, у краіне будуць праводзіць спецыяльныя курсы.


Ідэя праекта «Усе свае ў кавярні» з'явілася пасля поста ў «Фэйсбуку».

— Мая сяброўка, у якой сын з аўтызмам, напісала, што хоча схадзіць у кавярню з дзіцем, але баіцца, што рэакцыя персаналу будзе не такой, як хацелася б: іх могуць не зразумець ці ўвогуле папрасіць сысці. І дадала, што было б добра, калі б хтосьці навучыў афіцыянтаў, як з такімі людзьмі правільна сябе паводзіць, — расказвае адна з аўтараў праекта Наталля ФУРСАВА.

Попыт на трэнінг быў і з боку ўстаноў.

— Мы шчыльна працуем з адным з буйных мінскіх гатэляў, — дзеліцца сааўтар праекта і спецыяліст Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам Таццяна ГРЫШАН. — Часам у персаналу ўзнікаюць цяжкасці пры абслугоўванні людзей з інваліднасцю. Па просьбе гатэля нашы спецыялісты некалькі разоў праводзілі спецыяльныя семінары. Але гэтага недастаткова — патрэбны паўнацэнны курс.

Памылак у абслугоўванні сапраўды хапае. Так, у некаторых установах, калі ў дзвярах бачаць кліента ў калясцы, часта адразу ўсе кідаюцца дапамагаць. Але праз залішнюю мітусню наведвальнік адчувае сябе яшчэ больш няёмка. Ці, бывае, адміністрацыя ўстановы стараецца максімальна перастрахавацца, каб не несці адказнасць. Напрыклад, просяць напісаць ліст, што калі чалавек з інваліднасцю ўпадзе на слізкай плітцы і пакалечыцца, то не будзе прад'яўляць да ўстановы ніякіх прэтэнзій.

У лютым сацсеткі абляцела гісторыя, як міс свету на калясцы Аляксандру Чычыкаву не пусцілі з сябрамі ў адзін з мінскіх бараў. Адміністрацыя палічыла, што дзяўчыне будзе там небяспечна.

— Гэта псеўдаклопат, а не павага да чалавека. Ён сам нясе за сябе адказнасць і вырашае, куды пайсці, — лічыць Таццяна Грышан.

Трэнінг для персаналу будзе складацца з пяці заняткаў па розных тэмах. Падчас іх раскажуць, як прыняць у кавярні чалавека з парушэннямі слыху, слабавідушчага, на калясцы ці з інтэлектуальнымі парушэннямі, а таксама зрабіць інфармацыю ва ўстанове даступнай. Добра, каб наведвальнік мог самастойна прачытаць меню, паказальныя таблічкі. На кожны занятак адводзіцца акадэмічная гадзіна. Праводзіць трэнінг ці не, кожная кавярня вырашае самастойна.

— Мы будзем даваць больш практыкі. Напрыклад, разбіраць сітуацыі паводзін. Вось уявіце: стаіць чалавек з інтэлектуальнымі парушэннямі і круціцца, хістае галавой. Людзі часам пужаюцца. А ён так расслабляецца. Трэба персаналу растлумачыць такія паводзіны, каб яны ведалі, што гэтаму чалавеку не дрэнна, ён нікому не зробіць шкоды, — заўважае Таццяна Грышан.

— Будзем прыносіць на заняткі спецыяльныя акуляры, інвалідную каляску, бярушы, каб паглыбляць у сітуацыі. Калі афіцыянт адчуе сябе на месцы кліента, яму прасцей будзе знайсці варыянт, як абслужыць такога наведвальніка, — дадае Наталля Фурсава.

Нюансаў шмат. Чалавеку на калясцы важна казаць не «паехалі», а «пойдзем». Калі ён з суправаджальнікам, будзе памылкай звяртацца толькі да другога (часта калясачніка не ўспрымаюць як самастойную адзінку і вядуць размову так, быццам яго няма).

Калі ў чалавека стаіць слыхавы апарат, гэта не значыць, што ён выдатна вас чуе. А таму пры размове неабходна глядзець яму ў вочы, а не вазіцца ў паперках. Гаварыць трэба выразна, не спяшацца — многія людзі з парушаным слыхам чытаюць па вуснах. Аўтары праекта ўспамінаюць, як у кавярні Аўстраліі загадалі ўсім афіцыянтам вывучыць мову жэстаў, пасля таго як там не змаглі абслужыць кліента, які не чуе. І папярэджваюць: задача іх трэнінгу не ў гэтым. Не трэба ўпадаць у крайнасці — існуюць і іншыя спосабы зразумець чалавека, які не размаўляе. Ён можа напісаць сваю просьбу ці набраць на тэлефоне.

Пасля трэнінгаў для работнікаў хочуць рабіць невялікія стажыроўкі. Тыя ўстановы, дзе персанал пройдзе курсы, будуць пазначаны спецыяльнымі налепкамі. Інфармацыю пра такія кавярні можна будзе знайсці і на анлайн-карце.

Кавярні — гэта толькі першы крок. У планах ахапіць такімі трэнінгамі ўсю сферу абслугоўвання: гатэлі, банкі, крамы, бібліятэкі. Аўтары праекта спадзяюцца, што курс увойдзе ў спіс абавязковых, неабходных для пацвярджэння якасці персаналу.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Усе свае ў кавярні

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.