Вы тут

Летні адпачынак можна правесці з ваенна-патрыятычным ухілам


Летні адпачынак можна правесці і з ваенна-патрыятычным ухілам. На 361-й базе аховы і абслугоўвання цэнтральных органаў ваеннага кіравання ўжо трэці год запар арганізавалі ваенна-патрыятычны профільны атрад.


«У атрадзе 17 вучняў з дзвюх школ Заводскага раёна сталіцы. У нас праходзіць адна змена сёлета з 2 да 26 чэрвеня. Для дзяцей мы арганізавалі заняткі па ўсіх ваенных дысцыплінах. Аднак для іх усё арганізавана ў гульнявой форме, каб лепш засвойвалі інфармацыю», — расказаў начальнік аддзялення ідэалагічнай работы 361-й базы аховы і абслугоўвання цэнтральных органаў ваеннага кіравання, капітан Юрый Трасцянка.

За адным з такіх заняткаў карэспандэнту «Звязды» ўдалося паназіраць асабіста. Яшчэ ўчарашнія сямі- і васьмікласнікі з усёй сур'ёзнасцю і ўдумлівасцю знаёміліся з індывідуальным стралковым узбраеннем. Інструктары расказвалі ім аб тактыка-тэхнічных характарыстыках, вучылі збіраць і разбіраць аўтамат Калашнікава, ладаваць магазіны патронамі. Дзеці прымяралі бронекамізэлькі і каскі.

Далей, нягледзячы на невялікі дождж, «вайскоўцы» мужна праходзілі паласу перашкод з інструктарам, які падказваў і дапамагаў ім. Не абмінулі і трэніроўку па навучанні асновам рукапашнага бою. Усё як у салдат. І гэта нягледзячы на тое, што сярод удзельнікаў атрада былі дзяўчынкі. Варта адзначыць, што некаторыя з іх збіралі аўтаматы хутчэй за юнакоў і добра сябе праявілі на паласе перашкод.

«Ёсць і шэраг культурных мерапрыемстваў: наведванне музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, комплексу «Лінія Сталіна», музея зброі часці, дзе экспанаты можна трымаць у руках. У планах ёсць таксама экскурсіі ў Хатынь і на Курган Славы», — дадаў Юрый Трасцянка.

Адзін з удзельнікаў ваенна-патрыятычнага атрада Даніла Пятроў, вучань 124-й школы, у свой 15-ы дзень нараджэння вырашыў пачаць раніцу з заняткаў у атрадзе. Кажа, што без сяброў свята не тое, а яны не любяць прапускаць ваенна-патрыятычны лагер. Ды і сам юнак вельмі любіць гісторыю, а з прычыны таго, што зброя з'яўляецца яе неад'емнай часткай, вельмі ёй цікавіцца. Лішні раз папрактыкавацца ў разборцы аўтамата для яго ў радасць.

Кіраўнік профільнага ваенна-патрыятычнага атрада, выкладчык музыкі і сусветнай мастацкай культуры 124-й школы Мінска Галіна Казачок расказала, што сабраць групу было нескладана. «Толькі 10 чалавек трэба было набраць ад нашай школы, а ахвотных было ўдвая больш. Ішлі найлепшыя. У нас нават быў конкурс», — растлумачыла кіраўнік атрада. Таксама, па яе словах, у лагеры ў дзяцей практычна няма пропускаў, яны забываюць пра гаджэты. Часу на іх проста няма — заняткі выклікаюць у вучняў вялікую цікавасць.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Адпачынак асаблівага прызначэння

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.