Вы тут

Усе мы трошкі... фрыганы?


Пра канфлікты з зяцямі ды нявесткамі можа расказаць ці не кожная цешча, свякроў. І дзіўнага ў тым нічога, бо, мякка кажучы, не разумееш часам учынкі родных дзяцей, а тут жа чужыя, з іншых сем'яў, з іншых мясцін...


Добра памятаю, як ажаніўся наш сын, як з'явілася на кухні яшчэ адна гаспадыня, як яна аднойчы вечарам узялася «чысціць» свае (сталаваліся мы паасобку) палічкі ў халадзільніку — даставаць з іх нейкія прадукты, ставіць ля вядра са смеццем.

Убачыўшы побач з ім нават не адкрытыя яшчэ пакеты з малаком ды смятанай, я, вядома ж, здзівілася. А нявестка тут жа растлумачыла, што ўсё гэта сапсаванае, што на ўсё скончыўся тэрмін прыдатнасці: на смятану — два дні таму, на малако — учора.

Пачуўшы гэта, апошняе, я засмяялася: спытала, што ж адбылося з тым малаком у 12 гадзін ночы?

Не ведаючы, што адказаць, маладая гаспадыня прамаўчала, а я, скарыстаўшыся паўзай, паспела дадаць відавочнае. І сапраўды, да 12 гадзін 20 чэрвеня (умоўна) гэта малако было яшчэ добрае, а назаўтра, пасля 12, ужо не... Хутчэй за ўсё, сказала нявестцы, ніякай хімічнай рэакцыі там не адбылося: прадукт можна і трэба пакаштаваць ды скарыстаць, калі не на малочны суп, то ўжо на бліны альбо цеста для аладак...

Яшчэ я тады сказала, што ў Балгарыі ды Польшчы няма такіх жорсткіх абмежаванняў: «прыдатны да ...» (а потым, маўляў, ужо непрыдатны...). Там пішуць, што прадукт найлепш скарыстаць да пэўнага тэрміну, а потым ужо, як у песні, «думайте сами, решайте сами»...

У адказ на гэта мая нявестка, хоць і нясмела, але ж досыць цвёрда запярэчыла: сказала, што сваю сям'ю яна будзе карміць толькі свежымі прадуктамі.

Яе права... Я тады проста папрасіла яе не выкідваць вось гэтыя «нясвежыя» ў смеццеправод — акуратненька пакласці побач: раптам хто забярэ?

Як і варта было чакаць, да раніцы малако са смятанай зніклі. Так што свайго роду фрыганы ў нас былі яшчэ ў мінулым стагоддзі.

Туды ж, да смеццеправода, мы з нявесткай выносілі потым непатрэбны абутак, адзежу, старую бытавую тэхніку. І ўсё гэта нехта забіраў.

У свой час забіралі і мы. Праўда, не са сметніцы, але...

Я некалі шмат чула, але доўга не наважвалася зазірнуць у крамы, дзе гандлююць так званым паношаным адзеннем з Еўропы (сэканд-хэнды). Але ж мы ўзяліся будаваць дачу, спатрэбілася рабочае адзенне. На новае — тыя ж курткі, світары, штаны — траціцца не хацелася (без таго расходаў хапала)... А таму куплялі ношанае. І, дарэчы, носім яго дагэтуль, бо рэчы добрыя...

А потым суседка сабралася пераязджаць да дачкі ў Падмаскоўе. Кватэру ў Мінску яны прадавалі, нешта з рэчаў забіралі з сабой, усё астатняе збіраліся выносіць на сметніцу. Мы з мужам «уратавалі» ад гэтага хай старэнькую, але ж мэблю для кухні, дзве палічкі для кніг, прыгожы керамічны посуд. З удзячнасцю ўспамінаючы суседку, карыстаемся ўсім і сёння.

...Цяпер у краіне будуюцца заводы для перапрацоўкі смецця і гэта за шчасце, бо людзі апошнім часам «абрастаюць» ім, можна сказаць, з касмічнай хуткасцю. Прычым выкідваюць не толькі непрыдатнае, нікому не патрэбнае, але і тое, што можа яшчэ доўга служыць. А таму, на мой погляд, не варта асуджаць людзей, якія (незалежна ад прычын) зазіраюць на сметніцы. Не паверыце, але якраз там наш сусед па дачы падабраў нядаўна тры невялічкія старыя каструлі. Яго жонка насадзіла ў іх кветак. Зайздросная прыгажосць: хоць ты схадзі ды глянь, ці не засталося там яшчэ нечага такога...

Таіса М., г. Мінск

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».