Вы тут

«Мы ніколі не прасілі дапамогі...»


Пра стыль жыцця, які адмаўляе прынцыпы спажывання (ён зарадзіўся ў Амерыцы ў канцы мінулага стагоддзя), пра людзей (у тым ліку ў нашай краіне), якія ўсё патрэбнае для сябе (прадукты, адзенне, абутак... І не ад дрэннага жыцця!) шукаюць на сметніцах, можна было б расказаць «чыста тэарэтычна», балазе інфармацыі на гэтую тэму шмат... Карэспандэнты звяздоўскай «Чырвонкі» адважыліся, што называецца, самі паспытаць фрыганскага хлеба: гэта значыць, прайсціся па сметніцах сталіцы і потым расказаць, што знайшлі. Як сведчыць «зваротная сувязь», рэпартаж шмат каго зачапіў за жывое. Асобныя з лістоў — без перабольшвання — варты ўвагі грамадскасці.


Ведаеце, я нават слова такога не чула — «фрыганства». А тут пра яго цэлы рэпартаж. Не ведаю, як іншых, а мяне ён узрушыў: пра тое, каб капацца ў сметніцах, сорамна і брыдка думаць, не тое што...

Нас, дзяцей, у бацькоў сямёра было. Старэйшая сястра нарадзілася ў 1943 годзе, самы малодшы брат — у 1958-м, я — у снежні 1949-га. А ў 1954-м згарэлі наша хата і хлеў. Пакуль будаваліся нанава, жылі ў лазні на другім баку вуліцы. Мы ўсе спалі ў парылцы, а ў раздзявальні стаяла карова і свінні...

Цяпер нават уявіць немагчыма, як нам (а найперш бацькам — светлай памяці!) было цяжка! Хоць мы, малыя і не адчувалі гэтага так балюча. Праўда, працавалі ледзь не з тога часу, як пачыналі хадзіць: збіралі шчаўе, суніцы, чарніцы, дурніцы, грыбы, нарыхтоўвалі лыка і многае іншае. Ды і як іначай, калі побач — лес, калі нейкія пяць кіламетраў да Дняпра і балота, дзе была рыба... Там і так мы праводзілі час, самі зараблялі сабе на кніжкі і вопратку, ніколі не прасілі дапамогі. Мы лічылі гэта за ганьбу. А тут — адукаваная моладзь...

Пасля пятага класа ў час канікул у мяне было 27 выхадаў на працу ў саўгас. Тата 45 гадоў працаваў пастухом. Мы з мамай рукамі выбіралі гектары лёну. Да гэтага часу помню балючыя стрэмкі.

У памяці і тое, як непадалёк ад хаты агулам — кожны па тры радкі — палолі буракі. Але ў дарослых жанчын гэта атрымлівалася куды хутчэй. Я адставала. А таму, хоць ніхто не загадваў, не прымушаў, я скончыла сваю работу пасля таго як іншыя пайшлі на абед, потым збегала дамоў, прынесла кошык і вынесла з поля ўсё пустазелле.

Увечары прыехаў брыгадзір, убачыў, што мае радкі самыя чыстыя і перад усімі пахваліў.

Яшчэ помню, што ў школе нам прапаноўвалі бясплатны падмацунак — чай з булачкай. Мы адмовіліся, бо не маглі дапусціць, каб на нас глядзелі, як на бедных.

Адзенне, хай просценькае, тата нам шыў (ці перашываў ад старэйшых меншым), на ручной швейнай машынцы...

У інстытуце да трэцяга курса я насіла сінюю школьную тройку — тагачасную форму і даказала ж такі, што не адзежа здобіць чалавека, а наадварот... Ніхто і ні разу не папракнуў мяне ў беднасці. Можа таму, што мне самой было за яе не сорамна. Я найперш старалася вучыцца, каб атрымаць прафесію, каб парадаваць сваіх бацькоў.

Помню, у зімовую сесію на тым жа трэцім курсе ўсе сем экзаменаў я здала на выдатна, і майму тату на працу прыслалі падзячны ліст з інстытута. Пра гэта (ліст прыслалі яшчэ і ў школу) ведала ўся ваколіца, і, калі я прыехала на канікулы, усе сустракалі мяне з відавочнай павагай. Багацейшыя бацькі ставілі мяне ў прыклад сваім дзецям. Казалі, што няхай мы, Міхалюты, не маем тога дастатку, але ж, калі ёсць стараннасць...

Пасля вучобы я 12 гадоў працавала заатэхнікам, потым сакратаром сельвыканкама. Браты Анатоль і Уладзімір — вартавыя правапарадку — падпалкоўнік і маёр міліцыі (ужо ў адстаўцы). Марыя — работнік абласнога адраснага бюро, Лідзія — адміністратар Шклоўскай гасцініцы, Зоя і Кацярына да выхаду на пенсію працавалі на пошце.

Мы ўсе сумленна ставіліся да працы, выхоўвалі дзяцей, маем унукаў. Цяпер у нашай сям'і больш за 50 чалавек! Мы — горды і годны род Міхалютаў (на вялікі жаль, няма сярод жывых нашых бацькоў і старэйшай сястры), які ніколі не апускаўся і, спадзяюся, не апусціцца да гэтага....

Нават слова фрыганства паўтараць лішні раз не хочацца. Можа, тады на яго забудуцца нашчадкі тых, хто выстаяў у час вайны, хто з руін падняў гарады і вёскі, дзеля таго, каб мы жылі дастойна?

Ніна Іванаўна Суран (Міхалюта),

в. Горная Рута, Карэліцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?