Вы тут

У Кушлянах прайшоў фэст


Паэтычна-музычны фэст у Кушлянах праводзіўся па ініцыятыве супрацоўнікаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры пры падтрымцы Смаргонскага райвыканкама.


На падворку маёнтка патроху збіраецца народ: мінчане, смаргонцы, маладзечанцы, жыхары навакольных мясцін. На галерэі, што цягнецца ўздоўж фасада дома, пабудаванага мужыцкім адвакатам Францішкам Багушэвічам напрыканцы 19 стагоддзя, гукарэжысёр Юрый Вутовіч і вядучыя Вольга Крывянкова з Цэнтра культуры, а таксама Вольга Шаўчэнка з музея гісторыі беларускай літаратуры ўзгадняюць пэўныя моманты свята з дырэктарам музея-сядзібы Алесем Жамойціным.

Дырэктар музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч шпарка крочыць да каменнай аборы, каля якой размясціліся тэматычныя пляцоўкі, і аддае чарговыя распараджэнні мінскім супрацоўнікам. Бард Андрэй Мельнікаў часова памяняў гітару на рыдлёку, каб замацаваць банеры адной з дзвюх выстаў, прывезеных з Мінска. На ёй цікавая інфармацыя пра этапы жыцця беларускага "дудара". Другая выстава "Жыццё ў слове" размясцілася пад дахам аборы. Для гасцей свята гэта ўнікальны выпадак пазнаёміцца з цікавай інфармацыяй, не едучы ў Мінск.

Вакальна-харэаграфічнай кампазіцыяй "Прывітальная" свята адкрывае народны калектыў з Жодзішак "Вечарынка". Прысутных вітаюць начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражава, кіраўнікі музея і філіяла Зміцер Яцкевіч і Алесь Жамойцін. Слынны беларускі паэт Віктар Шніп прачытаў вершы, прысвечаныя аўтару "Дудкі беларускай", яго сучаснікам і даследчыку жыцця і творчасці Ф. Багушэвіча Уладзіславу Содалю. Следам да мікрафона запрашаюць мяне. Я не маю прысвячэнняў, але маю вершы, што нарадзіліся тут, на гэтых узгорках, пад шатамі гэтых дрэў. Пэўную атмасферу беларускасці ствараюць выступленні мясцовых фальклорных гуртоў і аматарскіх калектываў з Солаў, Сінькоў, Шутавічаў, Кушлянаў. Ці не такія спевы натхнялі калісьці гаспадара сядзібы на стварэнне вершаў, а яшчэ на ўпартае жаданне захаваць тутэйшую гаворку і надаць ёй статус дзяржаўнасці.

Праз пэўны час жадаючых запрашаюць на экскурсію па музейнай экспазіцыі, якую праводзіць Алесь Жамойцін, а частка аматараў даўніны выпраўляецца з навуковым супрацоўнікам сталічнага музея Антонам Астаповічам па ўнікальным маршруце праз прысаду да Лысай гары і памятнага валуна Мацея Бурачка. Каля гэтага помніка прыроды і гісторыі краязнаўца і выдавец з Маладзечна Міхась Казлоўскі згадвае, што гадоў трыццаць таму энтузіястамі былі пасаджаны 60 дубкоў – у памяць пра 60 гадоў зямнога жыцця Францішка Багушэвіча. Сярод зарасляў сосен, ліпаў, клёнаў, алешын знаходзім-такі ажно пяць дубкоў уздож сцяжыны да валуна – як сімвал пяці няпоўных гадоў, праведзеных тут паэтам напрыканцы яго жыцця.

А на тэматычных пляцоўках у гэты час ладзяцца выступленні батлейкі, музейна-педагагічны занятак "Сам зраблю батлеечную ляльку", аквагрым, музейны занятак-гулянне ў народным стылі. Супрацоўнікі мінскіх музеяў Алена Канапацкая, Ірына Мышкавец, Таццяна Лабада знаёмяць дзетак з народнымі музычнымі інструментамі, беларускімі казкамі, цікавосткамі сялянскага жыцця.

На завяршэнне фэсту не было ні феерверкаў, ні салютаў. Затое феерычна свяціла вечаровае сонца, а на душы засталася асалода ад стасункаў з аднадумцамі і ўзнёслага настрою, што падарылі арганізатары гэтага свята беларускасці.

Ала КЛЕМЯНОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.