Вы тут

Якія перакосы павінна ліквідаваць новая рэдакцыя закона аб СМІ


Фэйкавае бязмежжа да дабра не давядзе

Мабыць, ні адна заканадаўчая ініцыятыва (акрамя паправак у Канстытуцыю) не выклікала ў нашай краіне такога шырокага грамадскага рэзанансу, як цяперашні праект закона аб зменах у рабоце сродкаў масавай інфармацыі. Дыскусіі пачаліся яшчэ на стадыі распрацоўкі гэтага найважнейшага прававога дакумента. Калі ж ён быў апублікаваны, супрацьстаянне спрачальнікаў набыло яшчэ больш востры характар. Асабліва пасля таго, як праект быў прыняты парламентам у двух чытаннях.

Грамадзяне выказваюцца з гэтай нагоды ў друку, даюць інтэрв'ю на радыё і тэлебачанні, актыўна выкарыстоўваюць для адлюстравання свайго пункту гледжання інтэрнэт-рэсурсы. Не вычэрпваецца і паток адпаведных зваротаў у розныя інстанцыі.

Больш за ўсё электронных лістоў на ўзнятую тэму прыходзіць у Міністэрства інфармацыі. Пераважная большасць жыхароў краіны падтрымлівае ініцыятыву распрацоўшчыкаў новага закона. Яны згодныя з тым, што змена правілаў гульні ў медыйнай прасторы даўно наспела.

Разам з інтэрнэтам для нас адкрыліся каласальныя магчымасці ў зносінах, пошуку патрэбнай інфармацыі, ажыццяўленні фінансавых аперацый, працаўладкаванні, адукацыі, вырашэнні мноства іншых праблем. Але сусветнае сеціва разам з вялікім дабром прынесла і небывалае зло. Пад пагрозай апынуліся не толькі мова, культура, маральнасць, правапарадак, але і самі дзяржаўныя асновы. Калі зараз не зрабіць прышчэпку супраць гэтага працэсу, то праз якіх-небудзь пяць-дзесяць гадоў крычаць каравул будзе позна. Таму Міністэрства інфармацыі і выступіла ініцыятарам паправак у заканадаўства, каб утаймаваць анархію на медыйным полі.

Маскі зняць!

Законапраект у тым ліку прадугледжвае ўвядзенне працэдуры ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў. Цяпер на любым сайце пры абмеркаванні той ці іншай тэмы мы ўбачым цэлы калейдаскоп каментарыяў. Вельмі часта шакуючых. Гэта можа быць прамая абраза чалавека, паклёп на яго, адкрытая хлусня ў ацэнцы эканамічнай сітуацыі, правакацыйныя заявы ў адрас пэўнай нацыянальнасці — межаў канапнаму вальнадумству няма. Як няма і ніякіх маральных абмежаванняў у падборы лексікі аўтарамі такіх «шэдэўраў». Адказнасці яны не баяцца, бо іх ніхто не ведае.

Атмасфера ўсёдазволенасці спараджае ўсё новыя тэхналогіі маніпулявання масавай свядомасцю. Ну, напрыклад. З якой-небудзь нагоды ў сеціве раптам узнікае процьма разнастайных водгукаў. Абывацель іх чытае і нават не здагадваецца, што праглынае прынаду, якую насадзілі на кручок усяго некалькі чалавек, выступіўшы пад рознымі псеўданімамі, так званымі нікамі. Часта такой акцыяй кіруюць з агульнага цэнтра, а «крэатыўныя» выканаўцы атрымліваюць за свае «літаратурныя паслугі» жаданыя грошыкі.

Мэта падобных інфармацыйных атак розная — ад рэкламы тавараў і дыскрымінацыі канкурэнтаў да імкнення кіраваць грамадскай думкай і правакавання вулічных беспарадкаў.

Цяпер гэтай вольніцы прыходзіць канец. Па новым законе кожны, хто захоча пазабаўляць свет сваім геніяльным каментарыем, абавязаны будзе зняць маску. Праўда, пакуль не вызначана, якім менавіта спосабам павінна будзе ажыццяўляцца гэтая фармальнасць. Магчыма, з дапамогай sms-паведамлення, па якім лёгка ўстанавіць уладальніка тэлефона.

Калі разабрацца, то самаідэнтыфікацыя — гэта мера не толькі не рэпрэсіўная, але нават гуманная. Яна дапаможа аматарам правакацыйных каментаў пазбегнуць непрыемнасцяў. Бо многія з іх не ведаюць, што вылічыць віртуальнага плеткара для кампетэнтных органаў і цяпер не складана. Таму нават за ананімны «паток свядомасці» ў інтэрнэце можна лёгка трапіць пад суд. А вось калі творцы эпатажных замалёвак вымушаны будуць выйсці на паверхню з каламутнай багны сеткавага бязмежжа, то гэта зробіць іх больш асцярожнымі. І перш чым што-небудзь ляпнуць на ўсю іванаўскую з рызыкай у тым ліку і для саміх сябе, тысячу разоў падумаюць.

Правілы для ўсіх адзіныя

Грамадзяне пытаюцца: чаму адны крыніцы інфармацыі, напрыклад, газеты, радыё, тэлебачанне, ва ўстаноўленым парадку зарэгістраваныя як СМІ, а іншыя, такія як большасць інтэрнэт-рэсурсаў, — не? Нягледзячы на тое, што апошнія з'яўляюцца распаўсюджвальнікамі, і вельмі эфектыўнымі, розных звестак, фота- і відэаматэрыялаў, разнастайнай літаратуры і г. д. Іх прадстаўнікі наведваюць прэс-канферэнцыі, бяруць інтэрв'ю, робяць запыты ў афіцыйныя ўстановы аб атрыманні даведак, прыцягваюць рэкламу. Словам, дзейнічаюць, як звычайныя рэдакцыі. На якой падставе? А вось так, без аніякіх падстаў і законнага дазволу. Тут у нас усё тое ж гуляй-поле: максімум свабоды і мінімум адказнасці.

Новы законапраект закліканы ліквідаваць і гэта спараджэнне інтэрнэтнай анархіі. Цяпер вэб-рэсурс будзе мець права зарэгістравацца ў якасці сеткавага выдання, чым ён па сутнасці і з'яўляецца. З атрыманнем усіх магчымасцяў, якімі валодаюць афіцыйныя СМІ. У выпадку адмовы ад рэгістрацыі любая яго дзейнасць па зборы і распаўсюджванні масавай інфармацыі будзе лічыцца незаконнай. Так што або прыйдзецца аформіць рэгістрацыю і апынуцца ў прававым полі, або назаўжды развітацца з марай абвешацца лаўрамі модных таблоідаў.

Калі марудзіць нельга

Міністэрства інфармацыі ў некаторых выпадках мае права абмяжоўваць доступ да таго ці іншага інтэрнэт-рэсурсу без адпаведнага рашэння суда. Гэтая норма дзейнічае ўжо дастаткова даўно. І, трэба сказаць, сябе апраўдала. Аднак для некаторых яна, што называецца, як костка ў горле. І вось цяпер, калі прымаюцца дадатковыя папраўкі ў закон аб СМІ, некаму здалося, што самы час зноў у поўны голас асудзіць «таталітарныя метады» беларускай дзяржавы ў рабоце з інтэрнэт-рэсурсамі.

Думаецца, гэтыя крытыкі не бачаць ніякай розніцы паміж, скажам, напрыклад дзяльбой маёмасці, якая можа цягнуцца гадамі ў судзе, і інфармацыйным укідам, што імгненна распаўсюджваецца з дапамогай інтэрнэту сярод велізарнай колькасці карыстальнікаў.

Уявім сабе, што нейкі сайт размясціў жудаснае відэа, здольнае давесці да вар'яцтва юныя неакрэплыя душы. Мы што, будзем чакаць, пакуль збярэцца суд з усім яго працэсуальным антуражам, паважна правядзе слуханні бакоў, нетаропка прыме рашэнне? Хацелася б зірнуць на таго гуманіста-разумніка, які адкажа, што так і трэба было б зрабіць.

У нармальнай дзяржаве заўсёды павінны быць прадугледжаны спрошчаныя працэдуры рэагавання на розныя агрэсіўныя праяўленні. І гэта добра, што Міністэрства інфармацыі ў межах сваёй кампетэнцыі мае права на падобнае аператыўнае ўмяшальніцтва. Бо немагчыма дапусціць распаўсюджванне ў вольным доступе матэрыялаў, якія прапагандуюць гвалт, спажыванне наркотыкаў, заклікаюць да суіцыду, грамадскіх беспарадкаў і г. д. Зацягванне з блакіраваннем такой крыніцы па сутнасці з'яўляецца саўдзельніцтвам у злачынстве.

Падвойнае дно «дабрачыннасці»

І апошні аспект, на якім неабходна спыніцца, абмяркоўваючы наспеўшыя змены ў заканадаўстве аб СМІ. Вострае непрыманне ў пэўным асяроддзі выклікала дапаўненне, якое забараняе замежным грамадзянам і юрыдычным асобам выступаць у нашай краіне заснавальнікамі сродкаў масавай інфармацыі.

Тут нялішне нагадаць гісторыю з праславутымі НКА (некамерцыйнымі арганізацыямі), якія ў апошнія дзесяцігоддзі пладзіліся (ды і працягваюць) па ўсім зямным шары. Нібыта з самымі высакароднымі намерамі: для рэалізацыі гуманітарных праектаў, адукацыйных праграм, сацыяльнай і медыцынскай дапамогі, развіцця спорту і іншага. На справе ж значная доля гэтых структур аказалася падсобнай гаспадаркай глабалістаў, якія любымі спосабамі імкнуцца ўплываць на кіраўніцтва дзяржаў.

Асаблівага поспеху тут дасягнуў вядомы фінансавы дзялок Джордж Сорас. Ён нават не хавае сваіх намераў па пераўладкаванні свету, шчодра аплачваючы змену палітычных рэжымаў у розных кутках планеты.

Калі ў галовах нацыянальных лідараў стала адбывацца прасвятленне наконт сапраўднай ролі некаторых «дабрачынных устаноў», то пазбавіцца ад іх аказалася не так проста. Самы свежы канфлікт падобнага роду ў цяперашні момант разыгрываецца ў Венгрыі. Нядаўна там адбыліся масавыя акцыі пратэсту пасля таго, як прэм'ер-міністр Орбан наважыўся закрыць у Будапешце фінансуемы Сорасам Цэнтральна-Еўрапейскі ўніверсітэт. На прэм'ера, які ўсё больш адкрыта імкнецца адстойваць інтарэсы свайго народа, гуртам накінуліся не толькі супрацоўнікі сорасаўскага ўтварэння. На яго, як па загадзе, напалі работнікі амерыканскага пасольства ў Венгрыі, Дзярждэпартамэнта ЗША і нават Венгерская акадэмія навук. Каб спыніць Орбана, да справы падключылі шэраг вядомых штатаўскіх навукоўцаў, у тым ліку нобелеўскіх лаўрэатаў. Цікава, ці ўдасца кіраўніку суверэннай еўрапейскай дзяржавы і яе парламенту, дзе цяпер разглядаецца пытанне аб далейшым лёсе ўніверсітэта, адстаяць права на самастойнае рашэнне?

Дарэчы, у Беларусі падвойнае дно многіх НКА выявілі хутка. І гэтак жа аператыўна іх прыкрылі. Цяпер спытаем сябе: калі за шырмай нявіннай канторы, якая спансуецца заморскімі кашалькамі, можа ажыццяўляцца відавочная падрыўная дзейнасць, то чаго чакаць ад газеты або інтэрнэт-выдання, заснаваных іншаземцам? Асабліва ў эпоху бязлітасных гібрыдных войнаў.

Георгій РОС

Загаловак у газеце: Гуляй-поле або прававая прастора?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.