17 Ліпень, аўторак

Вы тут

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць


Для таго каб зразумець, наколькі складана даецца «шкалярам» тая ці іншая тэма ў вучэбнай праграме або як успрымаецца вучэбны матэрыял, выкладзены ў падручніку, можна правесці, напрыклад, міністэрскую кантрольную работу, ці арганізаваць маніторынгавае даследаванне, або зрабіць кантрольны зрэз на прыкладзе пэўнага рэгіёна... А можна задзейнічаць для гэтага... інтэлектуальныя сістэмы. Пра тое, якія магчымасці адкрываюцца перад адукацыяй у эпоху ІТ, і што трэба рабіць, каб не адстаць ад часу, разважалі ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі «Лічбавая трансфармацыя адукацыі».


Па­вел Ліс: «Мы бу­дзем або пер­шыя, або ўжо не мае сэн­су, якія мы бу­дзем...»

Адзіны ўваход

Як вядома, напрыканцы года кіраўніком дзяржавы быў падпісаны дэкрэт № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Але будаўніцтва лічбавага грамадства будзе немагчымае, калі сістэма адукацыі «захрасне» ва ўчарашнім дні...

— Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява, а працэс, у які трэба пагрузіцца як мага хутчэй, каб атрымаць максімальную карысць, — падзяліўся сваімі думкамі дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра (ГІАЦ) Міністэрства адукацыі Павел ЛІС. — Адукацыя — гэта падмурак для эканомікі, тым больш інавацыйнай. Адпаведна, лічбавая трансфармацыя адукацыі — працэс, які павінен адбывацца непасрэдна ў гэту хвіліну. Нельга яго ігнараваць ці чакаць, што ён пройдзе міма. Лічу, што мы, як прадстаўнікі адукацыі, павінны быць наватарамі і ініцыятарамі перамен. У нас ёсць усе шанцы стаць лакаматывам, які будзе рухаць наперад эканоміку. Але ёсць і шэраг праблем, адна з галоўных — гэта матывацыя педагагічных работнікаў.

Часта даводзіцца чуць, што ўкараненне новых тэхналогій, як праграмных, так і тэхнічных, гэта складана: маўляў, у педагогаў не той узрост, не тыя кампетэнцыі, але насамрэч у многіх установах адукацыі Гродзенскай, Брэсцкай, Гомельскай абласцей і Мінска ёсць вельмі цікавыя падыходы і сур'ёзныя пункты росту ў гэтым кірунку, і мы бачым, як педагогі з 30-гадовым вопытам работы спакойна асвойваюць новыя тэхнічныя рашэнні: тыя ж інтэрактыўныя панэлі, электронныя сродкі навучання... Таму ўзнікае заканамернае пытанне: чаму адны матываваныя і ў стане гэта зрабіць, а іншыя не зацікаўлены?

Сёння на парадку дня стаіць стварэнне рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя (упершыню гэта ідэя была агучана ў 2016 годзе). Спецыялісты Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра займаліся вывучэннем аналагічных сістэм у Паўночнай Амерыцы, Азіі і Еўропе. Іх увагу прыцягнулі прыклады, калі дзяржава і педагагічнае грамадства падтрымліваюць такія платформенныя рашэнні, дзе пункт уваходу ў сістэму — адзіны.

Гэта значыць, што з яго можна трапіць на інфармацыю любога ўзроўню: ад простага даведачнага тэксту да складаных сэрвісаў. Прычым гэта можа зрабіць любы ўдзельнік адукацыйнага працэсу: ад школьніка да прадстаўніка вышэйшага менеджменту ў адукацыі.

— Мы таксама пойдзем гэтым шляхам. Усе нашы разрозненыя рэсурсы будуць аб'ядноўвацца на адзінай платформе, — паведаміў Павел Ліс. — Прычым рэгламенты дзеяння падобнага асяроддзя будуць адкрыты і для дзяржаўных, і для прыватных партнёраў. Уся інфраструктура павінна быць празрыстай і зразумелай як нам (тым, хто ёй кіруе), так і тым, хто ёй карыстаецца. Які паток інфармацыі мы збіраемся акумуляваць на адзінай платформе? Зараз распрацоўваецца рэгістр навучэнцаў. У першую чаргу ён важны для міжведамаснага ўзаемадзеяння, а таксама для Міністэрства адукацыі, каб мы маглі бачыць профіль кожнага навучэнца — ад яго залічэння ў дзіцячы садок да заканчэння ўніверсітэта (адпаведна абнаўленне будзе адбывацца пастаянна). Менш дынамічны — рэгістр устаноў адукацыі (ён ужо гатовы). Таксама на платформе будуць прадстаўлены рэгістр педагагічных работнікаў і статыстычныя сістэмы ГІАЦ. У найбліжэйшай перспектыве больш актыўна будуць укараняцца сістэма маніторынгу паспяховасці, воблачная бухгалтэрыя, беспапяровы дакументаабарот, адзіны карпарацыйны паштовы сэрвіс, офісны пакет, электронныя плацяжы, дыстанцыйнае навучанне. Адзіны карпарацыйны паштовы сэрвіс надзвычай важны, паколькі сёння большасць устаноў адукацыі карыстаецца бясплатнымі паштовымі сэрвісамі, якія не гарантуюць ніякай абароны інфармацыі.

Таксама для эфектыўнай трансфармацыі ў адукацыйны працэс павінны ўкараняцца сучасныя тэхналогіі: штучны інтэлект і нейронныя сеткі, віртуалізацыя адукацыйнага працэсу (дапоўненая рэальнасць), блокчэйн. У сістэме адукацыі тэхналогія блокчэйну можа выкарыстоўвацца для пацвярджэння сапраўднасці электронных дакументаў.

Сяр­гей Паблагуеў: «Трэ­ба вы­хо­дзіць з зо­ны кам­фор­ту і спра­ба­ваць штось­ці змя­ніць...»

Чужыя тут не ходзяць

— Штучны інтэлект — гэта не кібарг, а набор тэхналогій, аб'яднаных агульнай назвай, якія могуць палепшыць наша жыццё, — тлумачыць дырэктар ТАА «Сінезіс Стратус» Сяргей ПАБЛАГУЕЎ. — Напрыклад, у школе ёсць шмат працэсаў, якія можна спрасціць: я маю на ўвазе бяспеку, арганізацыю на яе тэрыторыі прапускнога рэжыму ці працэсы, якія патрабуюць ідэнтыфікацыі асобы, скажам, пры атрыманні харчавання. Гэта можна рабіць з выкарыстаннем ужо даступных інструментаў, якія ёсць на ўзбраенні нашай кампаніі. У прыватнасці, я кажу пра сістэму відэааналітыкі Kіроd, якая ўмее распазнаваць асобу.

У адной са сталічных школ ужо распачаліся выпрабаванні сістэмы бяспекі на аснове штучнага інтэлекту: у будынку і на яе тэрыторыі ўстаноўлены камеры, здольныя ў рэжыме рэальнага часу ідэнтыфікаваць усіх наведвальнікаў па прынцыпе «свой—чужы».

Сістэма здольная не толькі распазнаваць (з дакладнасцю 95—98 працэнтаў) і весці ўлік вучняў, але і адпраўляць праз месенджары інфармацыю іх бацькам (калі дзіця прыйшло ці пакінула тэрыторыю школы). Яна больш надзейная, чым карткавая, якой карыстаюцца зараз паўсюдна. Колькасць людзей у кадры неабмежаваная плюс платформа імгненна вызначае, хто перад камерай — свой вучань або староннія дарослыя ці дзеці. Для новых наведвальнікаў школы прадугледжана хуткая рэгістрацыя праз месенджар. А інфармацыя аб незарэгістраваных «гасцях» адразу паступае ў службу бяспекі.

Пастаянных вучняў і персанал ўключаюць у базу даных (для гэтага хапае аднаго рабочага дня). Далей штучны інтэлект сам збірае і запамінае інфармацыю аб іх адзенні, прычосцы, узроставых змяненнях, што адбываюцца. Гэта павялічвае дакладнасць распазнавання. Дзякуючы новай тэхналогіі не трэба правяраць наведвальнасць па спісе, сістэма робіць гэта сама.

Kіроd ужо працуе ў маскоўскім і мінскім метро, Генштабе ўзброеных сіл у Расіі, сістэму выкарыстоўваюць Міністэрства абароны, Дзяржаўны мытны камітэт і МУС Беларусі і Азербайджана. Год таму кіраўніком нашай дзяржавы было прынята рашэнне аб стварэнні рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. Ужо абвешчаны конкурс на выбар тэхнічнага аператара платформы маніторынгу. «Я лічу, што інтэграцыя школ у гэту сістэму вельмі важная, — падкрэслівае Сяргей Паблагуеў, — ім трэба толькі ўбудавацца ў сістэму, на якую збіраюцца выдаткаваць сотні мільёнаў долараў. Хтосьці можа мне запярэчыць і сказаць, што сёння для многіх кіраўнікоў больш актуальны рамонт класа, але калі мы не пагрузімся ў лічбавую трансфармацыю і не пачнём ёй кіраваць, то заўтра ўжо яна пачне кіраваць намі».

Хто спіць на ўроку?

Яшчэ адна магчымасць — вызначэнне інтэлектуальнымі сістэмамі эмоцый людзей і атрыманне зваротнай сувязі. Як запэўнівае Сяргей Паблагуеў, распазнаванне — рэальна складаная матэматычная задача, але для сучасных сістэм аналітыкі яна цалкам вырашальная. Ад таго, што расказваюць спецыялісты, проста займае дух. Атрымліваючы даныя са шматлікіх крыніц, можна «ўбачыць» не толькі, што дзеці па ўсёй краіне «спяць» на пэўных уроках (скажам, на гісторыі пасля матэматыкі ці фізкультуры), а як успрымаецца навучэнцамі той ці іншы вучэбны матэрыял (не ўсё ж, у рэшце рэшт, залежыць ад настаўніка). Якая тэма «кульгае»? Толькі ў адным рэгіёне ці па ўсёй краіне? Гэта інфармацыя будзе карыснай тым, хто стварае вучэбныя праграмы і піша падручнікі, складае школьны расклад. У які час лепш распачынаць заняткі? Гэта таксама можна прааналізаваць. Напрыклад, можна сабраць з усёй краіны інфармацыю па паспяховасці дзяцей па пэўным прадмеце па канкрэтнай тэме ў канкрэтны адрэзак часу. Рэакцыя, зафіксаваная ў адным класе, канешне, не рэпрэзентатыўная, але калі такіх рэакцый тысячы па ўсёй краіне! Абыякавасць, самота, раздражненне, агрэсія — усе эмоцыі фіксуюцца, і на падставе іх аналізу робяцца адпаведныя высновы. Гэта можа стаць дадатковым інструментам для спецыялістаў. Можна аператыўна ўнесці змяненні ў праграму, адкарэктаваць пэўныя нюансы, бо, напрыклад, тэма можа быць выкладзена так, што дарослым яна зразумелая, а дзецям — не. Узнікае пытанне, а ці падтрымаюць прысутнасць штучнага інтэлекту ў вучэбных аўдыторыях настаўнікі, бо многія могуць разглядаць укараненне такой сістэмы, як кантроль за іх працай?

— Я лічу, што трэба выходзіць з зоны камфорту і спрабаваць штосьці змяніць, — кажа Сяргей Паблагуеў.

— У нас ёсць шанц стаць лакаматывам, які будзе рухаць не толькі ўсю сістэму адукацыі, але і эканоміку ў цэлым, — лічыць Павел Ліс. — Хуткасць прыняцца рашэнняў надзвычай важная. Мы будзем або першыя, або ўжо не мае сэнсу, якія мы будзем...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА і ГІАЦ

Загаловак у газеце: Не проста мода

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

«Славянскі базар у Віцебску»: не «бывай», а «да сустрэчы»!

«Славянскі базар у Віцебску»: не «бывай», а «да сустрэчы»!

Адбылося ўрачыстае закрыццё фестывалю.

Спорт

Дзяніс Валынцаў: Польшча стала для мяне добрым трамплінам

Дзяніс Валынцаў: Польшча стала для мяне добрым трамплінам

Пра лёс і гандбол за 40 хвілін ад беларускай мяжы.

Грамадства

Як працуюць нарыхтоўшчыкі чарніц у сезон

Як працуюць нарыхтоўшчыкі чарніц у сезон

«За два тыдні зарабіў 1400 рублёў».