Вы тут

Як павысіць свае шанцы на ЦТ?


Больш як 45 тысяч чалавек прыйдуць у панядзелак у пункты правядзення тэсціравання, каб здаць экзамен па матэматыцы. А на тэсты па фізіцы запісаліся 25,5 тысячы чалавек. Гэтыя дзве дысцыпліны для абітурыентаў традыцыйна самыя складаныя, таму і сярэдні бал па іх самы нізкі. Між іншым, поспех на экзамене залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку і ад псіхалагічнага стану самога абітурыента, яго нацэленасці на вынік. Каб павысіць шанцы на ЦТ, мы дадзім абітурыентам некалькі парад, якія могуць аказацца карыснымі.


У час падрыхтоўкі да іспытаў належыць працаваць з тэставым матэрыялам, розным па форме падачы, каб на тэсціраванні не прапусціць ключавой інфармацыі. Прыйшоўшы на цэнтралізаванае тэсціраванне, абітурыент спадзяецца ўбачыць ужо знаёмыя і адпрацаваныя тыпы заданняў, якія ён неаднойчы рашаў з настаўнікамі ці самастойна. Але часам нават нязначнае змяненне фармулёўкі збівае яго з толку і прымушае ўсумніцца ва ўласных ведах.

Алгарытм рашэння задачы павінен узнікаць ужо ў працэсе чытання ўмовы. Першыя заданні ўвогуле можна рашаць вусна, але для гэтага трэба, як кажуць, набіць руку. Адна з самых распаўсюджаных памылак — гэта ўспрыманне памераў задачы: абітурыентам здаецца, што чым большая па аб'ёме задача, тым больш складана яна рашаецца. На практыцы ў большасці выпадкаў гэта не так. Чым больш аб'ёмная ўмова задачы, тым больш яна змяшчае зыходных даных. Падставіўшы іх у патрэбныя формулы, абітурыент атрымлівае адказ, у той час як у задачах з невялікай колькасцю даных усю неабходную інфармацыю для пошуку правільнага варыянта абітурыентам даводзіцца шукаць самастойна.

Даволі часта ўказанне на правільны алгарытм рашэння змяшчаецца ў самой умове задачы і канцэнтрацыя ўвагі на ёй дапамагае гэты алгарытм распазнаць. Некаторыя заданні можна рашаць больш хутка, калі не шукаць адразу правільны адказ, а паслядоўна выключаць тыя, якія яўна не падыходзяць. Метад выключэння дазваляе канцэнтраваць увагу на адным-двух варыянтах, што значна спрашчае задачу. Лічыцца, што заданні размяшчаюцца па нарастанні ўзроўню складанасці і выконваць іх трэба па парадку. Тым не менш паняцце складанасці — даволі суб'ектыўнае, і, магчыма, некаторыя заданні часткі В, якія не маюць падказак, менавіта для вас не будуць цяжкімі.

Нярэдка прычынай дапушчаных на тэсціраванні па фізіцы і хіміі пралікаў становіцца матэматычная падрыхтоўка: гэта значыць, што, правільна рашыўшы задачу «фізічна», абітурыенты дапускаюць памылкі ў рашэнні сістэмы ўраўненняў, у матэматычных пераўтварэннях формул, пры выкананні дзеянняў з вектарамі, трыганаметрычнымі функцыямі і гэтак далей. Некаторыя абітурыенты памыляюцца пры аналізе графікаў, не могуць прымяніць правілы прыблізных вылічэнняў, правільна акругліць канчатковы адказ, не ўлічваюць вектарны характар фізічных велічынь.

Памылкі на ЦТ па фізіцы могуць быць звязаны з няўменнем прымяняць законы фізікі ў канкрэтных сітуацыях, многія абітурыенты няправільна рашаюць задачы з прычыны фармальнага ведання фармулёвак асноўных фізічных законаў, іх матэматычных выражэнняў, няўважлівага прачытання ўмоў задач і малюнкаў, што іх суправаджаюць. Замест уважлівага аналізу ўмоў задачы ўдзельнікі тэсціравання спрабуюць проста «падабраць» формулу, якая, на іх погляд, падыходзіць, і «падставіць» значэнні зададзеных велічынь (адна з найбольш распаўсюджаных памылак). Калі ваш адказ супадае з адным з варыянтаў адказаў, то гэта яшчэ не значыць, што ён правільны, таму што складальнікі тэстаў улічваюць тыповыя памылкі пры рашэнні гэтага задання і на падставе гэтага фарміруюць варыянты адказаў.

На ЦТ не бывае непісьменна складзеных заданняў, а тым больш памылак у заданнях і адказах. Таму, калі ваш адказ у заданні часткі «А» не супадае ні з адным з прапанаваных, шукайце памылку ў сваім рашэнні і вылічэннях.

Калі лічбавы адказ атрымліваецца ў выглядзе дробу, то яго трэба акругліць да цэлай лічбы па правілах матэматычнага акруглення. Нельга запісваць адказ у выглядзе матэматычнай формулы ці выразу. Нельга ўказваць таксама і адзінкі вымярэння (градусы, працэнты, метры, тоны), рабіць каментарыі да лічбы.

Правільная самаарганізацыя — залог поспеху на ЦТ. Педагагічныя тэсты — не школьная кантрольная работа, і дэфіцыт часу — адна з умоў выканання тэста, які дазваляе дыферэнцаваць абітурыентаў па ўзроўні іх падрыхтоўкі. Трэба вучыцца пераразмяркоўваць час: выкананне заданняў 1-2 узроўняў складанасці трэба даводзіць да аўтаматызму, каб больш часу засталося для рашэння разліковых задач і ланцужкоў пераўтварэнняў. Апошнія 10—15 хвілін прысвяціце праверцы правільнасці запаўнення бланка адказаў, бо кожная памылка ў адказе, у тым ліку апіска, дапушчаная ў момант запаўнення бланка, прыводзіць да таго, што задача лічыцца нярэшанай, таму не спяшайцеся запаўняць бланк адказаў. Памятайце, што выправіць можна толькі шэсць памылковых адказаў у частцы «А». Рэкамендуецца ўсе атрыманыя адказы пазначаць спачатку не ў бланку, а ў чарнавіку, і толькі пад канец экзамену, калі ўсё адно наўрад ці вы зможаце рашыць яшчэ хоць адно заданне, запаўняць бланк адказаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Пераходны ўзрост не толькі выпрабоўвае на трываласць самога падлетка і яго бацькоў...

Грамадства

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Памеры дзіцячых выплат бываюць нават большыя за заробак.

Грамадства

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі.