Вы тут

У паўфінале «Жывой класікі» сабраліся найлепшыя чытальнікі


Паўфінал конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка» гэтымі днямі прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Сёлета ён прысвечаны Году малой радзімы. Таму ўдзельнікі выбіралі адпаведныя творы, якія апяваюць хараство роднай зямлі.


У журы ўвайшлі прадстаўнікі ўстаноў, што заснавалі конкурс, — Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, Саюза пісьменнікаў Беларусі, — а таксама іншыя творцы і грамадскія дзеячы. Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена СТЭЛЬМАХ зазначыла:

— Старонкі кніг нібы ажылі, бо гучалі самыя лепшыя вершы, самыя адметныя выбраныя ўрыўкі з прозы. Ажылі таксама і героі — усе ўдзельнікі вельмі вобразна і маляўніча падышлі да стварэння сваіх вобразаў, каб перадаць сэнс выбраных твораў. Хочацца пажадаць, каб тыя хваляванні, з якімі юныя чытальнікі завітвалі сюды, былі ўвасоблены ў добрыя вынікі рэспубліканскага конкурсу.

Чытальнікі ўсіх узростаў — і першакласнікі, і старэйшыя школьнікі па-свойму здзіўлялі майстэрствам чытання нашай класікі, сваёй яскравай эмацыянальнасцю, добра падабранымі вобразамі.

Члены журы звярталі ўвагу на тое, наколькі глыбока і пранікнёна чытальнік пагрузіўся ў твор, які быў ім абраны. Наколькі твор адпавядаў тэматыцы сёлетняга конкурсу — «Жывая класіка. Прысвячэнне малой радзіме». Вядома, члены журы мелі на ўвазе і той артыстызм, з якім выконваліся творы. Такім чынам, у кожнай узроставай катэгорыі былі абраны па тры пераможцы.

Уладзіслаў Пракапенка з Мінска чытаў верш Артура Вольскага «Дзедаў госць». Ён расказаў карэспандэнту «Звязды», як рыхтаваўся да конкурсу:

— Прачытаўшы гэты верш адзін раз, я вельмі добра сабе ўявіў усё, што ў ім адбываецца. Можна сказаць, што ён запаў мне ў душу, таму вырашыў яго прачытаць. Я ўявіў сабе, як дзейнічаюць героі, у якім памяшканні. Падобную хату, як у вершы, я бачу ў сваіх бабулі і дзядулі ў вёсцы Скрыбаўцы Шчучынскага раёна. Дзед з гэтага твора нагадаў мне ўласнага дзядулю. Увогуле я часта вучу на памяць і чытаю вершы. Мае любімыя паэты — Якуб Колас і Артур Вольскі. Я вельмі люблю беларускую літаратуру, бо яна напісана на нашай роднай мове... Калі я чытаю пра тое, дзе герой твора сумуе, то ў маёй душы таксама з'яўляецца сумны смайлік. А калі твор радасны — то і ў мяне ў душы радасны смайлік!

Фінал рэспубліканскага конкурсу «Жывая класіка» адбудзецца 2 верасня. Ён пройдзе ў межах Дня беларускага пісьменства, які сёлета будзе ладзіцца ў Іванаве.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».