Вы тут

Яўген Крыжаноўскі: Я быў за жонкамі як за каменнай сцяной


Гумарыст Яўген Крыжаноўскі пра сям'ю, халасцякоў,дзіцячыя перадачы і серыялы.

Ранкам у будны дзень Яўгена КРЫЖАНОЎСКАГА можна застаць на дзіцячай кінастудыі. Месца, дзе ствараецца праграма «Гумарынка», — гэта ўсяго тры пакоі над Музеем прыроды. «Мы, дарэчы, збіраемся падаць заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самая маленькая кінастудыя», — дзеліцца артыст. Ён, як заўсёды, у касцюме і чырвоным гальштуку. Усміхаючыся, кажа, што толькі аднойчы прыехаў на работу ў шортах (не паспеў пераадзецца пасля лецішча), — дзеці былі ў шоку.

Яўген расказаў нам, хто падказвае сюжэты для «Гумарынкі», як заставацца ў добрых адносінах з пяццю жонкамі, чым можна ўтрымаць мужчыну ў сям'і і чаму Крыжаноўскія не купляюць посуд.


Вя­до­мы гу­ма­рыст у акру­жэн­ні сва­іх жан­чын.

«Кожны месяц праводзім кастынгі»

— Нядаўна вы адзначылі дзень нараджэння. Задаволены тым, якім сустракаеце 64-ы год?

— Часам задаюць пытанне: калі б вы нанова нарадзіліся, што памянялі б? Я б зноў пайшоў па гэтым шляху. Крыжаноўскі — гэта раўнабедраны трохвугольнік: сям'я, творчасць і палітыка (артыст з'яўляецца намеснікам старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. — Аўт.). Без кожнага боку я не змагу жыць. Таму я задаволены сабой. Адзінае, не падабаюцца мая вага (змагаюся з ёй ужо 15 гадоў) і ўзрост. (Усміхаецца.) Калі разумееш, што большая частка жыцця прайшла, становіцца горка і крыўдна, што так імкліва ўсё праляцела. Дзякуй богу, здароўе ёсць. Толькі што быў у «лечкамісіі» — я там абслугоўваюся як заслужаны артыст — на штогадовым медаглядзе і ўрач з усмешкай сказала: «Можна адпраўляць у дэсант».

— Шмат працуеце?

— Вельмі. Цяпер палова на дзясятую, а я ўжо з васьмі на рабоце. Ніхто, апроч мяне, сцэнарый не напіша, рэжысуру не прадумае. А дома колькі ні спрабаваў — працаваць не атрымліваецца: не тое месца. Хоць і камп'ютар ёсць, і дзеці на дыбачках ходзяць, каб не перашкаджаць.

— Тры гады таму вы адкрылі дзіцячую кінастудыю «Гумарынка». Лёгка працаваць са школьнікамі?

— З дзецьмі вельмі цікава, але і цяжка. Здымкі троххвіліннай серыі ідуць тры гадзіны, але асноўны сюжэт трэба запісаць за 40 хвілін. Калі за гэты час не паспеў зняць самае галоўнае, ты праваліў заданне. Нездарма ўрокі ідуць 45 хвілін — потым школьнікі становяцца няўседлівымі. Рабіць перапынак падчас здымак катэгарычна забаронена, бо потым дзяцей увогуле не збярэш. Але мы метадам бізуна і перніка налаўчыліся запісваць серыі.

Малыя называюць мяне дзядзькам Жэнем. А некаторыя звяртаюцца афіцыйна — Яўген Крыжаноўскі. У нас ёсць традыцыя — абдымашкі: гэта зараджае энергіяй.

Кожны месяц мы праводзім кастынгі, нягледзячы на тое, што на студыі ўжо займаецца 90 чалавек, і гэтага хапае. Чаму? Шмат заявак прыходзіць. І кожны раз пераконваемся, што таленавітых дзяцей вельмі многа ў Беларусі. Мы арганізавалі свой лагер «Канікулы з «Гумарынкай», дзе школьнікі не толькі адпачываюць, але і знаёмяцца з азамі кінавытворчасці і літаральна з першых дзён пачынаюць здымацца.

— Дзіцячы гумар адрозніваецца ад дарослага?

— Так. Адказваючы на папрокі многіх калег, якія лічаць, што ў праграме прымітыўны гумар, хачу сказаць: інакш тут не можа быць! Дзеці не будуць смяяцца над двухсэнсоўнымі рэчамі ці паўнамёкамі. Ім трэба падаваць жарты проста. «Хлопчык, што гэта такое?» — кажа настаўніца, паказваючы на глобус. Той паглядзеў, пачухаў патыліцу: «Гэта чучала зямлі». Усё, дзеці смяюцца.

Матэрыялу для серый вельмі шмат. Гісторыямі дзеляцца і настаўнікі, і дырэктары школ, і бацькі. Толькі збірай і складай сюжэты.

Яў­ген Кры­жа­ноў­скі з доч­ка­мі.

«Самае страшнае — гэта адзінота»

— У адным інтэрв'ю вы казалі, што шкадуеце халасцякоў. Чаму?

— Яны жывуць дарма — як і кожны, хто жыве толькі для сябе. Я сам быў халасцяком шмат разоў. Спачатку ты радуешся, што прыйшла свабода і ўсё, што зарабляеш, застаецца толькі табе. Але гэта пачуццё вельмі хутка праходзіць. Праз тыдзень разумееш, што няма з кім паразмаўляць. Праз тры ўжо выеш ад адзіноты. Самае страшнае — гэта адзінота. Калі прыходзіш дадому і няма побач цвёрдага мужчынскага ці мяккага жаночага пляча.

Вось кажуць, што творчыя асобы — усе гулякі, распуснікі, мнагажэнцы... Справа ў тым, што артыстам патрэбна менавіта другая палова, а не проста так, каб хтосьці быў побач. У некага атрымліваецца знайсці яе з першага разу, у мяне — не. Таму я пяць разоў быў жанаты. Але да ўсіх сваіх жанчын стаўлюся з вялікай павагай і лічу іх жонкамі і цяпер. Менавіта яны зрабілі тое, што сядзіць перад вамі. Бо калі б яны не займаліся мыццём, гатаваннем, дзецьмі, то я б не змог удзяляць час толькі творчасці. Я быў за жонкамі як за каменнай сцяной.

Мы ўсе падтрымліваем добрыя адносіны, сустракаемся. Такая вялікая сям'я — жанчыны і я. Чым магу, дапамагаю ім. Удзячны цешчам за тое, што даравалі мне сыходы ад іх дачок. Я, вядома, выключэнне з правіл, такога не бывае.

— Няўжо ваша цяперашняя жонка Ганна спакойна ставіцца да таго, што частка грошай сыходзіць з сям'і?

— Так. Яна сама кажа: «Жэня, трэба дапамагчы». Быў час, калі мы жылі толькі на Анін заробак, бо, калі толькі сустрэліся, маёй малодшай дачцэ ад папярэдняга шлюбу быў усяго месяц: як я не дапамагу? Я аддаваў усё ім. І ні слова Аня не сказала. Яе прыняла ў сям'ю цешча па былой жонцы. Калі мы ехалі на лецішча, яна сказала: «Жэнька, вязі сваю Аньку ўжо да нас». І фінал такі, як у фільме «Белае сонца пустыні»: «Спадар назначыў мяне любімай жонкай». Уяўляеце, мая былая стала хроснай мамай дачкі ад маёй новай жонкі. Святыя людзі!

— Як вам удаецца сябраваць з імі ўсімі?

— Я разумею, што нельга прычыняць боль роднаму чалавеку. Ведаю мужчын, якія б'юцца за кожную капейку, судзяцца з жонкамі за квадратныя метры. Я ўсё аддаваў — аўтамабілі, кватэры. Начаваў у машынах, у сяброў, усё нанова пачынаў. Магчыма, таму на мяне зла ніхто і не трымае.

«Жанчына павінна быць гаспадыняй»

— Чым скараеце спадарынь?

— Не прыгажосцю, безумоўна. (Усміхаецца.) Скараў добрым пачуццём гумару (жанчыны танчэй яго ўспрымаюць, як і мастацтва ў цэлым), нейкім рыцарствам... Вось хто сёння пойдзе на дуэль дзеля жанчыны? Цяпер фішка — адкасіць ад арміі. У мой час не служыць было ганьбай: ты хворы! А зараз мамчыны сынкі вакол.

Рыцарскія паводзіны — гэта не толькі подзвігі: важныя дробязі. Выходзячы з аўтобуса, падаваць руку, не лаяцца пры жанчыне, хадзіць у краму і несці торбы. Жанчыны любяць вушамі: ім трэба чуць прыемныя словы. Але гэта разумееш толькі з узростам — па маладосці да народнай мудрасці не прыслухоўваешся. (Смяецца.)

— Самі што цэніце ў жанчынах?

— Пачуццё гумару ў першую чаргу. Вытанчанасць мне падабаецца. Не люблю грубых жанчын. Але, мне здаецца, грубасць — гэта больш ахоўная абалонка: калі цябе з усіх бакоў крыўдзяць, можна стаць агрэсіўнай і злой.

— З Ганнай вы разам больш за 20 гадоў. Чаму толькі пятая спроба пабудаваць сямейнае жыццё аказалася ўдалай?

— Гэты шлюб чым шчаслівы? Бо сустрэліся дзіця і дарослы дзядзька, які з яго, як скульптар з легенды пра Галатэю, вылепіў сабе прыдатную пару. Калі мы пазнаёміліся, Ані было 19 гадоў, а мне — 42. Яна мяне на «вы» называла, гэта было так смешна. «Яўген Анатолевіч, можна я ў паход пайду?»... Аня расла разам са мной, убірала ў сябе ўсё, чым я жыву, — паходы ў тэатр, на здымкі. Мы разам глядзелі Таркоўскага і Данэлію. Мы думаем аднолькава. Неяк даў Ані спіс з 200 кніг, якія мусіць прачытаць кожны інтэлігентны чалавек. Яна прачытала іх усё. Я асіліў толькі палову. (Усміхаецца.)

Тое, што жонка маладзейшая за мяне на 23 гады, дае стымул трымацца. Заўсёды нашу касцюм: хачу падабацца жанчынам. Мужчына, які ходзіць у стаптаных чаравіках, у штанах, якія тапырацца, з пахам з рота, непаголены, з чорнымі пазногцямі, — не паважае сябе і іншых. У мяне тата быў такі ж, як я: у 70 гадоў прыхарошваўся перад люстэркам. Я таксама з раніцы прычэсваюся, адэкалонюся — хочацца быць прыгажуном.

— Думаю, вы павінны ведаць адказ на гэта пытанне: як утрымаць мужчыну ў сям'і?

— Шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнік. Закаханасць праходзіць, пачынаецца быт, і, калі жанчына не ўмее быць гаспадыняй, сужэнец сыдзе. Жанчына мусіць быць добрым псіхолагам: дзесьці падыграць, прытварыцца менш разумнай. Мужчына не любіць знявагі і каманды, таму трэба зрабіць, каб ён загадаў так, як патрэбна табе.

З жон­кай Ган­най і дач­кой Ксю­шай.

«Усе святы адзначаем разам»

— Як праводзіце час з сям'ёй?

— Мы з жонкай шмат ходзім — па шэсць-восем кіламетраў у дзень. У нас некалькі маршрутаў: адзін — уздоўж Камсамольскага возера, другі — уздоўж Свіслачы праз парк Горкага. Мы не проста ходзім, а размаўляем. Калі гуляем з дочкамі, той, хто расказвае пра свой дзень, ідзе па цэнтры. Гэта дапамагае нам не страчваць тую сувязь, якой даўно няма ў многіх сем'ях. У 90 працэнтах сем'яў зносіны — гэта «прывітанне, як маешся, нармальна». Сын запёрся ў пакоі і гуляе, бацькі глядзяць тэлевізар, дачка балбоча па тэлефоне. Мы стараемся гэтага пазбегнуць.

Не магу ездзіць на гастролі ці на міжнародныя фестывалі адзін. Пару разоў быў за мяжой без жонкі — вар'яцеў. Ну як захапляцца прыгажосцю вакол, калі побач няма чалавека, каб падзяліцца ўражаннямі?

— Ёсць у вас сямейныя традыцыі?

— Усе святы адзначаем разам. Новы год старэйшыя дочкі, зразумела, сустракаюць у сваіх кампаніях, але хоць на хвілінку забегчы дадому — абавязкова. Калядуем па суседзях. Глядзім і рэкамендуем адно аднаму фільмы. Цяпер усёй сям'ёй падселі на тры серыялы — «Гульня тронаў», «Свет Дзікага Захаду» і «Пераправа».

Адно з нашых агульных захапленняў — кераміка. Спачатку на курсы пайшла малодшая дачка, потым Аня зацікавілася. Цяпер з 15 чалавек у групе пяцёра Крыжаноўскіх. У нас дома ўжо няма звычайнага посуду: усе кубкі, талеркі, падносы, цукарніцы зроблены сваімі рукамі. А нядаўна нас запрасілі спусціцца па Нёмане на байдарках — тры дні падарожжа. Думаем паспрабаваць.

— Хто выконвае ролю строгага бацькі?

— Я вельмі мяккі чалавек. Усё звальваю на жанчын, бо хачу пражыць доўга і не псаваць сабе карму. (Усміхаецца.) Таму строгая ў нас мама. А я добры тата. Але часам бываю пудзілам, калі бачу, што дачка не слухаецца. Магу ўзяць рэмень: не б'ю — толькі раблю злы твар.

— Вывелі для сябе формулу шчасця?

— У кнізе «Як загартоўвалася сталь» Паўка Карчагін кажа: «Жыццё трэба пражыць так, каб не было нясцерпна балюча за бязмэтна пражытыя гады». Я б перарабіў канцоўку — «каб не было нясцерпна балюча за нецікава пражытыя гады». Даўно пераканаўся, што грошы не галоўнае. Можна і небагата жыць цікава. Самае каштоўнае — гэта сям'я і здароўе.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва героя

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.