Вы тут

Футбол і іншыя непрыемнасці


Ну вось, пачалося! Сёння ў кожнай хаце, дзе ёсць хоць адзін заўзятар футбола, — свята. І так да пачатку ліпеня, пакуль мундзіяль-2018 не стане гісторыяй.


Свята, праўда, не для ўсіх — для тых, хто футболам не цікавіцца ўвогуле і лічыць, што гэта проста дваццаць тры лайдакі (дваццаць трэці — суддзя) гойсаюць адзін за адным па полі, ганяючы мяч, падстаў радавацца асабліва няма. Не сакрэт, што большасць такіх вось спартыўна несвядомых таварышаў — замужнія жанчыны, і, калі паглядзець на чэмпіянат свету па футболе іх вачыма, сітуацыя выглядае прыкладна так. «Дома процьма работы, а мой сядзіць перад тэлевізарам і нічога, акрамя свайго футбола, не бачыць і бачыць не хоча. Замест таго, каб з дзецьмі заняцца (варыянты: траву пакасіць, паліцу прыбіць, вады прынесці і г. д.), ён будзе дзве гадзіны запар глядзець, хто выйграе — Егіпет ці Саудаўская Аравія. Гэткія самыя футбалісты, як і ён! Каб, дай бог, гэты тэлевізар сапсаваўся! Але не, да суседа пойдзе, яшчэ і піва там нажлукціцца. Вось каб якая маланка ў якую вышку шаснула, каб паказваць зусім перастала!..»

Палова ж, якая сядзіць перад тэлевізарам, думае прыблізна наступнае: «Адна з нямногіх радасцяў у гэтым жыцці — футбол паглядзець — і таго зрабіць па-людску не даюць. Яна пакуль маўчыць, але ходзіць па хаце з такой кіслай мінай, так посудам на кухні барабаніць, што нешта зараз абавязкова выдасць. А тут такі цікавы матч — Егіпет з Саудаўскай Аравіяй гуляе — арабы з арабамі, калі яшчэ такое ўбачыш. Можа, да суседа халастога пайсці, там спакойна паглядзець? Але ж тады ўвогуле немцы ў хаце будуць. Ды і што я, ужо ў сваёй хаце не гаспадар? Хай толькі паспрабуе што мне сказаць!..»

А сёлета зусім бяда: матчы развялі па гарадах вялізнай краіны, якія знаходзяцца ў розных часавых паясах. Таму пад дэвізам «але-але-але» аматары футбола і іх незадаволеныя палавіны будуць жыць цэлымі днямі — матч з Казані будзе транслявацца ў 13.00 па нашым часе, а гульня, якая ў той жа дзень пройдзе ў Калінінградзе, — у 22.00. Карацей, нясумна будзе ўсім...

І будуць у гэтага мундзіяля, як і, напэўна, ва ўсіх папярэдніх, свае ахвяры — узаемна пакрыўджаныя, зняважаныя, крый божа, яшчэ і пабітыя, і як вынік — на мяжы або ў працэсе разводу. У Ізраілі, напрыклад, да гэтага дайшло яшчэ да пачатку чэмпіянату: жонка выгнала мужа да бацькоў. Справа ў тым, што заўзятар перад сусветным першынством купіў аж чатыры тэлевізары (пэўна, дзеля таго, каб назіраць у рэжыме рэальнага часу за матчамі, якія праходзяць адначасова). Жанчыне не спадабалася такое марнатраўства, да таго ж, яна заявіла, што не хоча, каб яе жытло ператваралася ў шумны мужчынскі клуб, і папярэдзіла, што, калі муж не з'едзе на час чэмпіянату да бацькоў, яна прымусіць яго зрабіць гэта праз суд...

Карацей, барацьба, як у тым футболе, — тут табе і стратэгія, і тактыка, і гульнявое майстэрства. Толькі вось у выніку ніхто з «фіналістаў» не стане пераможцам. Хіба што... Аднойчы ён скажа: «Сядзь са мной, адпачні, паглядзі, як цікава». І пакладзе руку ёй на плячо. А яна, прысеўшы, раптам зразумее, што глядзець гэта можна — хоць бы таму, што на экране бегаюць дваццаць тры здаровыя падцягнутыя мужчыны, а побач сядзіць свой, можа, не такі падцягнуты, але ж родны і дарагі...

На футбольнай мове гэта завецца «Гуляць у адной камандзе». Што вам і жадае рабіць заўжды

Ваша «Сямейная газета»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».