Вы тут

Фотаздымак з гісторыяй. Лёс маёй прабабулі


Гавораць, што чалавек жыве да таго часу, пакуль яго помняць. Мне здаецца, што памяць часу непадуладная.


Пра­ба­бу­ля Ан­то­ся з пра­дзе­дам Аляк­санд­рам (зле­ва).

Свайго дзеда, Іосіфа Пракаповіча, я не памятаю. А вось прабабулю Антосю, маці майго дзядулі, якая памерла не так даўно, згадваем амаль кожны дзень.

Шмат чаго, што напісана ніжэй, мне неаднаразова даводзілася чуць ад прабабулі. А калі нельга было штосьці звязаць, дапамагала бабуля Зінаіда. Так ужо сталася, што прабабуля перажыла майго дзеда Юзіка, свайго адзінага сына, амаль на 10 гадоў. Няхай шчымлівая гісторыя маёй прабабулі стане прыкладам вытрымкі, цярпення і вялікай любові да жыцця.

Лёс гэтай жанчыны, Антаніны Мікалаеўны Філановіч — бабулі Антосі, — унікальны і непаўторны. У 1942 годзе яе, як самую меншую з дачок Пракаповічаў, адправілі гнаць скаціну ў Старобін. Гэтак жа, як і іншых маладых жыхароў вёскі Мілевічы (сённяшніх былых вязняў), павезлі на машынах-фургонах у Мінск, адтуль — у Германію.

Кожнага з палонных спасціг свой лёс. Бабуля Антося заўсёды прыгадвала, што ёй тады не было яшчэ і пятнаццаці гадоў. Ехала ў Германію і думала толькі аб тым, як там маці з пяццю старэйшымі сёстрамі. Пашанцавала ім: у час аблавы ўцяклі ў лес. Аднак няўмольны лёс распарадзіўся так, што праз месяц у лесе, калі маці ішла на хутар да сваёй сястры, яе застрэлілі нямецкія аўтаматчыкі.

А ў той час многія сяброўкі Антаніны Мікалаеўны і яна сама былі ў далёкай Германіі, горадзе Кістрыне. Хто трапляў да гаспадароў — таму было лягчэй: працавалі па хатняй гаспадарцы. Бабулі не пашанцавала: яна была самай малой з усіх і па гадах, і па росце, таму і трапіла ў агульнае месца жыхарства — стайню.Там жылі палонныя: асобна юнакі і асобна дзяўчаты. Кожны з іх ведаў свайго дзённага гаспадара. Менавіта яны і вызначалі, колькі і якой работы трэба было зрабіць за дзень. Пайкі для іх былі таксама розныя. Бабулі, як самай меншай, выдавалі паёк для непаўналетняй.

Працавалі пераважна на полі: саджалі капусту і іншую агародніну. Над рабочымі былі наглядчыкі, у параўнанні з гаспадаром вельмі жорсткія. Калі не будзеш працаваць, маглі адразу ж забіць. Калі-нікалі на поле заглядаў гаспадар. Пацягне за лісцік капусту, калі лісцік адарвецца — то добра пасаджана, калі выцягнецца каліўца разам з коранем — дрэнна. Часта за гэта кара́лі ўдарамі пугі.

Часта бабулю ахопліваў страх, што не выжыве, ніколі больш не сустрэнецца з маці і сёстрамі.

Пра­ба­бу­ля з сы­нам і ня­вест­кай  (ма­ім дзя­ду­лем і ба­бу­ляй).

Разам з дзяўчатамі на полі працавалі і мужчыны-палякі. Да вайны бабуля скончыла чатыры класы польскай школы і добра размаўляла па-польску. Менавіта гаворка і агульны лёс зрабіў яе блізкай з палякам Юзікам Вайцюхоўскім. Праз усё жыццё пранесла яна каханне да гэтага чалавека. Нягледзячы на тое што жыў ён у такіх жа ўмовах, як і бабуля, штовечар прыбягаў да яе за чатыры кіламетры, а раніцай спяшаўся назад, каб ніхто не заўважыў, што яго не было. У стайні, акрамя бабулі, жылі яшчэ васьмёра дзяўчат. Спачатку яны спалі на сене, пазней зрабілі нары. Сяброўкі зайздросцілі бабулі: было каму яе і абняць, і пацалаваць. Любіла бабуля ўспамінаць: «Схаваемся мы з Юзікам у самы вугал канюшні і прагаворым усю ноч». У той час ёй было шаснаццаць. Не было ні стомы, ні незадаволенасці — толькі каханне.

У 1945 годзе, калі ўжо палонных вызвалілі, Юзік зваў яе з сабою, аднак яна не згадзілася: вельмі хацелася хутчэй сустрэцца з маці і сёстрамі. Каб на той час ведала, што маці ўжо няма, — паехала б з Юзікам. А тады, у 1945 годзе, яго, паляка, да нас не пусцілі... Антося адчувала, што нешта нездаровіцца, нядобра. І толькі калі прыехала дадому, зразумела: цяжарная. Юзік быў старэйшы за бабулю на чатыры гады.

Колькі лістоў ні пісала, усе назад прыходзілі: няправільны быў адрас.

Ужо тут, на радзіме, яна нарадзіла хлопчыка. Часта думала і паўтарала гэта і ў старасці: вось праклятая вайна, мала што мой лёс зламала, ды яшчэ і дзіця без бацькі расце. Назвала яна свайго хлопчыка Юзікам. І кожны раз, калі сынок пытаў, дзе яго бацька, яна тлумачыла, што ад яго табе засталося толькі імя.

Не разумелі яе сёстры, таму і вымушана была пайсці замуж за ўдаўца, у якога было сямёра дзяцей. Самай большай дзяўчынцы было дванаццаць гадоў, самай меншай — паўтара года. Адбылося гэта ў 1957-м. Антаніна Мікалаеўна працавала даяркай, а ўдавец Аляксандр быў загадчыкам на ферме. Муж яе па-свойму любіў і клапаціўся аб ёй. Бачыў, як пакутавала яна ад таго, што сёстры да яе не вельмі добра ставіліся і дапякалі яе любімым сыночкам. Па сутнасці, яна стала маці асірацелым дзецям, а вось агульных дзяцей Бог ім не даў.

Нядоўгім быў век яе сына Юзіка. Ва ўзросце пяцідзесяці гадоў ён раптоўна памёр. Да гэтага збіраўся разам з меншай дачкой напісаць на перадачу «Чакай мяне». Але ж не атрымалася... Бабулю Антосю, якой было ўжо за восемдзесят, вельмі шанавалі, любілі і яе дочкі-падчаркі, і ўнукі, і праўнукі.

Мікіта Ефімовіч, вучань 8 класа Мілевіцкага дзіцячага сада — базавай школы

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома. Здымкі (не больш за тры) з невялікай гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а, 220013, г. Мінск або іnfо@zvіаzdа.bу. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.