Вы тут

Эканамічныя адносіны паміж Беларуссю і Індыяй варта развіваць больш рашуча


Аб гэтым учора заявіў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са спікерам Лок Сабхі (ніжняй палаты) парламента Індыі Сумітрай Махаджан.


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рады гэтай сустрэчы, асабліва ў кантэксце саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва: на яго палях беларускі лідар неаднойчы абмяркоўваў з прэм'ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі адносіны дзвюх дзяржаў, бакі намецілі перспектыўныя напрамкі.

«Ваш візіт у Беларусь — гэта ўмацаванне адносін кіраўніцтва Беларусі з кіраўніцтвам Індыі, — адзначыў Прэзідэнт. — І нам вельмі хацелася б, каб гэтыя палітычныя кантакты мелі пад сабой вельмі трывалую гандлёва-эканамічную аснову».

Беларускі лідар падкрэсліў: улічваючы адзінства меркаванняў Беларусі і Індыі па міжнародным парадку дня, улічваючы ўзаемавыгадную падтрымку дзвюх дзяржаў у міжнародных арганізацыях — перш за ўсё ў ААН, — нам варта рухацца больш рашуча і актыўна ў развіцці эканамічных адносін, у сферы інвестыцый.

Паводле слоў Прэзідэнта, ёсць усе магчымасці для таго, каб перайсці ад простага гандлю да сумеснага інвеставання, стварэння сумесных прадпрыемстваў — як у Індыі, так і на тэрыторыі Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калісьці ён прапанаваў Індыі стварыць адпаведны індустрыяльны парк на ўзор супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што можна таксама выкарыстоўваць транспартна-лагістычныя магчымасці Беларусі для гандлю індыйскімі таварамі ў Еўропе ў цэлым, ва Усходняй Еўропе і рэгіёне ЕАЭС.

«Прапанова застаецца ў сіле, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Я ведаю, што ваш бок станоўча ўспрымае такія прапановы. Хацелася б, каб мы больш аператыўна пераходзілі на рэйкі будаўніцтва гэтага парка ў Беларусі».

«Улічваючы ролю парламента ў Індыі, я прасіў бы вас узяць пад сур'ёзны кантроль напрамак супрацоўніцтва вашай краіны з Беларуссю — і асабліва ў сферы інвестыцый», — дадаў беларускі лідар.

Сумітра Махаджан адзначыла, што вельмі рада пабываць у Беларусі. Спікер ніжняй палаты парламента Індыі таксама дадала, што тут яна ўпершыню і ёй у нас вельмі падабаецца, і падзякавала Прэзідэнту за магчымасць наведаць нашу краіну.

«Нашы адносіны заснаваныя на сяброўстве, якое склалася гістарычна. І тая падтрымка, якую мы аказваем адно аднаму на міжнароднай арэне, — гэта, вядома, сімвал і знак нашага сяброўства, — адзначыла яна. — Але я таксама разумею, што адным сяброўствам сыты не будзеш. Таму трэба развіваць нашы гандлёва-эканамічныя адносіны, каб гэта было ўзаемавыгадна».

Індыйская парламенцкая дэлегацыя на чале са спікерам прыбыла ў Беларусь вечарам 9 чэрвеня, сёння днём яна пакіне нашу краіну. Як паведамляла «Звязда», днямі з гасцямі з Індыі сустрэліся старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч, а таксама старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка.

Праграма візіту ўключала наведванне ААТ «МТЗ», Парка высокіх тэхналогій, Беларуска-індыйскага вучэбнага цэнтра ў галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій імя Раджыва Гандзі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, дэлегацыя сустрэлася з прадстаўнікамі індыйскай абшчыны ў нашай краіне.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Сяброўства як аснова для бізнесу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».