Вы тут

Учора ў Беларусі стартавала ЦТ


Беларускую мову (а менавіта з тэста па роднай мове і распачаўся двухтыднёвы экзаменацыйны марафон) сёлета пажадалі здаваць каля 25 тысяч чалавек. Усяго пад правядзенне ЦТ у Беларусі задзейнічаны 41 пункт.

У БДУІРы пісалі тэст па беларускай мове ў гэты дзень 267 чалавек. Для іх у чацвёртым корпусе ўніверсітэта былі падрыхтаваны дзве вялікія аўдыторыі. 14 чэр­ве­ня зда­ваць рус­кую мо­ву ў БДУ­ІР прый­дуць у пяць ра­зоў больш абі­ту­ры­ен­таў, і, каб іх раз­мяс­ціць, да­вя­дзец­ца за­дзей­ні­чаць ужо 13 аў­ды­то­рый у двух кар­пу­сах.


Знайдзі сябе ў спісах

На гадзінніку 9.40. Абітурыенты актыўна падцягваюцца да пункта правядзення ЦТ. На ўваходзе іх сустракае памятка: «Твае дзеянні, абітурыент!»: «1. Знайдзі сябе ў спісах размеркавання па аўдыторыях. 2. Пры ўваходзе ў корпус прад'яві свой пропуск і пашпарт. 3. Здай рэчы (курткі, парасоны, рукзакі і сумкі) у гардэроб, размешчаны на цокальным паверсе. Абітурыентам забараняецца праносіць у аўдыторыі, дзе праводзіцца тэсціраванне, любыя прадметы, акрамя дакумента, які сведчыць асобу, пропуска і ручкі з чарнілам чорнага колеру».

Хтосьці прыходзіць на ЦТ адзін, кагосьці суправаджаюць да дзвярэй бацькі, каханы хлопец ці дзяўчына. Заўважаем купку маладых людзей, падыходзім, каб з імі пазнаёміцца. Высвятляецца, што дружнай кампаніяй на экзамен прыехалі аднакласнікі з жодзінскай гімназіі № 1, выпускнікі фізіка-матэматычнага класа: браты Андрэй і Мікіта Шапшукі, Захар Млынарчык і Ангеліна Сяліцкая (трое з іх — залатыя медалісты). Кажуць, што выбар беларускай мовы для іх быў цалкам натуральны, бо «яна нам бліжэй». Ніхто з іх не стаў падстрахоўвацца і здаваць яшчэ і рускую мову. Абсалютна відавочна, што маладыя людзі ўжо здзейснілі свой прафесійны выбар: усе нацэлены на паступленне менавіта ў БДУІР, але пакуль асцярожнічаюць. «Так, хацелася б трапіць на ФКСіС, бо гэта найлепшы факультэт у свеце, але паглядзім, якія будуць балы», — смяецца Андрэй Шапшук.

Ангеліна адзіная з кампаніі, хто будзе здаваць на ЦТ чатыры дысцыпліны: вырашыла здаць яшчэ і англійскую мову. «Але спадзяюся, што ўсё будзе добра, і я нацэлена ў першую чаргу на фізіку і матэматыку», — канстатуе дзяўчына. Фізіка — традыцыйна самая складаная для ўсіх абітурыентаў дысцыпліна. У адзінаццацікласнікаў першай жодзінскай гімназіі яе выкладала Эла Мікалаеўна Якубоўская, таму можна замахнуцца і на ФКСіС.

Такое не ўскрыеш непрыкметна

Запускаць абітурыентаў у корпус распачалі рана. І ў 10.00 аўдыторыі ўжо пачалі запаўняцца. На ўваходзе ў пункты правядзення ЦТ усе абітурыенты праходзяць строгі фэйскантроль: арганізатары супастаўляюць фота ў дакументах, так бы мовіць, з «арыгіналам». Перад аўдыторыяй абітурыенты праходзяць яшчэ адзін пашпартны кантроль і цягнуць нумар свайго месца. Ад яго будзе залежаць і варыянт тэста.

Каб асабіста пераканацца ў тым, што ўсё арганізавана належным чынам, у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі завітаў старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, намеснік прэм'ер-міністра Васіль ЖАРКО.

Прыкладна ў 10.40 на вачах у журналістаў арганізацыйная камісія разам з прадстаўнікамі Камітэта дзяржкантролю адчыніла запячатаны сейф, куды ў сем гадзін раніцы былі змешчаны матэрыялы цэнтралізаванага тэсціравання. Гэта значыць, што члены дзяржкамісіі заступілі на сваё дзяжурства сёння яшчэ раней — усё робіцца толькі ў іх прысутнасці. Дастаўкай усіх экзаменацыйных матэрыялаў па краіне займаюцца кур'еры фельд'егерскай службы, якой давяраюць дыпламатычную перапіску і дзяржаўныя сакрэты. Для гэтага выкарыстоўваюць апламбаваныя сумкі накшталт інкасатарскіх. Усім прысутным дэманструецца захаванне на пакетах з бланкамі адказаў і педагагічнымі тэстамі цэласнасці ахоўнай стужкі. Такія пакеты проста немагчыма ўскрыць непрыкметна, скажам, на шляху ад сейфа да аўдыторыі. Як толькі цэласнасць стужкі парушаецца, на ёй праступаюць схаваныя ад вачэй сімвалы. Да таго ж на кожным пакеце ёсць ярлычок, дзе нанесеныя нумар і штрых-код, што дазваляе ідэнтыфікаваць пакеты пры іх вяртанні з пунктаў тэсціравання ў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. Бланкі адказаў вырабляюцца на фабрыцы Дзяржзнака, маюць ступені аховы такія, як на грашовых знаках, і з'яўляюцца дакументамі строгай справаздачнасці, таму цалкам выключаецца магчымасць іх фальсіфікацыі.

На кожную аўдыторыю запаўняецца акт, у якім пазначана не толькі колькасць бланкаў, але і іх нумары, таму чужыя бланкі апынуцца ў пакеце не могуць. Да таго ж і арганізатары ЦТ у аўдыторыі пацвярджаюць сваім подпісам, што менавіта гэты бланк знаходзіўся ў экзаменацыйнай аўдыторыі.

Мабільныя — здаць!

Усім абітурыентам яшчэ некалькі разоў нагадваюць пра неабходнасць здаць мабільныя тэлефоны і любыя іншыя электронныя прыстасаванні, якія могуць прымаць, перадаваць і захоўваць інфармацыю. Як сведчыць практыка папярэдніх гадоў, усё роўна абавязкова знаходзяцца абітурыенты, якія гэтага не робяць. Летась такіх назбіралася каля 30 чалавек на ўсіх прадметах. Між іншым, за выяўленне мабільнага тэлефона ў аўдыторыі яго гаспадар пазбаўляецца магчымасці пераздаць ЦТ і аказваецца за бортам прыёмнай кампаніі. Абскардзіць такое рашэнне немагчыма. Дзеля справядлівасці трэба дадаць, што мабільныя тэлефоны забараняецца мець у экзаменацыйнай аўдыторыі не толькі абітурыентам, але і арганізатарам ЦТ. Апошнім нельга браць з сабой таксама і чорныя ручкі — гэта яшчэ адна дадатковая страхоўка ад старонняга ўмяшання, каб нават падазрэнняў ні ў кога не ўзнікла. Увогуле, у параўнанні з папярэднімі гадамі колькасць парушальнікаў правіл правядзення ЦТ істотна зменшылася, хоць раней, напрыклад, у БДУІРы былі выпадкі, калі ў абітурыентаў выяўлялі мікранавушнікі. А вось аматараў «расставіць крыжыкі» ў бланку адказаў наўздагад заўсёды хапае. Некаторыя ўдзельнікі ЦТ па фізіцы і матэматыцы здаюць свой бланк ужо праз 10 хвілін пасля пачатку экзамену. На пытанне «А падумаць не хочаш? Навошта тады прыйшоў на ЦТ?» арганізатары чуюць у адказ: «Так мая маці захацела»...

Улічваючы, як развіваецца сучасная тэхніка, у многіх краінах на іспытах ужо забараняюць наручныя гадзіннікі. У нас пакуль гэтага не робяць. Але ў кожнай экзаменацыйнай аўдыторыі на сцяне вісіць вялікі гадзіннік. Гэта агульнае патрабаванне для ўсіх аўдыторый, дзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне, таму асаблівай патрэбы ў наручных гадзінніках няма, і, калі ў арганізатараў узнікне падазрэнне, яны могуць прапанаваць абітурыенту здаць сваё прыстасаванне на час экзамену.

Абавязкова ва ўсіх пунктах правядзення ЦТ прадугледжана дзяжурства ўрача. Уладлен Машошын, урач спартыўна-аздараўленчага цэнтра БДУІР, ужо шмат гадоў выконвае на ЦТ функцыі хуткай медыцынскай дапамогі.

— Вось стаю і ацэньваю, ці ёсць сярод тых, хто заходзіць у наш корпус, мае «патэнцыйныя кліенты», — жартуе ён. — Сёння быццам бы ўсе жывыя і здаровыя. Але раней ЦТ здавалі абітурыенты на калясках, прыходзілі да нас і абітурыенты на мыліцах. Сур'ёзных выпадкаў, на шчасце, не было. Хлопец надзеў на экзамен новыя красоўкі, сцёр ногі, прыйшоў да мяне па пластыр. У кагосьці жывот баліць, просяць таблетку. А хтосьці саромеецца прызнацца, што ў яго расстройства кішэчніка. Але так можа здарыцца, калі чалавек перахваляваўся перад экзаменам. Спадзяюся, што ўсё і сёння пройдзе спакойна.

Што такое «даступныя тэсты»?

У 10.45 пакеты з бланкамі адказаў і тэставымі заданнямі дастаўляюцца ў экзаменацыйныя аўдыторыі. Градус напружання расце. Абітурыентам даюць апошнія кансультацыі: як правільна запаўняць вобласць рэгістрацыі і бланкі адказаў (бланк адказаў замяніць немагчыма!), што рабіць, калі скончыцца папера для чарнавіка. Просяць яшчэ раз праверыць сваё рабочае месца на прадмет прысутнасці там забароненых рэчаў. Нагадваюць, што нельга мяняцца месцамі, выкарыстоўваць чужую дапамогу пры выкананні тэставых заданняў, размаўляць з іншымі ўдзельнікамі ЦТ...

Бліжэй да 11.00 амаль усе абітурыенты ўжо на сваіх месцах, але па традыцыі знаходзяцца маладыя людзі, якія паспяваюць ускочыць у апошні вагон — забягаюць у аўдыторыю за некалькі хвілін, хоць усім рэкамендуецца быць там за паўгадзіны да старту. Жалезныя, напэўна, у іх нервы! А 13 чалавек, як высвятляецца крышачку пазней, якія зарэгістраваліся для здачы беларускай мовы ў БДУІРы, да пункта тэсціравання так і не дайшлі. Калі прычына будзе ўважлівай, то яны змогуць здаць гэты прадмет у рэзервовы дзень. Але сур'ёзнасць прычыны яшчэ трэба будзе даказаць!

— Будзьце спакойныя, упэўненыя, не спяшайцеся. Мы зрабілі ўсё, каб змест тэстаў быў даступны для ўсіх, — звяртаецца да абітурыентаў Васіль Жарко. — І калі вы добра вучыліся, рыхтаваліся да ЦТ, то ўпэўнены, што складанасцяў у вас не будзе. Жадаю вам стаць студэнтамі тых ВНУ, куды вы хочаце паступіць. Але прашу ўсіх: не забывайцеся здаваць мабільныя тэлефоны...

У размове з журналістамі старшыня дзяржкамісіі растлумачыў, што значыць «даступныя тэсты»:

— Згодна з даручэннем былі створаны рабочыя групы па кожным прадмеце ЦТ. У іх увайшлі вопытныя педагогі з сярэдніх школ і гімназій. Мы не прыцягвалі выкладчыкаў з вышэйшых навучальных устаноў, а толькі педагогаў, якія непасрэдна задзейнічаны ў навучальным працэсе ў школе. Была пастаўленая задача: каб кожны тэст адпавядаў вучэбнай праграме сярэдняй школы. І яна, спадзяюся, выканана. Цяпер паглядзім на вынікі.

Пацікавіліся журналісты і магчымасцю прыхапіць з сабой на экзамен пітную ваду.

— Ніхто не павінен забараніць узяць з сабой бутэляваную ваду, — запэўніў Васіль Жарко. — На вуліцы спёка. У аўдыторыі можа быць горача. Усе мы людзі. Абітурыенту можа спатрэбіцца запіць таблетку, таму вада ў аўдыторыі абавязкова павінна быць. Увогуле, экзамен павінен праходзіць у добразычлівай атмасферы. І так павінна быць у кожнай аўдыторыі, дзе здаюць ЦТ. Цэнтралізаванае тэсціраванне — аб'ектыўная працэдура, якая выключае ўсе маніпуляцыі з вынікамі. За сем апошніх гадоў фактаў карупцыі выяўлена не было. У кожным з пунктаў правядзення ЦТ ёсць прадстаўнікі дзяржаўнай камісіі. І да іх можна звярнуцца з любымі пытаннямі.

Таксама да прыёмнай кампаніі прыцягнуты па краіне 160 супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, якія павінны адсочваць усе яе ключавыя моманты: ад правядзення тэставых выпрабаванняў да падачы дакументаў у прыёмныя камісіі і залічэння. Іх «вахта» закончыцца толькі пасля завяршэння залічэння ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.

У 11.05 камісія распячатвае канверт з бланкамі адказаў, а затым і з тэставымі заданнямі. Пасля ўскрыцця пакета з педагагічнымі тэстамі абітурыенты ў аўдыторыю ўжо не дапускаюцца. Журналістаў просяць пакінуць памяшканне. Адлік часу пайшоў...

Што трэба ведаць абітурыенту

У тым выпадку, калі самаадчуванне рэзка пагоршыцца, гэты факт абавязкова павінен засведчыць медыцынскі работнік. З медыцынскай даведкай абітурыенту будзе дадзена магчымасць пераздаць гэту дысцыпліну ў рэзервовы дзень. Але падоўжыць тэрмін выканання тэставай работы арганізатары, якія прысутнічаюць у аўдыторыі, не маюць права.

Ці можна ў экстранным выпадку выйсці з экзаменацыйнай аўдыторыі ў прыбіральню? Ніхто гэтаму перашкаджаць не будзе. Абітурыент здае сваю экзаменацыйную работу арганізатарам, затым у суправаджэнні супрацоўніка ён можа пакінуць аўдыторыю, вярнуцца і прадоўжыць выпрабаванне. Аднак абітурыент пры гэтым губляе час, які даецца для выканання тэста.

Пачаткам адліку часу, адведзенага на ЦТ, з'яўляецца час атрымання апошняга экзэмпляра педагагічнага тэста. Хто справіцца з тэстам раней, можа здаць яго раней. Але за 15 хвілін да заканчэння ЦТ датэрміновая здача заканчваецца. Усё, што раздалі арганізатары ў аўдыторыі, вяртаецца ім назад. У тым ліку і чарнавікі. Яны павінны выдавацца ў той колькасці, якая спатрэбіцца абітурыенту.

Працэдура апеляцыі на цэнтралізаваным тэсціраванні не прадугледжана, аднак абітурыент мае права ў працэсе тэсціравання заявіць арганізатарам, што нейкае заданне, на яго думку, складзена некарэктна, у ім ёсць памылка ці не прыведзена правільных адказаў. Усе прэтэнзіі заносяцца ў пратакол з указаннем нумара варыянта педагагічнага тэста, нумара задання і зместу заўвагі. Пытанні абітурыентаў наконт зместу педагагічных тэстаў у экзаменацыйнай аўдыторыі не разглядаюцца.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: «Ні пуху ні пер'я»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».