Вы тут

Як уладкаваны побыт у беларускіх турмах?


Ніколі не заракайся ад торбы і турмы. Гэтая фраза набывае новы сэнс пасля таго, як пабываеш у адной з папраўчых устаноў. Хочацца крычаць: не заракайся, але зрабі ўсё магчымае, каб падобны вопыт ніколі не стаў рэальнасцю. Магчыма, гэта перспектыва здаецца не такой жахлівай, таму што ўяўленне пра знаходжанне ў турме складваецца па серыялах і музычных кампазіцыях пэўнага стылю. Мы паспрабуем выкрыць усе міфы і максімальна падрабязна расказаць пра ўклад жыцця ў папраўчых установах.


Спецвопратка з клімат-кантролем і стыльная мэбля з масіву

На «экскурсію» ў турму адпраўляемся разам з прадстаўнікамі грамадскага савета пры МУС. У яго склад уваходзяць вядомыя сваёй эфектыўнай дзейнасцю ў розных сферах дасведчаныя персоны. Тэме работы пенітэнцыярнай сістэмы ў гэтым кантэксце ўдзяляецца асаблівая ўвага. Гэтым разам члены савета пабывалі ў «Турме № 8» упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Мінску і Мінскай вобласці, якая знаходзіцца ў Жодзіне. Менавіта гэтая папраўчая ўстанова была абрана нездарма: тут утрымліваюцца амаль усе катэгорыі спецкантынгенту, у тым ліку непаўналетнія, жанчыны, падследныя, тыя, хто адбывае турэмнае зняволенне, у тым ліку і пажыццёвае.

Пачынаем наш візіт у турму з самай эмацыянальна простай часткі — выставы прадукцыі, якую вырабляюць зняволеныя. Тры асноўныя кірункі, якімі яны займаюцца, — гэта дрэваапрацоўка, металаапрацоўка і тэкстыльная прамысловасць. На самай справе асартымент тавараў уражвае: ад камплектуючых вырабаў для сельскагаспадарчай тэхнікі да офіснай мэблі і прадуктаў харчавання. Да таго ж менавіта зняволеныя вырабляюць форменную вопратку, а таксама спецыяльныя шаўроны, якія выкарыстоўваюць практычна ўсе рэспубліканскія службы. А з мінулага года на базе адной з папраўчых устаноў Гомельскай вобласці пачалі шыць дзіцячую хакейную форму. У перспектыве ёсць магчымасць пачаць вырабляць і дарослую форму, і абмундзіраванне для прафесійных спартсменаў. Якасць прадукцыі настолькі высокая, што зараз вывучаецца пытанне рэалізацыі яе на экспарт. Асаблівую цікавасць выклікае мэбля з масіву, а таксама форма, якая ідэальна падыходзіць пад умовы надвор'я ў гарачым і вільготным клімаце.

Працоўны абавязак зняволеных вырашае адразу некалькі задач. Па-першае, дазваляе зарабіць,  па-другое, хоць, хутчэй за ўсё, гэта самае галоўнае, — многім дапамагае атрымаць запатрабаваную спецыяльнасць, па якой яны змогуць працаваць пасля таго, як вызваляцца.

Акно ў свет

На тэрыторыю рэжымных аб'ектаў мы праходзім па падземных калідорах — так перамяшчаюцца зняволеныя. Гэта неабходна, каб звесці да нуля спробы ўцёкаў.

Дзень у турме пачынаецца а 6-й раніцы. Пасля таго як ложак запраўлены, садзіцца, а тым больш класціся, на яго нельга да адбою. Выключэнне складаюць тыя, каму прапісаны пасцельны рэжым. Калі мы глядзелі на трансляцыю з камер відэаназірання, пра гэты факт яшчэ не ведалі. Вакол — ідэальны парадак. Некаторыя ўсё ж уладкоўваюцца за сталом, чытаюць кнігі, гуляюць у настольныя гульні. Кнігі ў камеры абнаўляюць кожны тыдзень, таму інтэлектуальны голад нікому не пагражае. Дарэчы, у некаторых камерах, калі дазваляюць умовы ўтрымання, можна ўсталяваць невялікі тэлевізар. Праўда, прагляд перадач строга ў адпаведнасці з графікам, з праграмы выключана ўсё, што магло б паўплываць на ўзровень агрэсіўнасці гледачоў. І, як акно ў паўсядзённае жыццё краіны, звыклы рытуал — штовячэрні прагляд «Панарамы».

Строгія правілы ў папраўчай установе распаўсюджваюцца на ўсё. Перасоўваецца спецкантынгент, як прынята тут гаварыць, толькі камерамі, таму ніякай магчымасці ўбачыць іншых асуджаных няма. Гэта асабліва важна, улічваючы, што ў турме могуць утрымлівацца падследныя, якія праходзяць па адной справе, таму неабходна спыніць паміж імі ўсякія зносіны.

Так што велізарнай агульнай сталовай, як паказваюць у фільмах, тут няма і быць не можа. Ежу па камерах разносяць у спецыяльных тэрмасах. Наша наведванне выпадае на дзень беларускай кухні. Таму ў асноўным абедзенным меню бульбяная запяканка, капуста са смятанай і салата з квашанай капусты. Акрамя таго, вязні і падследныя могуць рабіць заказы з буфета — прысмакі дастаўляюць раз на тыдзень. Рацыён для кожнага вызначаюць урачы-спецыялісты. Дарэчы, на тэрыторыі турмы знаходзіцца ўласная, добра абсталяваная бальніца. Тут у поўнай меры аказваюць дапамогу ўсім хворым.

У распарадку дня для зняволеных прадугледжаны штодзённы шпацыр. Ад 4 гадзін для цяжарных жанчын да 30 хвілін для асуджаных на пажыццёвае зняволенне. Праўда, прагуляцца ўсё роўна асабліва не атрымаецца: на вуліцы зняволеныя знаходзяцца ў прагулачных дворыках.

«Што ж ты нарабіў?»

Пакуль мы ходзім па тэрыторыі турмы, тое, што адбываецца, нагадвае нешта нерэальнае. У кожнай з камер ёсць вочка, у якое можна заглянуць, побач — шыльды з кароткім апісаннем біяграфіі і злачынстваў асуджаных. Калі мы чуем, колькі забітых людзей прыпадае на ўсіх асуджаных на пажыццёвае зняволенне, становіцца не па сабе. І гэтыя людзі — праз сцяну, для іх такі расклад — штодзённасць. У адну з камер мы ўсё ж такі заходзім. Там утрымліваюцца непаўналетнія, якія знаходзяцца пад следствам.

— Што ж вы здзейснілі? — добразычліва пытаюцца члены савета.

— Падпаліў дзверы, — ціха, гледзячы ў падлогу, адказвае зусім юны хлопец. Ён выглядае настолькі бяскрыўдна, што здаецца, яго месца за першай партай з высока паднятай рукой, а ніяк не ў турэмнай камеры.

— Узрост?

— 15.

— Раней прыцягваліся?

— Не.

Аказваецца, і за бяскрыўдным выглядам могуць хавацца не лепшыя памкненні. Лёс юнака неўзабаве вырашыць суд, але, улічваючы абставіны, хутчэй за ўсё, прысуд будзе дастаткова мяккі. Галоўнае каб хапіла розуму зрабіць высновы на ўсё жыццё.

Яго «таварышы па няшчасці» выглядаюць не так сціпла. Адказваюць больш смела і нават рэзка. Як высвятляецца, у турме яны ўжо не першы раз. Напрыклад, адзін з іх, 16-гадовы хлопец, гэтым разам апынуўся ў папраўчай установе за тое, што скраў аўтамабіль ва ўласных бацькоў. Дарэчы, заняткі, як і экзаменацыйныя выпрабаванні, праводзяцца нават у турме.

Калі мы аказваемся ў корпусе, дзе жывуць члены атрада гаспадарчага абслугоўвання, кантраст падаецца істотным. Тут усё выглядае больш па-хатняму, на сценах нават вісяць дэкаратыўныя пано. Але, каб патрапіць у атрад, у які ўваходзяць работнікі харчаблока, лазнева-пральнага камбіната, раздатчыкі, прыбіральшчыкі, столяры, сантэхнікі трэба ідэальна выконваць дысцыпліну. Кожны выпадак адміністрацыя разглядае ў індывідуальным парадку. Для многіх магчымасць выходзіць на работу за межы камеры становіцца істотным матыватарам для змены лініі паводзін.

Паказаць рэальную карціну

Нават у якасці госця знаходзячыся ў будынку папраўчай установы, хочацца хутчэй з яго выйсці. Усё ж такі атмасфера тут цяжкая. Тым складаней зразумець людзей, якія, набыўшы доўгачаканую свабоду, зноў здзяйсняюць злачынства, не баючыся магчымасці яе страціць...

Завяршылася знаходжанне ў Жодзінскай турме пасяджэннем грамадскага савета пры МУС. Як адзначыў начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў Алег МАТКІН, у аснове функцыянавання крымінальна-выканаўчай сістэмы павінен быць, наколькі дазваляе спецыфіка, прынцып адкрытасці: «Мы бачым, што ў грамадстве часам не зусім аб'ектыўна падаецца дзейнасць гэтай сістэмы. Я думаю, што праца савета ва ўстанове дазволіць данесці яшчэ раз да грамадства рэальную карціну, пэўныя праблемы, якія існуюць».

Грамадскі савет пры МУС існуе ўжо пяць гадоў. Галоўная яго задача — дапамагаць выбудаваць канструктыўны дыялог паміж прадстаўнікамі МУС і грамадствам, а таксама даць аб'ектыўную ацэнку дзейнасці праваахоўнікаў. З лістапада 2017 года савет узначальвае Павел Якубовіч. Ён адзначыў, што менавіта выязныя пасяджэнні з'яўляюцца адной з самых эфектыўных формаў работы.

— Міністр папрасіў, каб члены савета ўдзельнічалі ў сітуацыях, якія звязаны з рэзананснымі справамі, што ўяўляюць грамадскі інтарэс. Такія тэмы трапляюць на старонкі газет, актыўна мусіруюцца ў інтэрнэце, на тэлебачанні. Але далёка не заўсёды ім даюцца аб'ектыўныя ацэнкі. Таму грамадскаму савету даручана ў вядомай ступені фарміраваць парадак дня, — зазначыў Павел Якубовіч.

Раз у месяц савет праводзіць прыём грамадзян, акрамя таго з яго прадстаўнікамі можна звязацца па тэлефоне. Сярод сваіх непасрэдных задач члены савета бачаць уплыў на лібералізацыю заканадаўства, супрацьдзеянне страшным грамадскіх праблемам — п'янству, наркаманіі і бытавому насіллю, а таксама тэме сацыялізацыі асоб, якія вызваліліся з месцаў адбыцця пакарання. Гэтаму аспекту, як і дзейнасці пенітэнцыярнай сістэмы ў цэлым, падчас апошняга пасяджэння была ўдзелена асаблівая ўвага.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Не заракацца... але лепей не трапляць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».