Вы тут

Маскоўскі бізнесмен падарыў малой радзіме спартыўны комплекс


Яшчэ задоўга да аб'яўлення Года малой радзімы ўраджэнец Пінска Аляксандр Зарыбка стаў дапамагаць роднаму гораду, правільней сказаць, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе № 3, якую ён у свой час скончыў і якая паспрыяла сталенню яго характару. А потым пабудаваў у сталіцы Палесся Акадэмію футбола — адмысловы спартыўны аб'ект, які стаў упрыгажэннем горада і служыць справе спартыўнага выхавання маладога пакалення.


Трэнер Віталь Кірылка з выхаванцамі на крытым полі.

Спачатку быў аўтобус

Цяпер у фае асноўнага будынка адразу сустракае шыльда, на якой пазначана: «Акадэмія футбола пабудавана за сродкі Зарыбкі Аляксандра Міхайлавіча, падорана гораду Пінску і яго хлопчыкам». Дырэктар ДЮСШ Міхаіл КАБРЫНЕЦ расказвае, як пачыналася супрацоўніцтва. Школа № 3, вядомая сваімі традыцыямі і слаўная выхаванцамі, мае больш за 30 гадоў. Але раней, паводле слоў Міхаіла Сцяпанавіча, даводзілася арандаваць аб'екты для заняткаў па ўсім горадзе. Напрыклад, са спартыўнай залай і офісамі дапамагала кампанія «Будтрэст-2», дзеці трэніраваліся на полі вайсковай часці, на паўразбураным стадыёне «Прыпяць» — кругом, дзе можна было хоць неяк займацца. Да гэтага становішча ўжо нібы і прызвычаіліся. У спаборніцтвах удзельнічалі, перамогі заваёўвалі, многімі і многімі выхаванцамі ганарыліся.

Можа, яно так і было б да гэтай пары, але ў пачатку двухтысячных у школе стала зусім цяжка з амуніцыяй, з розным дробным начыннем, самага неабходнага часам не хапала. Тады і ўспомнілі пра земляка, які некалі вучыўся ў школе, а зараз працуе ў Маскве, з'яўляецца адным з уласнікаў сеткі магазінаў АЛМІ. Папрасілі ў Аляксандра Зарыбкі грошай на форму юным футбалістам для ўдзелу ў чарговых спаборніцтвах. Ён адразу не абяцаў нічога, сказаў, што падумае і патэлефануе пазней. І, калі набраў нумар, прапанаваў дырэктару школы, акрамя формы на выбар: уладкаваць новае футбольнае поле альбо падарыць для школы аўтобус.

— Для нас тады аўтобус быў верхам спадзяванняў. Ішоў 2006 год, на спаборніцтвы мы ездзілі шмат. Новы аўтобус стаў самым лепшым на свеце падарункам. Так і пачалося шматгадовае супрацоўніцтва з нашым земляком і фундатарам, — расказвае дырэктар школы.

Акадэмія футбола

У 2008 годзе адбыліся перагаворы прадпрымальніка з кіраўніцтвам горада, і нарадзіўся праект так званай Акадэміі футбола. Пачалася падрыхтоўка, пінчукі разам з мінскімі архітэктарамі ездзілі ў Каўнас глядзець аналагічны спартыўны аб'ект. І цяпер з задавальненнем канстатуюць, што ў Пінску ён атрымаўся намнога лепшы.

Найперш уважліва аднесліся да выбару месца. Спачатку была прапанова «пасадзіць» Акадэмію на невялікім лапіку зямлі ў цэнтры горада. Потым прапанову адхілілі. Прыйшлі да высновы, што спартыўная школа павінна размясціцца на свежым паветры, на ўскрайку горада. Затое цяпер футбольныя палі і тэрыторыя комплексу з двух бакоў акружаная сасновым лесам. З усходу да яе прымыкае квартал новага сучаснага жылога мікрараёна з усёй інфраструктурай і транспартнымі сеткамі. Так што комплекс удала спалучаецца з архітэктурай горада. Асноўныя аб'екты новай Акадэміі пабудавалі за два гады. Гэта чатыры палі са стандартным памерам, адно з якіх падаграваецца, адно мае купал, які дазваляе трэніравацца круглы год. Ён бескаркасны надзіманы. Два генератары пампуюць паветра, зімой яно падаграваецца, а цяпер паступае з вуліцы. Поле пад гэтым купалам штучнае, напаўняльнікам служыць какосавая крошка. Апошняе забяспечвае экалагічнасць, кажуць спецыялісты, ніякіх палімераў не выкарыстоўвалі, каб дзецям было добра дыхаць. Гэтую крошку трэба толькі рэгулярна паліваць, так прадугледжана тэхналогіяй.

А яшчэ тут кампактна размешчаныя трэнажорная зала, вучэбны кабінет, распранальні з душавымі, адміністрацыйныя памяшканні. Адным словам, ёсць усё для паспяховых заняткаў спортам. І летам палі не пустуюць, для дзяцей працуе летнік з дзённым знаходжаннем.

Фундатар — сціплы чалавек

Акадэмію ўрачыста адкрылі ў 2014 годзе. Тут беражліва захоўваюць відэазапіс цырымоніі адкрыцця. Вось што сказаў Аляксандр Зарыбка за мінуту да пераразання сімвалічнай стужкі: «Я і мая жонка нарадзіліся ў Пінску. Мы памятаем, што на гэтым месцы знаходзілася пустка, дзе мы з хлопцамі гулялі ў футбол. Мне пашчасціла займацца футболам у дзяцінстве. Дзякуй майму трэнеру Уладзіміру Шумарыну, што знайшоў мяне, выхаваў мой характар і прывіў дух сумленнасці і сяброўства ў нашай камандзе. Хачу сказаць маладым футбалістам: вы заўсёды будзеце памятаць трэніроўкі, паездкі на спаборніцтвы, забітыя і прапушчаныя галы, перамогі і паражэнні. У вас ёсць шанц стаць сапраўднымі людзьмі і дасягнуць значных поспехаў у спорце і жыцці».

Пра фундатара спартыўнага аб'екта тут гавораць не толькі з пачуццём падзякі, але і з вялікай павагай. Паводле слоў Міхаіла Кабрынца, Аляксандр Міхайлавіч — чалавек надзвычай сціплы, ён не любіць свяціцца на тэлебачанні, амаль не дае інтэрв'ю. У родны горад часта прыязджае да маці, цікавіцца спартыўнымі поспехамі юных футбалістаў, наведвае сваё дзецішча. На стадыі будаўніцтва ён тут бываў пастаянна, многія нюансы ўзгадняў з архітэктарамі, прарабамі, майстрамі. А калі, напрыклад, ехаў на адкрыццё Акадэміі, не забыўся прыхапіць падарункі для сталых трэнераў, ветэранаў гарадскога футбола.

— Для заняткаў усё ёсць, нам застаецца адпавядаць, — разважае дырэктар школы. — Сёння мы набіраем дзяцей з сямі гадоў, цяпер займаецца 37 груп на бюджэтнай аснове. Ёсць адна група платная, куды бацькі прыводзяць шасцігадовых дзяцей. Год мы да іх прыглядаемся, а налета, калі ёсць жаданне дзіцяці і заўважаныя здольнасці да заняткаў спортам, пераводзім у бюджэтную групу. Зараз займаецца 500 навучэнцаў. Спартыўны комплекс таксама аказвае платныя паслугі. Вечарам тут трэніруюцца дарослыя. Многія каманды, у тым ліку з краін-суседак, праводзяць у нас зімовыя зборы.

Старшыня Пінскага гарадскога Савета Лявонцій ЛЕМЯШЭЎСКІ адзначыў:

— Пінск вядомы сваімі спартыўнымі дасягненнямі. Наш горад выхаваў такіх вядомых ігракоў зборнай, як Віталь Кутузаў, Сяргей Балановіч, Андрэй Астроўскі, Сяргей Ясковіч, Алег Страхановіч і іншыя. Мы імі ганарымся. Але яшчэ больш важным уяўляецца тое, што тут займаюцца сотні іншых хлопчыкаў, якіх мы адарвалі ад камп'ютараў, якія вучацца таварыскасці, калектывізму, загартоўваюць свае цела і дух. Хай нават яны не стануць знакамітымі спартсменамі, але стануць людзьмі, бо футбол выхоўвае. Пройдзе яшчэ нейкі год, і абавязкова прывяду сюды свайго ўнука... Усе пінчукі ўдзячныя земляку за цудоўны спартыўны аб'ект.

Святлана ЯСКЕВІЧ

г. Пінск

Загаловак у газеце: «Гораду Пінску і яго хлопчыкам»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».