Вы тут

Донарства стане бязвыплатным?


У Беларусі распрацоўваюцца змены ў закон аб донарстве крыві і яе кампанентаў, што дазволіць ужо да 2020 года перайсці на бязвыплатнае донарства. Мяркуецца, што парламентарыі прымуць новы законапраект ужо ў сярэдзіне наступнага года. Што пры гэтым зменіцца для донараў, расказалі спецыялісты.


Згодна са статыстыкай, кожнаму 3-4 чалавеку ў свеце хоць раз у жыцці патрабуецца пераліванне крыві. Летась 95 тысяч беларусаў аддалі сваю кроў для выратавання жыцця іншага. Прычым 20 % донараў — маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў. Штодзень каля дзвюх тысяч чалавек у нашай краіне здаюць кроў. Кожная чацвёртая данацыя — бязвыплатная. Аднак Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе, каб пераважная большасць данацый крыві была добраахвотнай, бязвыплатнай і рэгулярнай.

— За тры апошнія гады колькасць бязвыплатных донараў у нашай краіне вырасла ў восем разоў, — расказвае дырэктар РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, галоўны пазаштатны трансфузіёлаг Міністэрства аховы здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Фёдар Карпенка. — Ва ўсім свеце донарства ажыццяўляецца пераважна на бязвыплатнай аснове.
І як паказвае практыка, брак крыві сярод бязвыплатных донараў значна меншы, чым сярод платных. Гэта сведчыць аб тым, што апошнія менш сочаць за сваім здароўем.

Як адзначае Фёдар Карпенка, 99 % донараў маюць альтруістычныя матывы, аднак у многіх разам з гэтым прысутнічае і зацікаўленасць у кампенсацыях. Новы закон не цалкам ліквідуе выплаты, а сфарміруе іх у пэўны сацпакет. Донар замест грашовай выплаты атрымае набор прадуктаў, які дазволіць кампенсаваць энергазатраты ў прамежках паміж данацыямі. Гэта не адмяняе харчавання да і пасля данацыі, а таксама вызваленне ад работы. Сёння той, хто здае кроў, атрымлівае 92 рублі, а таксама два выхадных: адзін у дзень здачы, другі можна ўзяць у любы дзень. Гэтыя дні аплачваюцца з разліку сярэднядзённага заробку донара. Таксама донарам прапануюць харчаванне пасля здачы крыві.

Пры здачы кампанентаў крыві — плазмы і трамбацытаў — плануецца пакінуць выбар: або здаваць на бязвыплатнай аснове, або атрымаць грашовую кампенсацыю. Як заўважыў Фёдар Карпенка, калі донарскай крыві будзе не хапаць, неабходны аб'ём мяркуецца дабіраць на платнай аснове.

Плануецца ўвесці і дадатковыя льготы Ганаровым донарам. Каб атрымаць гэта званне, зараз неабходна здаць 20 данацый крыві або 40 данацый яе кампанентаў на бязвыплатнай аснове, або ўдвая больш — на платнай. Зараз Ганаровыя донары атрымліваюць устаноўленую заканадаўствам надбаўку да пенсіі, маюць права на адпачынак у любы зручны час, абслугоўваюцца ў арганізацыях аховы здароўя без чаргі, маюць першачарговае права на атрыманне санаторна-курортнага лячэння. Да гэтага плануецца ўвесці яшчэ 4-5 дадатковых сацыяльных гарантый. У прыватнасці, мяркуецца ўдасканаліць забеспячэнне лекавай і медыцынскай дапамогай, магчыма, для Ганаровых донараў будзе ўведзены бясплатны праезд да месца работы. Праўда, з увядзеннем новага закона стаць Ганаровым донарам можна будзе толькі здаючы кроў на бязвыплатнай аснове.

Як адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, доктар медыцынскіх навук Людміла Макарына-Кібак, новы законапраект, акрамя падтрымкі значнасці бязвыплатнага донарства, забароніць рэалізацыю крыві і яе кампанентаў у іншыя краіны.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.