Вы тут

Як энтузіяст з Бабруйска рэалізуе ідэю ўвекавечання памяці Алеся Адамовіча


«Звязда» працягвае друкаваць матэрыялы ў падтрымку адкрыцця ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна музея, прысвечанага творчасці Алеся Адамовіча.

Андрусь Архіпенка ўжо ўпісаў сваё імя ў гісторыю. Малады і амбіцыйны, ён паставіў перад сабой мэту і ідзе да яе ўпэўнена і настойліва. Яму, карэннаму бабруйчаніну, стала крыўдна, што яго знакаміты зямляк Алесь Адамовіч не ўшанаваны на радзіме, і ён вырашыў выправіць прабел. Для пачатку — зрабіць помнік. Ужо атрымана згода ад Міністэрства культуры. Але пры ўмове, што ён будзе зроблены за грамадскія грошы! І Андрусь ужо сабраў большую частку з неабходных 4,5 тысячы долараў. Хлопец лічыць, што бронзавы бюст пісьменніка павінен быць устаноўлены каля будынка аптэкі — месца, дзе плануецца ў будучым адкрыць музей. Разам з Андрусём едзем у Глушу, каб пагутарыць на месцы аб тым, адкуль нарадзілася ідэя і як яна рэалізуецца.


Па­сту­по­ва  дой­дзем  і да му­зея.

Паміж аптэкай і сельсаветам

Па адукацыі ён гісторык, але працуе барменам у Мінску. Вольны час прысвячае розным карысным справам. Напрыклад, даведаўся, што землякоў вельмі хвалюе адсутнасць у Глушы музея Алеся Адамовіча. Вось ён і вырашыў зрабіць унёсак у гэтую справу і сабраць грошы на помнік пісьменніку. Пакуль шукаў варыянты, стварыў з сябрамі ў Бабруйску ініцыятыўную групу, якая займаецца папулярызацыяй імя Алеся Адамовіча. У падтрымку сваёй ініцыятывы з помнікам сабраў больш за 600 подпісаў. За праект выказаліся жыхары Мінска, Магілёва, Бабруйска, Глушы. Пасля таго як ініцыятыву ўзгаднілі ў Міністэрстве культуры, аблвыканкаме і райвыканкаме, актывіст знайшоў скульптараў, якія пагадзіліся за адносна невялікую суму зрабіць бронзавы бюст. Паменшаная яго версія ўжо існуе. Андрусь спадзяецца, што да дня нараджэння пісьменніка — 3 верасня — помнік будзе зроблены ў натуральную велічыню. Звароты падтрымаць добрую справу ён размясціў у розных сацсетках і на платформе «Талака». На працягу месяца атрымалася сабраць у эквіваленце 3300 долараў.

Месца для помніка яшчэ трэба ўзгадніць з райвыканкамам. Але сам Андрусь, і яго падтрымлівае ў гэтым дачка пісьменніка — Наталля Адамовіч, бачыць толькі адзін варыянт. Бюст павінен знаходзіцца паміж будынкам аптэкі і існуючым Глушанскім сельвыканкамам. Пакуль гэта, па звестках сельвыканкама, пустуючая пляцоўка, і калі яна будзе задзейнічана, там, акрамя помніка, паявіцца яшчэ і прыгожы «літаратурны» сквер.

Нулявы кіламетр

Па дарозе ў Глушу Андрусь агучвае яшчэ адну не менш цікавую ідэю — стварыць тут прыпынак у гонар Адамовіча. У Бабруйскім райвыканкаме яе падтрымалі. На сайце нават ёсць інфармацыя, што конкурс праектаў праводзіўся на працягу мая. Хутка будуць падведзены яго вынікі.

— Паступіла шмат цікавых прапаноў, але некаторыя з іх паўтараюцца, — кажа Андрусь. — Найболей прывабная — пазначыць гэта месца як нулявы кіламетр. І стрэлкамі паказаць звязаныя з Адамовічам мясціны: будынак аптэкі, помнік, вуліцу, месца пахавання.

Пакуль прыпынак носіць нейтральную назву «Глуша». Але, калі задумка рэалізуецца, ён стане добрым арыенцірам для турыстаў. Цікавая прапанова наконт афармлення прыпынку ёсць і ў старшыні Глушанскага сельсавета Марыі Сушчанкі. Яна лічыць, што цікавасці аб'екту мог бы дадаць інтэрактыўны варыянт. Сонечныя батарэі, антывандальны дысплэй, сістэма відэаназірання — цяпер такія ІT-прыпынкі атрымалі распаўсюджанне дзякуючы беларускім распрацоўшчыкам. У Глушы такі прыпынак змог бы знаёміць турыстаў з фактамі з жыцця і творчасці Алеся Адамовіча. І цікава, і карысна. Бо гэта адначасова і развіццё альтэрнатыўных крыніц святла, і экалагічны складальнік, і прывіццё любові да сваёй малой радзімы, і папулярызацыя творчасці айчынных класікаў. Тым больш за пасляваенны час падзеі даўно мінулых дзён сталі забывацца і нават глушанская моладзь не заўсёды ведае, хто такі Адамовіч і што ён жыў у гэтым населеным пункце.

Галоўнае — дзейнічаць

Андрусь літаральна фантануе ідэямі. Расказвае, што нават паспрабаваў сябе ў ролі арганізатара экскурсіі ў Глушу. Праз сацыяльныя сеткі знайшоў сярод бабруйчан тых, хто жадаў туды з'ездзіць, каб прайсціся па мясцінах, звязаных з Адамовічам. На жаль, у маршрутцы змаглі змясціцца толькі 20 чалавек, але ахвотных было нашмат болей, запэўнівае малады чалавек. Падарожжа пачалося менавіта з прыпынку, які можа стаць «адамовіцкім», потым прайшліся па вуліцы Адамовіча. Ёсць такая ў Глушы. Першапачаткова планавалася назваць імем пісьменніка цэнтральную вуліцу, дзе знаходзіцца будынак аптэкі. Але ў выніку спыніліся на той, па якой глушанскія дзеці бягуць у школу. У ёй падчас сваіх прыездаў на дарагую радзіму не раз бываў Алесь Адамовіч. Потым наведалі могілкі, што на ўскрайку сяла Дойнічава, — там, дзе знаходзяць свой апошні прытулак жыхары Глушы, быў пахаваны і Алесь Адамовіч побач са сваімі бацькамі, бабуляй, братам. На жаль, пабываць у музеі яшчэ невядома калі прыйдзецца. Не хапае грошай. Але Андруся гэта не бянтэжыць. Яго прынцып: трэба рабіць нягледзячы ні на што. І які там будзе вынік, яго не турбуе, галоўнае — паказаць, што ёсць такая справа, прыцягнуць увагу як мага большай колькасці людзей. Нядаўна вось паслаў ліст Івану Урганту, знакамітая бабуля якога — Ніна Ургант — сыграла ў фільмах «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой» Ганну Міхайлаўну Карзун — прататыпа маці Алеся Адамовіча. Зараз Андрусь мае намер выйсці на знакамітага брытанскага рэжысёра Дэні Бойла. Неяк прачытаў інтэрв'ю з ім, дзе той прызнаўся, што выбраць прафесію яго натхніў менавіта фільм «Ідзі і глядзі», зняты па творах Алеся Адамовіча. Магчыма, ён таксама не адмовіцца падтрымаць праект з адкрыццём музея.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Далучыцца да добрай справы можаце і вы. Разліковы рахунак існуе пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама р/р BY84АКВВ36421292723267100000 у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», БІК АKBBBY21703, УНП 701226324.

Прызначэнне плацяжу: «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Гэты доўгі сказ павінен быць пазначаны ў банкаўскім дакуменце абавязкова.

Загаловак у газеце: Помнік для класіка

Каментары

Майце на ўвазе, што ў рэквізітах (дакладна - р/с і БІК) выкарыстаны кірылічныя сімвалы замест лацінкі, таму ў некаторых банках не спрацоўвае ўстаўка с буферу і прыходзіцца ўводзіць дадзеныя ўручную. Дзякуй пану Андрусю за ініцыятыву!

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як перазімаваць без праблем?

Як перазімаваць без праблем?

У гэтыя дні ў Беларусі праходзіць пажарна-прафілактычная акцыя «За бяспеку разам». 

Культура

Іна Афанасьева: 50 гадоў — усе мае, і яны мне падабаюцца!

Іна Афанасьева: 50 гадоў — усе мае, і яны мне падабаюцца!

Шчаслівыя людзі рэдка пахваляюцца на ўвесь свет сваімі пачуццямі. 

Грамадства

Аляксандр Чарвякоў. «Усебеларускі стараста»

Аляксандр Чарвякоў. «Усебеларускі стараста»

Ён стаў кі­раў­ні­ком рэс­пуб­лі­кі ў 28 га­доў. Праз дзе­ся­ці­год­дзе "ла­пат­ная Бе­ла­русь" ужо ме­ла на­цы­я­наль­ны ўні­вер­сі­тэт, Ака­дэ­мію на­вук і раз­ві­тую гас­па­дар­ку.