Вы тут

Як будзе адбывацца залічэнне ў першы клас?


12 чэрвеня распачынаецца прыём дакументаў ад бацькоў першакласнікаў. Падзея быццам бы з разраду шараговых, але толькі не сёлета.


Уся справа ў тым, што пасля адмены экзаменаў у пятыя класы гімназій і ўвядзення тэрытарыяльнага прынцыпу замацавання дзяцей за гэтымі ўстановамі, дастаткова вялікая колькасць бацькоў засталіся такім рашэннем незадаволеныя і пачалі шукаць спосабы займець рэгістрацыю ў патрэбным доме, якая, на іх думку, дае шанц трапіць у жаданую ўстанову (не толькі ў першы, але і ў пяты класы). Канешне, найбольш актуальная гэта сітуацыя для Мінска, дзе функцыянуе 50 гімназій, прычым пяць з іх раней не мелі пачатковых класаў. Дзве з апошніх усё ж такі набяруць першакласнікаў (13-я і 27-я гімназіі), але ў трох (№ 25, 41 і 42) набору пакуль не будзе. А гэта значыць, што тут таксама ўключаецца тэрытарыяльны прынцып набору ў пятыя класы.

Дарэчы, у 2017/2018 навучальным годзе ў краіне дзейнічалі 215 гімназій, з іх 28 не мелі пачатковай школы. У шэрагу раённых гімназій, накшталт Маларыцкай, Глыбоцкай ці Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната для сельскіх дзяцей, набор раней ажыццяўляўся толькі ў пятыя класы па выніках уступных іспытаў. Самае дзіўнае, што карысную інфармацыю бацькі могуць знайсці далёка не на ўсіх сайтах устаноў адукацыі. Ці набіраюць яны першыя класы? Як будуць камплектавацца пятыя класы? Якія дамы ці вуліцы замацаваныя за гімназіямі? І сайты раённых аддзелаў адукацыі ў гэтым мала дапамагаюць.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка, закранаючы ў сваім апошнім інтэрв'ю тэлеканалу СТБ тэму адмены экзаменаў у пятыя класы гімназій, канстатаваў, што ў першы год будзе праходзіць адаптацыя, таму не выключана ўзнікненне некаторых праблемных пытанняў, але ў перспектыве павінна выбудавацца сістэма, якая дазволіць улічваць, у першую чаргу, інтарэсы і патрэбы дзіцяці.

Калі прымалася рашэнне аб адмене экзаменаў, у першую чаргу браўся пад увагу псіхалагічны складнік гэтага пытання: экзамен, як правіла, ствараў вельмі моцнае напружанне для дзяцей. Цяпер жа ўсе дзеці, якія навучаюцца ў чацвёртых класах гімназій, змогуць аўтаматычна перайсці ў пяты клас гэтай жа ўстановы адукацыі. Выключэнне складаюць толькі 5-я класы гімназій-каледжаў мастацтваў, дзе конкурсны адбор па выніках праверкі творчых здольнасцяў па-ранейшаму захоўваецца.

Ёсць яшчэ адзін важны нюанс: у Міністэрстве адукацыі абяцалі, што тэрытарыяльны прынцып адбору дзяцей не будзе дзейнічаць пры камплектаванні беларускамоўных гімназій, бо ў выпадку жорсткай тэрытарыяльнай прывязкі можа паўстаць пытанне з існаваннем такіх устаноў.

У 23-ю мінскую гімназію, размешчаную ў самым цэнтры сталіцы, дзяцей прывозяць з усяго горада. Але на сайце гэтай установы змешчана інфармацыя пра рашэнне адміністрацыі Савецкага раёна аб замацаванні за гімназіяй пэўных дамоў. "Дзеці, якія не пражываюць на тэрыторыі мікрараёна, могуць быць залічаны на свабодныя вучнёўскія месцы. Залічэнне на свабодныя месцы ажыццяўляецца ў парадку чарговасці падачы заяў законнымі прадстаўнікамі вучняў", — паведамляецца на афіцыйным інтэрнэт-рэсурсе. У той жа час за мінскай гімназіяй № 4, размешчанай у спальным мікрараёне сталіцы, ніякіх дамоў не замацавана. Тут плануюць набраць чатыры першыя класы — усяго 96 чалавек. Прыём дакументаў будзе ажыццяўляцца ў парадку чарговасці падачы заяў.

Па словах начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Камітэта па адукацыі Марыны ІЛЮШЧЭНІ, замацаванне за 23-й гімназіяй жыхароў пэўных дамоў не азначае, што туды не змогуць трапіць беларускамоўныя дзеці, якія пражываюць у іншых раёнах. Таксама і жыхары замацаваных за беларускамоўнай гімназіяй дамоў, калі яны жадаюць, каб іх дзіця навучалася на рускай мове, могуць падаць дакументы ў іншую найбліжэйшую да іх установу адукацыі.

Але для таго, каб дзіця, якое не пражывае ў мікрараёне ці дамах, замацаваных за ўстановай адукацыі, магло трапіць туды на свабодныя месцы, бацькі павінны запісацца на асабісты прыём да кіраўніка гэтай установы і падаць адпаведную заяву. Пра вынікі яе разгляду камісіяй будзе прымацца рашэнне, пра якое бацькі павінны быць праінфармаваныя не пазней за 30 жніўня.

Школы і гімназіі будуць весці прыём дакументаў з 12 чэрвеня да 28 жніўня (на свабодныя месцы ў іншыя ўстановы — з 13 чэрвеня). Бацькам трэба напісаць заяву на імя кіраўніка ўстановы адукацыі, падаць копію пасведчання аб нараджэнні дзіцяці, медыцынскую даведку і паказаць пашпарт аднаго з бацькоў ці законных прадстаўнікоў або від на жыхарства. Дакументы прымаюцца ад сем'яў, якія пастаянна пражываюць у мікрараёне, замацаваным за ўстановай адукацыі, або маюць рэгістрацыю тэрмінам не менш як год. У першую чаргу ўстанова адукацыі абавязана прыняць усіх дзяцей, што замацаваныя за канкрэтнай гімназіяй ці школай.

Што тычыцца ўзросту патэнцыяльных школьнікаў, то ў першы клас прымаюцца дзеці, якім на 1 верасня споўнілася шэсць і больш гадоў. Па жаданні аднаго з законных прадстаўнікоў дапускаецца прыём у першы клас дзіцяці, якому шэсць гадоў споўніцца ў перыяд з 1 да 30 верасня адпаведнага навучальнага года.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: У першы клас — толькі па месцы пражывання?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як перазімаваць без праблем?

Як перазімаваць без праблем?

У гэтыя дні ў Беларусі праходзіць пажарна-прафілактычная акцыя «За бяспеку разам». 

Культура

Іна Афанасьева: 50 гадоў — усе мае, і яны мне падабаюцца!

Іна Афанасьева: 50 гадоў — усе мае, і яны мне падабаюцца!

Шчаслівыя людзі рэдка пахваляюцца на ўвесь свет сваімі пачуццямі. 

Грамадства

Аляксандр Чарвякоў. «Усебеларускі стараста»

Аляксандр Чарвякоў. «Усебеларускі стараста»

Ён стаў кі­раў­ні­ком рэс­пуб­лі­кі ў 28 га­доў. Праз дзе­ся­ці­год­дзе "ла­пат­ная Бе­ла­русь" ужо ме­ла на­цы­я­наль­ны ўні­вер­сі­тэт, Ака­дэ­мію на­вук і раз­ві­тую гас­па­дар­ку.