Вы тут

Палітэканомія ад фермера Разумава


Калі карыстальнік інтэрнэту пажадае даведацца, што сабой уяўляе Дрыбінскі раён, то ён найперш сутыкнецца з інфармацыяй пра адроджанае ў гэтых мясцінах шапавальства, лапцепляценне, пра мясцовае свята «Дрыбінскія таржкі»... Аднак ёсць у рэгіёна яшчэ адзін, як модна зараз казаць, брэнд. Не такі раскручаны, але не менш значны. Моцныя фермерскія гаспадаркі. У нядаўнім інтэрв'ю «Звяздзе» старшыня Дрыбінскага райвыканкама расказаў, што ў структуры мясцовых падаткаў на 100 гектараў сельгасугоддзяў паступленні ад фермераў удвая большыя, чым ад дзяржаўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Трэба сказаць, што колькасць фермерскіх гаспадарак тут таксама амаль удвая большая за сельгаскааператывы. Пры гэтым ворнай зямлі за першымі замацавана ў восем разоў менш, чым за другімі.


«Давайце, хлопцы, бярыце зямлю — гэта будучае»

А пачалося ўсё з Васіля Разумава, які ўзначаліў райвыканкам у 1990 годзе. Тады Дрыбінскі раён быў адноўлены ў статусе самастойнай адміністрацыйнай адзінкі пасля 31-гадовага перапынку. Васіль Разумаў кіраваў раёнам паўтара года. За гэты час, па яго словах, было пабудавана каля 200 кватэр, зроблена адсыпка на вуліцах райцэнтра і... ўтвораны два дзясяткі фермерскіх гаспадарак (не абавязкова менавіта за гэты перыяд, але ў многім дзякуючы яму). Васіль Разумаў успамінае так: «Калі стаў старшынёй райвыканкама, тут пачалі ўтварацца фермерскія гаспадаркі. Я аднаму сказаў, другому, трэцяму: давайце, хлопцы, бярыце зямлю — гэта будучае. Такім чынам у Дрыбінскім раёне ўтварылася гаспадарак 20 напэўна на землях былых калгасаў і саўгасаў». На пачатак 2018 года ў Дрыбінскім раёне працуюць 11 фермераў, што таксама нямала для невялікага рэгіёна.

Потым Разумаў вырашыў: «Яны арганізаваліся, а я што — горшы?» І ў 1992 годзе ўтварыў унітарнае прыватнае сельскагаспадарчае прадпрыемства (УПСП) «Снежань». Праз дзевяць гадоў на базе гэтага прадпрыемства зарэгістраваў фермерскую гаспадарку, якую назваў у гонар свайго ўнука «Канстанцін».

Трэба заўважыць, што карані фермерства на Магілёўшчыне сягаюць яшчэ далей — у 80-я гады мінулага стагоддзя. Галоўным ініцыятарам укаранення новых формаў калектыўнай працы ў перабудовачныя часы ў гэтых мясцінах быў малады дырэктар саўгаса «Гарадзец» Аляксандр Лукашэнка, будучы Прэзідэнт Беларусі. У 1988 годзе ён па запрашэнні Міхаіла Гарбачова выступаў у Маскве на сустрэчы ў ЦК КПСС з работнікамі аграпрамысловага комплексу, дзе за трыбунай казаў пра перавагі калектываў інтэнсіўнай працы (КІПы) і брыгаднага падраду. КІПы тады прымушалі ствараць і ў саўгасе «Даманы» (тады яшчэ Шклоўскага раёна), якім Разумаў кіраваў 15 гадоў, да пасады старшыні райвыканкама.

Васіль Разумаў лічыць, што асабіста яго падштурхнуў задумацца аб прыватнай гаспадарцы, як ні дзіўна, Міхаіл Гарбачоў. Ён двойчы наведваў Магілёўскую вобласць. Першы раз на пасту сакратара ЦК КПСС па сельскай гаспадарцы, другі — ужо пасля распаду Саюза. «Не ведаю, на якой ён быў тады пасадзе, але я з ім сядзеў побач, вось так, як зараз з вамі», — расказаў фермер карэспандэнту «Звязды».

Але яшчэ да другой сустрэчы з Гарбачовым дырэктар саўгаса «Даманы» падышоў да першага сакратара Шклоўскага райкама Уладзіміра Ермаліцкага з просьбай даць яму брыгаду і адкрыць асабісты рахунак у банку. Было гэта на адной з нарад — у Гарадзішчы. На што першы сакратар адказаў Васілю Разумаву на вуха: «Слухай, пайшоў ты... Я яшчэ працаваць хачу першым сакратаром».

Час хутка бяжыць: унук, у гонар якога  Васіль Разумаў назваў  сваю фермерскую гаспадарку,  ужо студэнт. А яшчэ зусім нядаўна  сядзеў на руках у дзеда.

«Карла Маркса вучылі?»

Магчыма, менавіта ўтварэнне КІПаў натхніла Разумава стаць самому сабе гаспадаром. Ён кажа, што яму проста надакучыла быць дырэктарам. Школа за 15 гадоў кіраўніцтва гаспадаркай была пройдзена вельмі добрая. «Саўгас арганізаваўся ў 1961-м, а я ўзначаліў яго ў 1975-м і быў сёмым кіраўніком на той час. Да мяне дырэктары кіравалі ў сярэднім па паўтара-два гады. А я потым 15 гадоў. За гэты час пабудаваў 140 кватэр, зрабіў меліярацыю ўсёй зямлі і пяскова-гравійныя дарогі», — успамінае Васіль Разумаў. У 1988-м яму прапаноўвалі і асфальт пакласці будаўнікі з Арменіі, але запрасілі высокую цану і прапаноўвалі за гэта адкат. Ён адмовіўся.

Тады ў Саюзе ўсё бурліла: брыгадны падрад, калектывы інтэнсіўнай працы... Сэнс апошніх заключаўся ў наступным: давалі ўчастак зямлі, тэхніку, устанаўлівалі цэны на сыравіну і матэрыялы, якія адпускала гаспадарка, і на вырабленую прадукцыю. Розніцу (чысты прыбытак) атрымлівалі члены КІПа, якія дзялілі яе паміж сабой.

«Фермерская гаспадарка, дарэчы, таксама ствараецца для таго, каб атрымліваць прыбытак. Гэта значыць, што павінна быць створана расшыранае ўзнаўленне. Карла Маркса вучылі? — пытаецца Васіль Разумаў. — Там ёсць такое паняцце: зямельная рэнта І і зямельная рэнта ІІ».

На жаль, я не чытала «Капітал». І Разумаў мне растлумачыў, што расшыранае ўзнаўленне мае на ўвазе прыбытак, які дазваляе расшырыць вытворчасць, капітал, павысіць кваліфікацыю работнікаў і, урэшце, стварыць прадукцыю з дабаўленай вартасцю. Для расшыранага ўзнаўлення неабходна зямельная рэнта ІІ, якую можна ўтварыць шляхам больш інтэнсіўнага вядзення гаспадаркі, стварэння пад'язных шляхоў, выбудоўвання аптымальнай лагістыкі. Менавіта гэтым Разумаў, па яго словах, займаўся, калі ўзначальваў «Даманы».

Праз 15 гадоў ён захацеў мець магчымасць самастойна распараджацца чыстым прыбыткам, каб выкарыстоўваць яго на развіццё, на расшырэнне вытворчасці. Толькі бізнес — кажа ён. Гэта адна прычына. Другая — незалежнасць. Уласны статут, уласная гаспадарка. Свабода. А Разумаў чалавек свабодалюбівы. Не любіць падпарадкоўвацца.

Напэўна, пасля адмовы першага сакратара ў Гарадзішчах, у яго былі ўсе падставы пахаваць сваю мару, але тады ўжо прыйшоў час імклівых перамен. У выніку на паўночным усходзе Беларусі з'явілася фермерская гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні элітнага насення збожжавых, зернебабовых і шматгадовых траў. У найноўшай гісторыі «Канстанцін» тройчы станавіўся пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Найлепшы прадпрымальнік года», а сам Васіль Разумаў прызнаны ў нашай краіне Ганаровым прадпрымальнікам. Але кіраўніка больш за ўсё радуюць не ўзнагароды і званні.

«Не шыш-варона»

Падчас нашай 40-хвіліннай гутаркі Разумаву некалькі разоў званілі пакупнікі.

«Купляюць?» — пыталася я, адціскаючы паўзу на дыктафоне. «Купляюць», — адказваў мой суразмоўнік. — Мы ж элітная гаспадарка, не проста так — шыш-варона».

Ён не хавае гонару, калі расказвае пра свайго «Канстанціна»:

— Мы ўвесь час трымаем руку на пульсе, ніжэй за суперэліту не сеем, таксама выпрабоўваем новыя сарты. Мы, па сутнасці, неафіцыйная сортавыпрабавальная станцыя Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве. Штогод у іх купляем два-тры новыя сарты збожжавых, якія яны выпускаюць у вытворчасць. Укараняем уласныя тэхналогіі апрацоўкі глебы, каб тэхніка не ёрзала па полі. Усе работы праводзім своечасова. Калі да ўтварэння сялянска-фермерскай гаспадаркі тут пасяўную пачыналі пасля таго, як адсеюцца ў Дрыбіне, то зараз пачынаем, лічы, у адзін дзень з імі і завяршаем самыя першыя ў раёне. Хоць у нас жа таксама клін не малы — 700 га. Ну і людзі стараюцца, працуюць.

Васіль Разумаў расказвае, што 17 гадоў таму ўсё было проста. У пачатку 2000-х фермерам давалі бюджэтныя грошы на развіццё. У выніку ў Магілёўскай вобласці за кароткі час утварылася 250 фермерскіх гаспадарак.

«Пасля афармлення фермерскай гаспадаркі да нас правялі лінію электраперадачы, асфальт паклалі на 90 млн рублёў, гэта сума прыкладна роўная цяперашнім 90 тысячам. Давалі грошы на гаручае, але самае галоўнае — тэхніку ў лізінг, і адкрылі крэдытную лінію на 300 мільёнаў недэнамінаваных рублёў на сем гадоў пад 2 % гадавых. За гэтыя сродкі мы купілі два трактары. Гэта добрая была дапамога з боку дзяржавы, дзякуй. Мы разлічыліся і з крэдытамі, і за тэхніку ў лізінг», — расказвае Васіль Разумаў.

Са збытам прадукцыі ў «Канстанціна» ніколі не было праблем. У сярэдзіне мая ў яго ўсе склады практычна пустыя.

— Наша база вельмі сур'ёзная, яна многім сераднякам не саступіць. У нас чатыры зернеўборачныя камбайны, чатыры МАЗы, бензавоз, пяць легкавых аўтамабіляў.., — пералічвае Васіль Разумаў. — Свая вагавая гаспадарка, зернесушыльнае і складскія памяшканні. Усё зроблена капітальна, праца механізаваная: шуфля ў нас ржавее. Мятла часам выкарыстоўваецца на складзе. На вуліцы падмятаем трактарнай шчоткай.

Ён пабудаваў складское памяшканне для вадкіх мінеральных угнаенняў на 250 тон. Ёсць і для цвёрдых угнаенняў: фосфарныя асобна, калійныя — асобна. Зернесушыльная гаспадарка аснашчана падлогавай сушылкай разавай загрузкі аб'ёмам 300 тон. «Гэта значыць, усё, што за дзень намалочваем, можам перасушыць, — тлумачыць Васіль Разумаў. — Моцная для нашых аб'ёмаў зернеачышчальная гаспадарка: тое, што намалочваем за дзень, за суткі перапрацоўваем».

«Канстанцін» атрымаў на гэты год дзяржзаказ: 510 тон харчовай пшаніцы, 200 тон насення рапсу, 200 тон піваварнага ячменю. 330 тон насення ярыны яны прадалі гаспадаркам Магілёўскай і Мінскай абласцей. І на восень маюць заказ — 150—200 тон. «Пасевы ўсе прыведзены ў парадак, апрацаваныя. Аб зямлі клапоцімся. Аб'ёмы ў нас на гэтую зямлю сур'ёзныя. У сярэднім, з 700 гектараў мы да 3 тысяч тон збожжа намалочваем (атрымліваецца 40 ц/га з улікам дарог і балот), плюс 200 тон рапсу, каля 100 тон насення шматгадовых і аднагадовых траў. Тым і жывём», — падсумоўвае фермер.

Летась з гектара тут атрымалі 60 ц сухога зерня, 350 тысяч рублёў прыбытку. Рэнтабельнасць склала 35 %. Намеснік кіраўніка гаспадаркі Дзяніс Шпакаў (падчас уборкі інжынер працуе на камбайне) намалаціў 2 тысячы тон, атрымаў, дарэчы, за гэта ў якасці прэміі сертыфікат на 10 квадратных метраў жылля, якое будуецца, у любым пункце Беларусі. Мясцовы бюджэт у выніку дзейнасці «Канстанціна» штогод атрымлівае 120—130 тысяч рублёў падаткаў.

«Вось паспрабуй зараз — стань фермерам!»

Раней фермерам проста было пачынаць, атрымліваць крэдыты і выплачваць іх, лічыць Васіль Разумаў. Цяпер жа даводзіцца мець справу з неймавернымі цяжкасцямі, а дапамогі ад дзяржавы апошнія гадоў пяць — нуль.

Ён прыводзіць прыклад са спробай абнавіць свой машынна-трактарны парк, які адслужыць амаль 20 гадоў: «З банка мне даслалі паперу: якія дакументы трэба сабраць, каб атрымаць крэдыт на набыццё трактара пад 7 % гадавых. Мы падрыхтавалі стос папер, адправілі ў аддзяленне. Там знайшлі чатыры выпадкі несвоечасовай выплаты за карыстанне крэдытам на працягу апошніх 10 гадоў, у адным выпадку размова ішла пра 80 капеек, у іншым — пра два рублі... Нам адмовілі. Я падышоў да свайго бухгалтара: «Ну што, Святлана, папрацавалі мы з табой на сметніцу».

Фермер разважае: што ў выніку атрымала дзяржава? Калі б ён набыў трактар, ён забяспечыў бы загрузку вытворчасці на МТЗ, гэта раз. Банк атрымаў бы працэнты з выдадзенага крэдыту, два. Дзяржаўная казна атрымала б падатак на дабаўленую вартасць — 20 % ад кошту трактара. І фермер на новай тэхніцы больш хутка апрацаваў бы свае палі, што забяспечыла б яму большы прыбытак, зноў жа — большы падатак у казну дзяржавы.

У выніку па сутнасці беспадстаўнай адмовы банка ніхто нічога не атрымаў. «Я перажыву без трактара. Куплю яго восенню з продажу прадукцыі, без пазыкі. У мяне адзін мільён рублёў выручкі. Кошт трактара — 70 тысяч. Але тады не заробіць банк, падатак у казну паступіць меншы, бо трактар прададуць за меншую цану, без уліку працэнтаў», — працягвае разважаць Разумаў.

Але той, хто распачынае сваю справу і не мае ўласнай тэхнікі, будзе залежаць ад яе ўладальніка, рызыкуе своечасова не адсеяцца, не вырасціць добры ўраджай. У выніку недаатрымае даход, павялічыць страты, так і не набудзе тэхніку, абанкруціцца і папоўніць шэрагі ўтрыманцаў. Гэта не ў інтарэсах ні дзяржавы, ні рэгіёна, ні чалавека.

Другі прыклад Васіля Разумава датычыцца падаткаабкладання. «Канстанцін» разлічваецца з мясцовым бюджэтам і пазабюджэтнымі фондамі своечасова, але восем гадоў таму гаспадарка дапусціла памылку, падатак быў заплачаны няправільна. Праз восем гадоў пеня перавысіла недаплачаны падатак у шэсць разоў. «Я прасіў падатковыя органы: год прайшоў, праверце ў мяне, два прайшло — праверце, можа дзе памыліўся, даплацім, усё выправім. Адказ: не, не трэба, вы не ўваходзіце ў спіс праверак. І так — сем гадоў. Трэба, каб закон прадугледжваў: пеня не павінна перавышаць суму недаплачанага падатку», — прапаноўвае фермер.

Несправядлівай ён лічыць і сітуацыю, калі цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю з 2013 года выраслі на 2—7 % або засталіся на месцы (цэны на насенне, кажа ён, зусім не выраслі), а цана на трактар вырасла больш чым удвая. Яшчэ больш выраслі цэны на камбайны, гаруча-змазачныя матэрыялы, угнаенні, сродкі абароны. «Вось паспрабуй цяпер — стань фермерам! — усклікае Васіль Разумаў. — Складана зараз круціцца. Як мы выходзім? Вопыт. Адданасць справе. Агратэхніка. Напор».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, в. Карзеева Дрыбінскага раёна

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.