У мінулым годзе конкурс «Найлепшы дворнік Цэнтральнага раёна г. Мінска» актыўна абмяркоўваўся ў прэсе. Прычынай стаў нечаканы прыз — падарожжа па Італіі, дзе пераможца Ганна Дзесюкевіч змагла не толькі ўбачыць шэдэўры архітэктуры, але і пазнаёміцца з працай замежных калег. Куды адправіцца пераможца гэтага года, арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце.
Конкурс праводзіцца, каб падняць прэстыж важных і патрэбных рабочых спецыяльнасцяў. Ацэньваць удзельнікаў будзе не толькі экспертная камісія, але і самі жыхары раёна. Інфармацыя пра канкурсантаў будзе размешчана ў супольнасці Цэнтральнага раёна ў сацыяльнай сетцы «УКантакце», дзе з 16 чэрвеня па 20 ліпеня інтэрнэт-карыстальнікі большасцю галасоў вызначаць найлепшага. Тым часам конкурсная камісія на працягу месяца двойчы ў розныя дні без папярэджання праверыць прыдамавыя тэрыторыі: каб усё было сумленна, вынікі зафіксуюць на фота. Узнагароджанне пройдзе 7 верасня, напярэдадні Дня горада Мінска, у рамках свята двара, які замацаваны за пераможцам.
Канкурсанты ўжо атрымалі стылізаваныя наказы ад жыхароў і «дарожныя карты» з умовамі і апісаннем асноўных этапаў конкурсу. У канцы ўрачыстай цырымоніі адкрыцця конкурсу яе ўдзельнікі сумесна добраўпарадкавалі двор, у якім размешчана скульптура жанчыны-дворніка. Гэта стала сімвалам таго, што прыгажосць і абнаўленне не знікаюць з адыходам вясны, а працягваюцца ў справах і працы людзей, іх стаўленні да чысціні і парадку.
Дар'я КАСКО
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.