Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» пабываў у школах, якія зачынілі


Падчас папярэдняга маніторынгу высветлілася, што пра захаванасць будынкаў часцей за ўсё думаюць мала.


Шко­ла ў вёс­цы Пі­шча­ла­ва Ар­шан­ска­га ра­ё­на.

Закрылі і прадалі за адну базавую

Паводле інфармацыі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, за сем гадоў аптымізацыі дзейнасці ўстаноў адукацыі было закрыта больш за 210 школ і садкоў, пераважна ў сельскай мясцовасці. Робіцца гэта з-за недахопу дзяцей школьнага і дашкольнага ўзросту, таму малакамплектныя ўстановы закрываюць.

Вядома, дзяцей і падлеткаў пераводзяць у іншыя, арганізуючы падвоз школьнымі аўтобусамі. Гэта гадамі адпрацаваная практыка, якая сябе апраўдвае.

Дарэчы, грошы, што эканомяцца ў выніку аптымізацыі, накіроўваюцца выключна на тую ж адукацыю. Будынкі прадаюць «з малатка», нярэдка — за адну базавую. Напрыклад, так адбылося з былой Гуркінскай базавай школай у Гарадоцкім раёне, будынак якой быў прададзены за адну базавую велічыню фермерскай гаспадарцы «Аляксандраў слімак» у ліпені 2016 года. Цяпер там актыўна вядуцца рамонтныя работы, адноўлены інжынерныя камунікацыі. Частка памяшканняў выкарыстоўваецца пад цэх па вытворчасці мэблі з дрэва і кавальскай вытворчасці. Частка памяшканняў будзе выкарыстоўвацца як прыдарожнае кафэ.

Ці яшчэ адзін станоўчы прыклад уключэння ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца.

У ліпені 2014 года УП «ФрэйзБуд» за базавую велічыню купіла будынак школы ў вёсцы Паліцы Бешанковіцкага раёна. Там плануецца размяшчэнне цэха па рамонце электрычных рухавікоў, вытворчасць драўляных вырабаў. Завезена і ўстаноўлена неабходнае абсталяванне, дадаткова створаны тры рабочыя месцы.

Але сустракаюцца і факты, мякка кажучы, безгаспадарчасці. У Камітэце дзяржкантролю насцярожваюцца, што будынкі, пасля таго як вучэбны працэс там спыняецца, часта пакідаюць без пільнай увагі.

У прыватнасці, у вёсцы Пішчалава Аршанскага раёна кантралёры падчас папярэдняга маніторынгу ўбачылі, што чыгунныя радыятары былі чамусьці адрэзаны ад труб і ляжалі на першым паверсе. У школьнай майстэрні не ў поўнай камплектацыі стаялі два станкі для апрацоўкі металу.

Шко­ла ў вёс­цы Кля­ны Дуб­ро­вен­ска­га ра­ё­на.

Што змянілася за гэты час?

Да заўваг прыслухаліся і аднавілі сістэму ацяплення. Другое пытанне: чаму гэта зрабілі толькі пасля таго, як умяшаўся Камітэт дзяржкантролю?

Нам паказалі школу сёння. Быццам бы ўсё як павінна быць. Вартаўнік сочыць, каб не было выпадкаў вандалізму. Парадак і ў двары.

Што датычыцца перспектыў параўнальна вялікага двухпавярховага будынка, то яго плануюць выставіць чарговы раз на аўкцыён, цяпер ужо за базавую велічыню. Няўжо ў населеным пункце, які кіламетраў за шэсць ад райцэнтра, раней ніхто не хацеў купіць такі, можна сказаць, палац? Канешне, параўнанне з Мінскім раёнам, дзе чарга пакупнікоў на нерухомасць, напэўна, лішняе. Але, як вядома, Аршанскі сёння актыўна развіваецца.

Хоць фільм ваенны здымай

У вёсцы Кляны Дубровенскага раёна таксама школа ў два паверхі, але будынак не такі вялікі ў параўнанні з тым, што на Аршаншчыне.

Адразу відаць, што за тэрыторыяй вакол былой школы ніхто не сочыць. Вокны і дзверы быццам наспех закалочаны. Унутры — беспарадак. Смецце адсюль, бадай, трэба вывозіць гадзінамі. Каму належыць будынак?

У аддзеле адукацыі райвыканкама ўдакладнілі, што ён некалькі гадоў таму быў прададзены за адну базавую велічыню фермеру. Той планаваў разводзіць там гусей. І дзе яны? Высветлілася, што суседствам з чарадой птушак былі незадаволеныя вяскоўцы. Скардзіліся ў розныя ўстановы. Узніклі праблемы і са службай санітарнага нагляду.

Гаспадар, дарэчы, меў права нават разабраць будынак, каб выкарыстаць будаўнічыя матэрыялы для сваіх патрэб, або яго прадаць, але чамусьці не зрабіў гэтага. У выніку будынак цяпер больш нагадвае тое, што можа застацца пасля ваенных дзеянняў. Напрыклад, няма драўлянай падлогі, якую расцягнулі некаторыя з тутэйшых. Дарэчы, гэтым фактам займалася міліцыя.

А што фермер? З'ехаў у адну з краін з ЕС. Цяпер былую школу вярнулі ў маёмасць дзяржавы і зноў будуць спрабаваць прадаць, але ўжо больш рупліваму гаспадару.

У Камітэце дзяржкантролю нагадваюць мясцовым уладам, што трэба забяспечваць захаванасць дзяржаўнай маёмасці і не дапускаць прычынення шкоды. І неабходна актыўна далучаць дзяржаўную маёмасць, якая не выкарыстоўваецца, у гаспадарчы абарот. Вінаватыя прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Пытанне і надалей будзе знаходзіцца пад пільным кантролем.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Школа: ні дзяцей, ні... гусей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».