Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Урокі для пачаткоўцаў

Вядомую ці не ўсім камбінацыю з трох пальцаў у маёй роднай вёсцы звалі хвігай. Не скажу, што часта яе паказвалі... Хіба ў сварках калі-нікалі, і тое жанчыны альбо дзеці. Сярод мужчын ні дзеі такой, ні слова і наогул не было б, калі б...

Нас, хлапчукоў, у падлеткавым узросце пачыналі прывучаць да касы́. На гэты выпадак яна была адмысловая — невялічкая, спецыяльна для пачаткоўцаў.

Мне яе бацька ўручыў у няпоўныя дванаццаць: зайшоў ззаду, паклаў свае рукі на мае — паказаў як трымаць, як касіць, потым — як мянціць (у нас кажуць сцябаць...), каб, крый бог, не парэзацца.

Здалося, простая навука, анічога складанага, тым больш што касіць мне даверылі асаковае балотца. Крыху вышэй узяўся шчыраваць дзядуля, а самы памежак, дзе найцяжэй, — тата.

Зрэшты, разглядацца, хто там і дзе, часу не было, бо я з імпэтам стаў размахваць касой, пляжыць асаку. Яна мне лёгка давалася, і хвілін праз пяць я ўжо лічыў сябе сапраўдным касцом.

Як і варта было чакаць, рана цешыўся, бо пры чарговым сцябанні левая рука не ўтрымала касу і вялікі палец правай «пацалаваўся» з накляпаным лязом... Прычым «пацалунак» атрымаўся нежартоўны: і крыві было шмат, і болю, пакуль дзядуля не прыклаў ліст лопуху і не скамандаваў, моцна заціснуўшы палец, бегчы дамоў...

Рану мне перавязвала мама, бінту, вядома ж, не шкадавала, і на вуліцу я выйшаў з ладнай «лялькай» на пальцы.

Насіць яе давялося некалькі дзён, прычым з форсам, бо мужчыны, убачыўшы гулю, паблажліва пыталі: «Ну што, малец, даў хвігу касе?» — «Даў», — усміхаўся я. І тым самым нібы ўступаў у клуб дарослых і выбраных, якія, трэба разумець, таксама пачыналі з фігі?

Іван Сіманёнак, г. Паставы


Сватаўство Гальваніка

Мой бацька амаль усё жыццё адпрацаваў на заводзе і пад настрой (а ўжо за чаркай...) мог гадзінамі расказваць пра свой цэх, яго рабочых.

На мой погляд, самым каларытным сярод іх быў Вася. Мянушку Гальванік ён займеў, трэба разумець, дзякуючы «пасадзе». Ды яшчэ — пастаянным заявам, што яны (гальванікі), сярод розных там пралетарыяў — самая белая косць, чыстыя арыстакраты!

За іншых не скажу, бо не ведаю, а што датычыцца Васі, то ён, мяркуючы па расказах бацькі, «арыстакратам» быў і сапраўды. Ва ўсякім разе дома па гаспадарцы анічогачкі не рабіў — не ўмеў і не хацеў. А таму гадамі жыў на мяжы разводу: заяву на яго жонка не раз падавала і не раз забірала — шкадавала дзяцей. І толькі тады, калі яны выраслі (сын застаўся ў войску «прапарам», а дачка выйшла замуж), адважылася-такі пачаць спачатку: знайшла нейкага ўдаўца, развялася з Васем, размяняла кватэру.

Гальванік у выніку застаўся адзін.

І — голад не цётка — навучыўся ён (потым доўга хваліўся) гатаваць сабе чай, нават пельмені! А вось каб нешта памыць — падлогу, адзежу, бялізну, — гэта, прабачце, ужо зусім не панская справа. Выходзіла, што зноўку трэба жаніцца?

Здавалася б, што прасцей: мужчына, не стары, не хворы...

Яго з некім знаёмілі, вадзілі ў сваты, але чамусьці ўсё было марна: адна «кандыдатка ў жонкі» была для яго стараватая, другая — не вельмі прыгожая, трэцяя з дачай, дзе трэба працаваць, чацвёртая з дзецьмі, пятая без утульнай кватэры...

Па ўсіх «параметрах» і з нядаўняй пары Гальваніку падыходзіла хіба табельшчыца Надзя. Па маладосці, казалі, яна была вельмі пераборлівай — шмат каго адшывала, аднак гады ішлі, потым ляцелі, у заводскім інтэрнаце яна дажылася да мянушкі «мамачка»...

А таму ў новым доме кватэру чакаць не стала: згадзілася на падменку ў старым, зняла з кніжкі грошы, зрабіла рамонт, купіла мэблю...

Ведаючы гэта, Вася, як толькі мог, стаў набівацца ў госці.

Надзя, як выглядала, не супраць была прыняць, бо яна і праўда шукала мужчыну... Яшчэ і для таго, каб у кухні павесіў карніз, у ванным пакоі — шафку. «Вы ж гэта ўмееце?» — спытала яна ў Гальваніка. «А што там умець?» — пакрыўдзіўся Вася, заспеты знянацку.

І потым адступаць ужо не выпадала: у сяброў па цэху ён атрымаў неабходную кансультацыю, у іх жа пазычыў малаток і тоўсты свярдзёлак, надзеў (сам расказваў) новую кашулю (бо чыстай не было) і выправіўся ў госці.

Надзя, мяркуючы па водарах, што панавалі ў чысцюткай кватэры, нагатавала яго любімых галубцоў, для парадку прапанавала выпіць. Госць адмовіўся. Сказаў: «Потым... Колькі там спраў».

«Значыць, не п'янтос», — з павагай падумала гаспадыня і, можна сказаць, залюбавалася, бо Вася тым часам ужо вызначыў і «ўзгадніў» з ёй найлепшае месца для шафкі, адмераў адлегласць паміж петлямі (шафку, каб не замінала, занёс у прыбіральню, прытуліў да сцяны...

«Што правільна, — падумала Надзя, бо вітальня зусім маленькая, а ў зале — новая падлога, накрыты стол...»).

Вася тым часам ужо прыкідваў, дзе лепш прабіваць дзіркі. Успомніўшы парады сяброў, ён шукаў, «намацваў» свярдзёлкам «праслойку» раствору паміж цаглінамі. І такі знайшоў (праўда, пасля сёмай ці восьмай спробы... Ад чаго на сцяне з'явілася «карціна» «Хрушчы прыляцелі»).

Надзю яна вельмі насцярожыла, аднак Вася яе супакоіў. Сказаў: «Нічога, зараз алебастрам замажам, потым падмалюем, і ўсё будзе «хакей».

«Бач як загаварыў, — страпянулася сэрца жанчыны. — Мусіць, застацца хоча? Сватацца прыйшоў. Трэ было ўзяць шампанскае»...

Хвілін праз пяць першая адтуліна была гатовая. І выглядала яна вельмі сімпатычна. «Во што значыць мужчына, — уздыхала Надзея, — што значыць майстар!»

Другая дзірка давалася яму ўжо горай: свярдзёлак (як выглядала) «упёрся» ў нешта цвёрдае, можна сказаць неадольнае... Мяркуючы разбіць яго, Вася адвёў руку, замахнуўся і...

На той бок сцяны, у прыбіральню, на шафку (хана люстэрку!) абрынуўся важкі паўцагелак з кавалкам тынкоўкі. За ім на абадок унітаза (яму таксама хана!) паляцеў грувасткі свярдзёлак.

Не зразумеўшы толкам, што адбылося, Надзя палыпала трохі вачамі, потым, не хаваючы слёз, насцеж адчыніла ўваходныя дзверы.

Вася (як-ніяк арыстакрат) гэты жэст зразумеў без слоў: згроб сваю адносна чыстую адзежу і выскачыў з кватэры, дзе мог і вельмі хацеў застацца...

Хлопцам потым прызнаўся, што Надзя дзеўка што трэба, што ўсё пры ёй, і калі б не гэны каменьчык...

Дрэннаму танцору, як той казаў, то боты ціснуць, то пінжак замінае.

В. Камарова, г. Бабруйск


Не кажы гоп...

Старая ісціна: не бывае так дрэнна, каб не выйшла потым на добрае. Ну мяркуйце самі: у сярэднюю школу (пасля пачатковай) я хадзіў за сем кіламетраў. Гэта, вядома ж, далёка і дрэнна. А з іншага боку — не зусім, бо амаль штодзённая «трэніроўка», дзякуючы якой я стаў добрым спартсменам: досыць паспяхова, маючы невысокі рост, бегаў на 100 метраў, на 200, 400, меў спартыўныя разрады.

Быў чэмпіёнам і потым — сярод студэнтаў.

Ды вось неяк раз давялося мне выступаць на першынстве горада, абараняць гонар інстытута. Дыстанцыя — 400 метраў, у саперніках — студэнт па прозвішчы Кудзін. Ён быў вельмі вядомым спартсменам — і не толькі ў горадзе, ездзіў нават на першынство Беларусі!

Карацей, у яго былі ўсе падставы для таго, каб перад стартам паглядзець на мяне як на нейкую дробную кузурку і досыць гучна сказаць:

— Няма тут з кім спаборнічаць... А табе, малеча, лепш наогул збоку пастаяць.

Мы з трэнерам Спартаком Аляксандравічам пераглянуліся, але пярэчыць хлопцу не сталі.

І вось мы на бегавой дарожцы, Кудзін, вядома ж, наперадзе, я — трошкі ззаду, але не адстаю.

— Вася! Паддай! Яшчэ крыху... Чуеш? — на апошнім павароце крычыць мне мой сябар Коля.

І ў мяне адкуль толькі сілы — панёсся так, што на закругленні лёгка абагнаў доўгага як цэп Кудзіна, першым выйшаў на фінішную прамую і перамог!

Мой трэнер, мой сябар Коля тут жа кінуліся да мяне, сталі віншаваць. Кудзін, нічога не разумеючы, стаяў непадалёк.

— Ну, што скажаш пра саперніка? — спытаў у мяне трэнер.

— Ды трапло... Выхваляцца ўмее, а бегаць — не! — выгукнуў я.

Кудзін, пачуўшы гэта, збялеў ад злосці, сціснуў кулакі, здавалася, пойдзе на нас вайной. Але ж не адважыўся. Мусіць, пабаяўся, бо хто ведае, чаго яшчэ чакаць ад «малечы».

Васіль Пяшэвіч, в. Юркевічы, Жыткавіцкі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».