Вы тут

Без хіміі


Яшчэ параўнальна нядаўна размовы журналістаў пра арганічную сельскую гаспадарку не падтрымлівалі ў нашай краіне ні вучоныя, ні аграрыі. Спасылаліся на тое, што ўраджайнасць такой прадукцыі значна ніжэйшая, а цана на яе занадта вялікая. А гэта, маўляў, не адпавядае не толькі інтарэсам вытворцаў, але і ў цэлым дзяржаўнай палітыцы: прадукты павінны быць у першую чаргу даступныя, і, што не менш важна, — у дастатковай колькасці. Пры гэтым, канешне, яны павінны быць бяспечныя, што цалкам дасягальна, калі строга прытрымлівацца тэхналогій у аграхіміі.


На гэтым размовы пра арганічнае землекарыстанне, як правіла, заканчваліся. Аднак працэс усё ж такі ішоў. Напэўна, сапраўды, у сучасным свеце немагчыма не патрапіць пад уздзеянне сусветных тэндэнцый і рухацца адасобленым шляхам. Цяпер мы можам сказаць, што арганічныя прадукты сталі рэальнасцю ў нашым жыцці. Праект Закона «Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі» прыняты ў першым чытанні, і цяпер у Палаце прадстаўнікоў вядзецца работа па яго ўдасканаленні.

«Сацыяльная накіраванасць развіцця нашай дзяржавы, дзе ў аснове ўсяго стаіць чалавек і яго здароўе, а таксама выгаднае геаграфічнае размяшчэнне нашай краіны — у цэнтры Еўропы, прадвызначылі далучэнне Беларусі да агульнага сусветнага працэсу развіцця арганічнай вытворчасці», — растлумачыў змену трэнду Сяргей ЛІЦВІН, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па аграрнай палітыцы, які адказвае за работу над названым законапраектам.

Дакумент быў унесены ў парламент Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь у канцы лістапада мінулага года. Яго распрацоўшчыкі паставілі перад сабой наступныя мэты: развіццё вытворчасці арганічнай прадукцыі, забеспячэнне насельніцтва такой прадукцыяй і яе экспарт, а таксама захаванне і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў пры названай вытворчасці.

Трэба сказаць, што спробы (і досыць паспяховыя) па вырошчванні арганічных прадуктаў у Беларусі ажыццяўляюцца ўжо другое дзесяцігоддзе, але адносіны, якія пры гэтым узнікаюць паміж ўсімі ўдзельнікамі працэсу, уключаючы спажыўцоў, дагэтуль не рэгулююцца ніякімі спецыяльнымі актамі заканадаўства.

«У 2006 годзе гаспадарчае падраздзяленне беларуска-германскага сумеснага дабрачыннага прадпрыемства «Надзея ХХІ стагоддзе» стала першай таварнай вытворчасцю экалагічна чыстай прадукцыі, хоць пры яе вырабе не выконваюцца цалкам стандарты Міжнароднай федэрацыі арганічнага сельскагаспадарчага руху (ІFОАM) па вырошчванні, захаванні і перапрацоўцы, — паведаміў Сяргей Ліцвін. — У 2012 годзе Саветам Міністраў быў прыняты План выканання мерапрыемстваў па арганізацыі выпуску прадукцыі арганічнага земляробства. Гэты дакумент і актыўнасць грамадскіх арганізацый Беларусі падштурхнулі развіццё арганічнай сельскай гаспадаркі ў нашай краіне».

З таго часу некаторыя фермеры, уладальнікі прысядзібных участкаў і сельскагаспадарчыя арганізацыі пачалі вырошчваць прадукцыю без выкарыстання хіміі і ўпэўніліся, што прадукт гэты запатрабаваны, асабліва за мяжой, дзе людзі знаёмыя з такім таварам.

Ужо ў 2013 годзе дэпутацкая група «Ініцыятыва» склала план па вывучэнні пытанняў вытворчасці арганічнай прадукцыі, а пазней прапанавала распрацоўку праекта адпаведнага закона. Праз тры гады канцэпцыя законапраекта была ўзгоднена з Прэзідэнтам. У свабодным доступе праект закона размешчаны на сайце Мінсельгасхарча.

У дакуменце прапісаны патрабаванні да працэсаў вытворчасці і абарачэння арганічнай прадукцыі, называюцца забароненыя пры гэтым сродкі і метады. Напрыклад, забараняюцца выкарыстанне хімічных угнаенняў і сродкаў абароны раслін, генна-інжынерна-мадыфікаваных арганізмаў, сумесная перапрацоўка арганічнай і неарганічнай прадукцыі.

Дакумент прадугледжвае ўвядзенне добраахвотнай сертыфікацыі арганічнай прадукцыі і працэсаў яе вытворчасці. Пры наяўнасці такога сертыфіката вытворцы атрымаюць права наносіць знак «Арганічны прадукт» на спажывецкую і транспартную ўпакоўку.

«Толькі на заканадаўчай аснове можна развіваць добрасумленную вытворчасць і гандаль арганічнай прадукцыяй, у тым ліку абараніць правы спажыўцоў ад падробак, — упэўнены дэпутат, які курыруе законапраект. — Да таго ж адсутнасць у нас нарматыўнага прававога рэгулявання ў галіне арганічнай сельскай гаспадаркі не дазваляе Беларусі паўнавартасна прадстаўляць сябе на міжнародным рынку».


Сёння ў Беларусі налічваецца 20 найбуйнейшых вытворцаў арганічнай прадукцыі: фермерскія гаспадаркі, асабістыя падсобныя гаспадаркі, сельскагаспадарчыя і іншыя арганізацыі. Яны вырошчваюць агародніну і ягады, збожжавыя культуры на прыкладна 1380 га сертыфікаванай ворнай зямлі. Усяго ў краіне сертыфікавана 1,5 тыс. га зямлі. Яшчэ шэсць буйных экспарцёраў бярозавіку, зёлак і лясных ягад маюць 2742 га сертыфікаваных зямель па вырошчванні дзікаросаў.

У нашай краіне зарэгістраваны сем акрэдытаваных у ЕС арганізацый па выдачы сертыфікатаў на вытворчасць арганічнай прадукцыі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.