Вы тут

Зорка на падворку


Гадоў дваццаць таму карову трымалі амаль што на кожным вясковым падворку. А некаторыя гаспадары мелі іх па дзве-тры і больш. Малако — прадукт незаменны, з яго можна прыгатаваць і смятану, і масла, і тварог, і сыр, і ражанку. І сям'я накормленая, і выдаткі з сямейнага бюджэту на набыццё магазіннай прадукцыі зніжаюцца. Цяпер жа рагуль можна пералічыць на пальцах не тое што ў вёсках, але і ў маштабах раёнаў.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Малако — крыніца заробку як дзяржавы, так і любой сельскагаспадарчай арганізацыі, грамадзян. Нездарма кажуць: карова ў двары — ежа на стале. Асабліва гэта датычыцца шматдзетных сем'яў. Працалюбівыя, старанныя гаспадары, якія клапоцяцца пра тое, каб у дзяцей быў хлеб і да хлеба, ніколі не пазбавяцца карміліцы. Пажылыя людзі, што не прывыклі сядзець без справы, таксама не супраць трымаць жывёлу, але ж часта не маюць здароўя і сіл для яе догляду. А моладзь лічыць, што прасцей купіць малочныя прадукты ў краме. Але ўсё ж яшчэ засталіся аматары, якія не ўяўляюць свайго жыцця без жыўнасці ў хляве. Гэта ў асноўным грамадзяне перадпенсійнага ўзросту і маладыя пенсіянеры.

— Зразумела, утрыманне жывёлы — справа клопатная, яна патрабуе вялікай працы, самааддачы, карпатлівага догляду. Трэба рана ўстаць, накарміць, падаіць рагулю, выгнаць яе на пашу, ды і на зіму назапасіць дастаткова сена, набыць камбікорм, — кажа старшыня Стаўбцоўскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсталь. — У нашым раёне ў асабістых падсобных гаспадарках налічваецца 517 кароў. У мінулым годзе іх было 625. Калі ўспомніць 2010-ы, то людзі трымалі паўтары тысячы. Найбольшая колькасць кароў у Рубяжэвіцкім і Літвянскім сельсаветах, адпаведна — 153 і 115. На жаль, аб'ёмы нарыхтовак малака ад насельніцтва штогод зніжаюцца. На гэта ўплываюць аб'ектыўныя дэмаграфічныя прычыны: вёска старэе. Адпаведна, і малака на прыватных падворках становіцца менш. Райвыканкам, райсавет стараюцца падтрымаць асабістыя падсобныя гаспадаркі, стымуляваць грамадзян, каб лішкі малака здавалі дзяржаве. Штогод мы праводзім раённыя спаборніцтвы па закупках сельскагаспадарчай прадукцыі ў насельніцтва, заахвочваем прэміямі як малаказдатчыкаў, так і малаказборшчыкаў. Сёлета ў сакавіку падведзены вынікі за мінулы год.

Найбольш «белага золата» прынялі ад насельніцтва малаказборшчыкі Ганна Коржыч — больш за 31 тону — і Ганна Карневіч — каля 9 тон з Дзераўнянскага сельсавета. Віктар Янушкевіч з Літвянскага сельсавета сабраў 8,5 тоны, Баляслаў Гайдук (Дзераўнянскі сельсавет) — больш за 4 тоны. Пераможцамі сярод здатчыкаў малака сталі Міхаіл Бесь з вёскі Кругавіны Дзераўнянскага сельсавета — 10 тон 155 кілаграмаў, Іосіф Паўлавец з вёскі Вечатарова Старасвержанскага сельсавета — 9 тон 436 кілаграмаў малака.

Дарэчы, людзей, якія збіраюць малако ад насельніцтва, шукаюць і прымаюць на працу старшыні сельвыканкамаў. Гэтыя «давераныя асобы» звозяць прадукцыю ў адзін пункт тры разы на тыдзень гужавым транспартам. Затым машына райаграсэрвіса дастаўляе яе на малаказавод.

— Разлікі са здатчыкамі праводзяцца своечасова. За кожны здадзены кілаграм малака людзі атрымліваюць 43 капейкі — пры яго базіснай тлустасці 3,6. Умоўна, калі чалавек здаў 100 літраў малака, але тлустасцю 3,4, то ў залік яму ідзе 98 літраў. Калі тлустасць малака вышэйшая за базавую, то ў залік ідзе большая колькасць малака. Так што разбаўляць «белае золата» вадой нявыгадна. Акрамя таго, дадатковыя грошы налічваюцца за здачу маладняку. Разам з сельвыканкамам гаспадарка праводзіць кантрактацыю жывёлы, заключаюцца адпаведныя дагаворы з уласнікамі.

Вядома, ёсць і такія, хто здае толькі частку малака, астатняе пакідае для дзяцей і ўнукаў. Некаторыя грамадзяне прадаюць малочныя прадукты на рынку, дачнікам, сваякам і знаёмым.

— А як наконт кармоў для жывёлы? Гаспадар павінен спадзявацца толькі на свае сілы ў нарыхтоўцы «правізіі»? — пацікавілася ў старшыні райсавета.

— Па ўзгадненні з сельвыканкамамі арганізацыі выдзяляюць людзям пашу, кармы. Вядома, не пад поўную патрэбу. Але ж ніхто не забараняе людзям нарыхтоўваць сена на няўдобіцах, на берагах і ў поймах рэк, на лясных палянах і прагалінах, — адказаў Сяргей Шэсталь.

Па яго словах, прасочваецца тэндэнцыя, што і ў далейшым колькасць пагалоўя на прыватным падворку будзе змяншацца. На сітуацыю ўплывае той факт, што вытворчасць малака ў грамадскім сектары з кожным годам набірае абароты. Цяпер, напрыклад, на Стаўбцоўшчыне штодзень атрымліваюць 280 тон малака, а надой на адну карову складае больш як 17 кілаграмаў. Разам з тым становяцца больш жорсткімі патрабаванні да якасці малака. Каб атрымаць выдатную прадукцыю, што адпавядае ўсім нормам, неабходна ўтрымліваць жывёлу ў адпаведных санітарных умовах, правільна карміць, лячыць. Толькі ў гэтым выпадку малако будзе запатрабавана перапрацоўчымі прадпрыемствамі. Дасягнуць жа ідэалу ў хатніх умовах складана.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».