Вы тут

Як узмацніць ролю органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання


Саветы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання насамрэч вельмі эфектыўная форма работы з насельніцтвам. Актывісты здольны разварушыць нават самых лянівых. Але межаў для дасканаласці, як той казаў, няма. Што і было пацверджана падчас пасяджэння прэзідыума Магілёўскага гарсавета.


Аляк­сандр Пі­ку­ля — стар­шы­ня з ак­тыў­най гра­ма­дзян­скай па­зі­цы­яй.

Спартыўная пляцоўка за свае грошы

Знаходзяцца сярод нас і такія шчодрыя жыхары, аб чым паведаміла старшыня мікразоны № 1 г. Магілёва Ганна Царанкова, яна ж намеснік дырэктара сярэдняй школы № 40. Да справы дэпутат падыходзіць творча — гэта, напэўна, і падкупляе насельніцтва. Справаздачу сваю падрыхтавала ў выглядзе відэароліка. Убачанае ўражвае: чыстыя сцяжынкі, абкошаныя ўзбочыны, пафарбаванае дваровае абсталяванне, шмат кветак. Ганна Царанкова запэўнівае, што гэта прыгажосць зроблена пры непасрэдным удзеле насельніцтва. Ёсць і яшчэ шмат чаго такога, што не сорамна паказаць.

Ганна Анатолеўна лічыць, што найбольш актыўная форма прыцягнення людзей — інфармаванне праз газету, улёткі, тэлебачанне, сацыяльныя сеткі. Вельмі станоўчы вынік даюць сустрэчы з дэпутатамі, і школа № 40 з'яўляецца цэнтрам для такіх сустрэч. Людзі гэта добра ведаюць і ідуць.

Ёсць нават рэцэпт работы з найбольш капрызлівымі, тымі, хто прывык трымацца ўбаку ад агульных праблем. «З імі трэба спачатку перагаварыць сам-насам, а потым запрасіць на агульны сход», — падказвае псіхалагічны прыём старшыня мікразоны.

Падзяка за ўвагу

Аляксандр Пікуля, старшыня мікразоны Падміколле-Падгорная, вядомы ў горадзе сваёй актыўнай і прынцыповай пазіцыяй. Грамадскай дзейнасцю займаецца 14 гадоў. Пад яго непасрэдным кантролем сем вуліц, восем завулкаў, манастыр і іншыя сацыяльна значныя аб'екты. Ён патрабавальны не толькі ў адносінах да камунальнікаў і ўсіх тых, ад каго залежыць дабрабыт насельніцтва. З жыхарамі, якія не жадаюць улічваць грамадскія інтарэсы, ён не менш строгі. І каб ніхто не расслабляўся, наладзіў рэгулярны кантроль.

— Раз на два тыдні абыходзім разам з памочнікамі домаўладанні, а іх у нас у мікразоне 810, — прыводзіць асабісты прыклад Аляксандр Пікуля. — З іх 16 трапілі ў чорны спіс — каля дамоў сапраўдны бардак. Гаспадары трох паабяцалі ўжо, што выправяцца і навядуць парадак.

Што да падтрымання парадку на тэрыторыі Падміколля ў цэлым, то на гэты раз прэтэнзій да камунальных службаў у Аляксандра Васілевіча не было. Наадварот, адны падзякі. Ён нават некалькі з іх напісаў у адрас дарожна-маставога прадпрыемства — за тое, што часткова паклалі асфальтагранулят на вуліцы Ламаносава. Удзячны ён таксама і прадпрыемству «Гарсвятло», якое аператыўна мяняе перагарэлыя лямпачкі, і «Спецаўтапрадпрыемству» — яно своечасова вывозіць смецце. Насельніцтва бачыць, што агульная тэрыторыя ў парадку, і сорамна становіцца за сваю.

Удзель­ні­кі па­ся­джэн­ня агуч­ва­лі на­ба­ле­лыя пы­тан­ні.

Метадычка для старшыні

Найбольш удалымі прыкладамі ўзаемадзеяння з насельніцтвам падзялілася Ірына Раінчык, намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва, а па сумяшчальніцтве старшыня каардынацыйнага савета па тэрытарыяльным грамадскім самакіраванні пры адміністрацыі раёна.

— У 2015 годзе мы сабралі метадычны дапаможнік, дзе выкладзены некаторыя прававыя асновы дзейнасці органаў самакіравання, — падкрэсліла яна. — Тут сабрана інфармацыя, пачынаючы ад справаводства і заканчваючы канкрэтнымі дзеяннямі. Гэта, можна сказаць, настольная кніга для старшынь Саветаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.

Ірына Анатолеўна адзначае, што добрыя вынікі далі конкурс на самы лепшы падворак і кірмаш сацыяльных праектаў. Адзін з цікавых праектаў — вулічная лаўка з энергаэфектыўнымі зараднымі прыладамі. Магчыма, хутка адна з іх з'явіцца ў парку «Падміколле».

— Не паспеў пачацца год, як людзі ўжо тэлефанавалі, пыталіся, як падаць заяўку на ўдзел у нашых конкурсах, — кажа дэпутат. — Сёлета мы аб'явілі ў «Інстаграме» яшчэ адзін пад назвай «Клумба». Работнікі адміністрацыі Ленінскага раёна вырасцілі расаду і ўпрыгожваюць горад кветкамі. А фота выкладваем у сацыяльных сетках, каб у іншых таксама ўзнікла жаданне наводзіць вакол сябе прыгажосць.

Падчас пасяджэння агучваліся ідэі, як заахвочваць насельніцтва аб'ядноўвацца і вырашаць пытанні сумесна. Часам для ажыццяўлення нейкіх дзеянняў, напрыклад у прыватным сектары, не хапае прававой асновы. Прагучала прапанова стварыць і там нешта накшталт таварыства ўласнікаў. Гэта, магчыма, дапамагло б вырашаць праблемы са стыхійнымі звалкамі, абкосам тэрыторый і гэтак далей.

Старшыня Магілёўскага гарсавета дэпутатаў Андрэй Кіблоў прапанаваў дэпутатам больш актыўна прыцягваць да ўдзелу ў навядзенні парадку арганізацыі, прадпрыемствы, прадстаўнікоў прыватнага бізнесу, якія працуюць на канкрэтнай тэрыторыі. Людзі пры пасадах — перш за ўсё жыхары Магілёва, таксама здольны ўносіць свой уклад у стварэнне прыгажосці ў горадзе. Андрэй Кіблоў адзначыў, што пры фарміраванні комплекснага плана па добраўпарадкаванні Магілёва на наступны год ўпершыню ў гісторыі будуць улічвацца пажаданні не толькі ЖЭУ, але і гараджан. Прыярытэтам будуць карыстацца тыя дваровыя тэрыторыі, дзе людзі самі падтрымліваюць парадак.


У тэму

Дзмітрый Харытончык, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Сама ідэя і задача органаў грамадскага тэрытарыяльнага самакіравання — уцягнуць як мага большую колькасць людзей у грамадскае жыццё горада. Ніхто, акрамя нас, не створыць ідэальных умоў для жыцця. Мне вельмі спадабалася работа мікразоны № 1, дзе адзначаецца добрая актыўнасць насельніцтва. І мне падабаецца іх дэвіз: «Хочаш зрабіць жыццё лепшым, пачні з горада, хочаш зрабіць горад лепшым, пачні з вуліцы, хочаш зрабіць вуліцу лепшай, пачні з сябе». Вельмі прыгожа, а галоўнае — правільна. Калі нешта хочаш зрабіць, пачынай з сябе. Часам, маючы зносіны з людзьмі, адчуваеш прысутнасць сацыяльнага ўтрыманства ў падыходах да праблемы. Мы ўсё чакаем, калі хтосьці прыйдзе да нас і нешта нам зробіць: лямпачку памяняе, сметніцу ўстановіць... Сам не хочаш нічога рабіць — плаці грошы. Культуру сацыяльнай адказнасці перад усім, што з'яўляецца грамадскім, трэба выхоўваць. І чым раней пачнём гэта рабіць, тым лепш.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Пачні з сябе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?