Вы тут

Ці ёсць абмежаванні па ўзросце для грамадскай працы?


Да нас у рэдакцыю звярнуўся мужчына сталых гадоў. Прычым не проста патэлефанаваў, а прыйшоў і гатовы быў чакаць размовы з журналістам столькі, колькі спатрэбіцца. Відаць, накіпела. Каменем спатыкнення стала яго дзейнасць у адным з КТГС — камітэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання сталіцы. Пасля заканчэння кіраўніцкага тэрміну зноў на пасаду старшыні яго не пераабралі. Мы паспрабавалі разабрацца ў праблеме.


Чле­ны КТГС і ве­тэ­ран­скай ар­га­ні­за­цыі. Ва­сіль Ка­валь­чук дру­гі зле­ва ў верх­нім ра­дзе.

Васіль Аўдзеевіч Кавальчук нарадзіўся ў 1930 годзе. Маючы зусім няпросты лёс, як і большасць аднагодкаў, з узростам не страціў сваёй энергічнасці і жадання прыносіць карысць. Апошнія чатыры гады ён узначальваў адзін з КТГС Фрунзенскага раёна г. Мінска. У мужчыны было сваё бачанне праблем, якім неабходна ўдзяляць увагу ў першую чаргу. Так, ён як старшыня рабіў акцэнт на асветніцкай рабоце ва ўстановах адукацыі, арганізацыі памятных мерапрыемстваў. Напрыклад, зладзіў тэлемост з калегамі з расійскай ветэранскай арганізацыі з горада Зеленагорска, прысвечаны Міжнароднаму дню міру. Васіль Аўдзеевіч прызнаецца, што дзеці былі пад вялікім уражаннем. Шмат увагі аддавалася і ўзаемадзеянню з мясцовымі жыхарамі. Па словах пенсіянера, усе ведалі, куды несці непатрэбныя рэчы і дзе ў выпадку цяжкай жыццёвай сітуацыі можна атрымаць нешта патрэбнае для сябе.

На сустрэчу Васіль Кавальчук прыйшоў з вялікім стосам дакументаў. У ім — падрабязны план таго, чым ён збіраўся заняцца ў будучыні, і справаздача аб праведзеных мерапрыемствах. Але ўвасобіць у жыццё задумкі не атрымалася: старшынёй выбралі іншага чалавека. З такім рашэннем пенсіянер катэгарычна не згодны: «Я добра ведаю гэтую працу, у мяне яшчэ шмат сіл, людзі да гэтага часу працягваюць да мяне звяртацца! І наогул перавыбары прайшлі незаконна. Ніякіх абмежаванняў па ўзросце членаў камітэта няма».

Як адрозніць жаданае ад сапраўднага? Сапраўды, згодна з законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», абмежаванні ёсць толькі па мінімальным ўзросце — 18 гадоў. Акрамя таго, член КТГС павінен пастаянна пражываць на тэрыторыі, да якой адносіцца гэта арганізацыя. Што датычыцца кандыдатаў, то яны могуць вылучацца як самімі грамадзянамі, так і гарадскім Саветам дэпутатаў, а таксама выканаўчымі і распарадчымі органамі. Старшыню выбіраюць члены КТГС адкрытым або тайным (па жаданні) галасаваннем на мясцовым сходзе. Пераможцу вызначаюць простай большасцю галасоў.

Менавіта так было і на гэты раз. Праўда, сход прыйшлося правесці два разы: першы раз Васіль Аўдзеевіч адмовіўся прызнаваць вынікі галасавання без прысутнасці дэпутата гарсавета. На другі раз дэпутат прысутнічала і цалкам пацвердзіла законнасць таго, што адбываецца. Падчас сходу Кавальчук зрабіў справаздачу аб сваёй дзейнасці за час працы. Члены КТГС прызналі яе здавальняючай, але не выдатнай. Васіль Аўдзеевіч такое стаўленне ўспрыняў блізка да сэрца і катэгарычна адмовіўся ўдзельнічаць у рабоце КТГС не ў ролі старшыні. Пасля чаго пайшоў шукаць справядлівасці ў СМІ.

У двух бакоў ёсць яшчэ адзін прадмет для спрэчкі — кладоўка, якую Васіль Аўдзеевіч паспрабаваў ператварыць у куток ветэранаў. Але, як аказалася, у памяшканні неабходна праводзіць рамонт, да таго ж яно не прызначана ні для якіх патрэб, акрамя гаспадарчых. Ды і ў ветэранаў у кожным раёне ёсць камфортныя, прыдатныя для сустрэч памяшканні. Так што не кожная нават на першы погляд добрая, ініцыятыва мае пад сабой лагічную аснову.

Мы звязаліся з работнікамі ЖЭС № 17, на тэрыторыі абслугоўвання якога знаходзіцца дадзены КТГС. «Васілю Аўдзеевічу мы прапанавалі стаць намеснікам старшыні, але ён хоча толькі кіраваць. А праца старшыні вельмі напружаная, патрабуе вялікіх выдаткаў энергіі, напору, пажадана, вопыту працы ў сферы ЖКГ, бо разабрацца ва ўсіх тонкасцях не так проста. А Кавальчук — чалавек ва ўзросце, яму трэба сябе берагчы, таму цяпер пасаду кіраўніка заняў больш малады жыхар раёна, але таксама з вялікім жыццёвым вопытам і кампетэнцыяй у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. За ўсю праведзеную працу мы выказваем Васілю Аўдзеевічу велізарную падзяку, гатовы і далей прыслухоўвацца да яго парад. Як толькі ў нас будзе маштабнае раённае мерапрыемства, ён абавязкова атрымае ганаровую грамату. Свой вольны час гэты чалавек якраз зараз можа накіраваць на патрыятычнае выхаванне моладзі сумесна з ветэранскай арганізацыяй — гэта тая тэма, якая заўсёды была яму найбольш цікавай», — расказалі нам у ЖЭСе.

Напэўна, спецыялісты сапраўды маюць рацыю. Тым больш што, як у канцы размовы прызнаўся сам Васіль Кавальчук, ён з'яўляецца інвалідам Савецкай арміі. У свой час удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пры размове на гэтую тэму голас пажылога мужчыны дрыжаў, ён пачынаў шукаць таблеткі ў кішэні. Увогуле, уся гутарка давалася яму нялёгка — занадта вялікае значэнне мелі для яго апошнія падзеі. Акрамя дакументаў у Васіля Аўдзеевіча з сабой было некалькі вялікіх стосаў фотаздымкаў — сведчанні яго неабыякавасці да грамадскага жыцця. Разглядаючы іх, яшчэ больш пераконваешся: самае каштоўнае, што ён зараз можа зрабіць — расказаць жыхарам раёна гісторыю свайго напоўненага выпрабаваннямі жыцця. І пастарацца зразумець, што часам найлепшыя дасягненне і дапамога — гэта проста пачуць адно аднаго.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Ці ёсць падставы для крыўды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?