Вы тут

Як продкі дзялілі ўладу


Мы працягваем цыкл публікацый, прысвечаных гісторыі мясцовага самакіравання. Сёння наш пастаянны эксперт, старшы навуковы супрацоўнік навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» Максім Макараў раскажа пра тое, як у Віцебску ў XVІІІ стагоддзі раптам узнікла цікавасць да вывучэння гісторыі і як тут змагаліся за мясцовую ўладу.


Пры­ві­лей Ула­дзі­сла­ва Ва­зы ві­цеб­скім мя­шча­нам, 28 ве­рас­ня 1641 го­да (ко­пія ў скла­дзе Кні­гі пры­ві­ле­яў Ві­цеб­ска 1730-х га­доў).

Прадаў пасаду?

— Чаму ў Віцебску цікавасць да гісторыі з'явілася менавіта ў XVІІІ стагоддзі? Тады стварылі шэраг дакументаў, якія даюць нам магчымасць казаць пра гэта. Пісалі, безумоўна, і раней. Але гэта ў пераважнай большасці жыццёвыя нататкі. Упершыню ж жыхар горада Стэфан Гаўрылавіч Аверка паставіў перад сабой задачу напісаць усёабдымную гісторыю Віцебска. Так з'явіўся твор, які пры ўсёй яго недасканаласці, прэтэндуе быць першай агульнагарадской гісторыяй, — разважае эксперт.

Ён сцвярджае, што цікавасць да старых дакументаў і гісторыі была распаленая падчас барацьбы за войтаўства — уладу над горадам.

17 сакавіка 1597 года кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза надаў Віцебску Магдэбургскае права. Горад стаў самастойнай адміністрацыйнай адзінкай, без навакольных зямель (цяпер бы сказалі — тэрыторыі раёна). Насельніцтва вызвалілі з-пад непасрэднай улады мясцовага ваяводы і падпарадкавалі войту — асабліваму велікакняжацкаму намесніку. Гэтая пасада была вельмі даходнай. Зразумела, што менавіта ў горадзе канцэнтравалася найбольш эканамічна актыўная і плацежаздольная частка насельніцтва павета.

— Аднак самастойнае і не падкантрольнае нікому, акрамя манарха, войтаўства праіснавала ў Віцебску нядоўга. У лютым 1603 года войт (а па сумяшчальніцтве каралеўскі сакратар і стараста веліжскі) Аляксандр Корвін-Гансеўскі пасля заключэння адпаведнага дагавора, хутчэй за ўсё, прадаў пасаду віцебскага ваяводы Яну Завішу, — мяркуе Максім Макараў.

Камісарскі суд... XVІІ стагоддзя

Праз амаль шэсць гадоў пасля падаравання Віцебску Магдэбургскага права войтаўства апынулася ў руках галавы лакальнай земскай адміністрацыі і стала пераходзіць ад аднаго ваяводы да наступнага.

— Цікава, што гэта было дастаткова спакойна ўспрынята мяшчанскай абшчынай. У XVІ—XVІІ стагоддзях сітуацыя, калі ў гарадах з Магдэбургскім правам велікакняжацкія земскія намеснікі выконвалі першасныя функцыі войтаў на падставе «асабістай уніі» пасад, была досыць тыповай для паўночных памежных рэгіёнаў ВКЛ. У прыватнасці, так было ў Полацку, Дзісне, Оршы, — канстатуе суразмоўнік.

Пасля забойства 12 лістапада 1623 года віцебскімі праваслаўнымі мяшчанамі полацкага ўніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча ў адпаведнасці з распараджэннем караля Жыгімонта Вазы і дэкрэтам камісарскага суда горад пазбавілі ўсіх правоў. У тым ліку Магдэбургскага.

Але, нягледзячы на гэта, войтаўства горада (а войтам быў Мікалай Завіша, сын ваяводы) захавалася. Дзеянне Магдэбургскага права ў Віцебску было адноўлена толькі восенню 1641 года.

28 верасня, пры паўторным дараванні Віцебску гэтага права, кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў ІV Ваза пакінуў пажыццёва войтаўства пры вяльможным Крыштафе Кішцы, ваяводзе віцебскім.

У той жа час каралеўскім прывілеем прадугледжвалася, што пасля яго смерці парадак прызначэння войта будзе зменены. Калі дакладней, то мяшчане змогуць выбіраць чатырох кандыдатаў шляхецкага паходжання, каб прадставіць іх каралю. А манарх ужо аддасць перавагу аднаму і зацвердзіць яго на пасадзе войта.

Аднак, пасля смерці ў 1646 годзе Крыштафа Кішкі мяшчане не скарысталіся дадзеным правам. І войтам стаў новы ваявода віцебскі Павел Сапега. У другой палове XVІІ — пачатку XVІІІ стагоддзя войтаўства заўсёды даставалася чарговаму мясцоваму ваяводзе. І традыцыйна паступова стала ўспрымацца як прыдатак да пасады кіраўніка лакальнай земскай адміністрацыі. Аж да 1772 года войт (практычна заўсёды ў асобе ваяводы) заставаўся адзінай рэальна значнай фігурай у сістэме гарадскіх улад Віцебска.

Хто такі сурагатар?

Першая спроба змяніць такое становішча і аддзяліць войтаўства ад ваяводства была зроблена падстоліем віцебскім Францішкам Антоніем Булгаком.

— Ён уважліва прачытаў прывілей Уладзіслава Вазы ад 28 верасня 1641 года і атрымаў уяўленне аб працэдуры выбараў войта. А яна ж была прапісана ў складзеным амаль 90 гадоў таму прывілеі, і, адпаведна, была грунтоўна прызабытай. І калі 10 чэрвеня 1728 года ваявода і войт віцебскі Казімір Аляксандр Пацей памёр, дзве пасады на некаторы час сталі вакантнымі, чым скарыстаўся Францішак Булгак, — канстатуе Максім Макараў.

Булгаку ўдалося разнастайнымі абяцанкамі прыцягнуць на свой бок вярхі мяшчанскай абшчыны, арганізаваць працэдуру выбараў сябе кандыдатам. У выніку 7 верасня 1729 года ён атрымаў прывілей ад караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІ.

Гэта выклікала абурэнне ў віцебскай шляхты, якая мела права выбіраць ваяводу і якая лічыла войтаўства неад'емнай часткай ваяводскай пасады. Да караля накіравалі паслоў.

— Яны прасілі яго перагледзець сваё нядаўняе рашэнне. Аўгуст ІІ пайшоў насустрач. 17 красавіка 1730 года адмяніў дзеянне прывілея і часова перадаў войтаўскія паўнамоцтвы сурагатару гродскаму (замкаваму) — фактычна — замяшчальніку кіраўніка мясцовай улады Казіміру Саковічу. Паралельна манарх выдаў універсал аб правядзенні ў тым жа годзе свабодных выбараў ваяводы, які павінен быў стаць наступным віцебскім войтам, — удакладніў эксперт.

Францішак Булгак спрабаваў вярнуць тое, што страціў. Разам з прыхільнікамі з мяшчан ён ездзіў да караля ў Гродна. Але паўплываць на сітуацыю ўжо не змог. У канцы 1730 года ваяводам і войтам віцебскім быў зацверджаны абраннік шляхты магнат Марцыян Міхал Агінскі. 7 лютага 1731 года ён урачыста прыняў абедзве пасады з рук сурагатара.

Пасада стала Вакантнай

Пазней Агінскі пажадаў перадаць уладу сыну Станіславу Ежы, на той момант кашталяну мсціслаўскаму. 30 сакавіка 1739 года ён атрымаў ад караля на гэта пісьмовую згоду. Але ў выніку, добра памятаючы нядаўнюю гісторыю з Булгаком і не жадаючы разрываць войтаўства з сенатарскім крэслам ад Віцебскага ваяводства, часова устрымаўся ад ажыццяўлення плана.

У дакументах віцебскага магістрата першай паловы 1740-х гадоў мясцовым войтам заўсёды выступае менавіта Марцыян Агінскі. Да пытання аб перадачы войтаўства сыну, які ўжо стаў кашталянам віцебскім, ваявода планаваў вярнуцца на сейме 1748 года.

— Аднак 14 чэрвеня 1748 года Станіслаў Агінскі нечакана памёр у Варшаве. І па логіцы пасада кіраўніка гарадской адміністрацыі стала вакантнай, — канстатуе гісторык.

Сітуацыяй скарыстаўся палкоўнік войскаў ВКЛ Юзаф Сасноўскі. Ужо 22 чэрвеня 1748 года ад караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІІ ён атрымаў прывілей на войтаўства. 3 ліпеня Сасноўскі прынёс адпаведную прысягу перад канцлерам і актамі метрыкі ВКЛ, пасля чаго фактычна стаў паўнапраўным войтам. Марцыян Агінскі быў шакаваны такім непажаданым развіццём падзей, але саступаць не збіраўся. Ён спрабаваў дамовіцца з апанентам. Але ўсе намаганні аказаліся марнымі. Усё скончылася штурмам віцебскай ратушы. Пра што мы паведамлялі раней.

(Працяг будзе)

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Войт ці ваявода?

Каментары

У Віцебску чамусці не ведаюць каму ставіць помнікі ? Вось Стэфану Гаўрылавічу Аверка і належыць усталяваць помнік у першую чаргу !

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.