19 Чэрвень, аўторак

Вы тут

Днём студэнт, а ўвечары — нянька


Кім можа ўладкавацца студэнт на падпрацоўку? Касірам у рэстаран хуткага харчавання, разносчыкам рэкламных лістовак, аператарам у кол-цэнтр... ці нянькай. Для гэтага трэба размясціць анкету на інтэрнэт-пляцоўцы babysіtter.by, і бацькі, якім патрэбна дапамога, самі вас знойдуць. Мы пагутарылі са студэнткамі, якія прыглядаюць за чужымі дзецьмі, даведаліся, як яны бавяць час з малечай і колькі каштуе гэтая праца.


Зарабіць на падарожжа

20-гадовая Ганна АСТРОЎСКАЯ вучыцца на факультэце міжнародных адносін БДУ. Яшчэ першакурсніцай яна захацела папрацаваць у летнім лагеры. Тым больш вопыт догляду за дзецьмі быў: дзяўчына дапамагала выхоўваць малодшую сястру з пялюшак. Ганна прайшла Школу важатага і паехала на змену ў Анапу. Спадабалася. Пасля гэтага і задумалася пра тое, каб паспрабаваць сябе ў ролі нянькі.

Узрост немаўлят, з якімі даводзілася працаваць студэнтцы, — ад чатырох месяцаў да чатырох гадоў. Прызнаецца, што з самымі маленькімі спачатку было страшна заставацца. Але дзяўчына добра падрыхтавалася. Глядзела відэа на YouTube, звярталася па парады да стрыечнай сястры, якая нарадзіла.

Перш чым прыйсці ў сям'ю, Ганна даведваецца пра пол, інтарэсы дзіцяці і рыхтуецца да сустрэчы.

— У мяне заўсёды ёсць «багаж» розных гульняў. І рухавых (напрыклад, будуем паласу перашкод з падушак), і з цацкамі. Раздрукоўваю развівальныя размалёўкі з персанажамі, якія падабаюцца дзецям. Неяк бацькі чатырохгадовай дзяўчынкі прасілі мяне дадаць у гульню англійскую мову: я прыдумала, што мы ляцім з лялькай у Амерыку, і развучыла пару слоў, — расказвае студэнтка.

Як наладзіць кантакт з дзіцем, якога бачыш упершыню? Дзяўчына дзеліцца лайфхакам: падарыце яму што-небудзь.

Увогуле няньцы трэба быць гатовай да ўсяго. «Каб дзіця не хвалявалася, што мама сышла, самае галоўнае — адцягнуць яго ўвагу і адразу нечым заняць. Я заўсёды прадумваю цалкам увесь дзень і расказваю пра свой план бацькам».

Ганна вучыцца на сур'ёзнай спецыяльнасці, таму стараецца не прапускаць заняткі. Максімум, колькі заказаў брала на тыдзень, — тры-чатыры.

— Я неяк працавала прадаўцом у краме — гэта цяжка. А ад работы бэбісітарам не стамляюся, яна мне падабаецца, — усміхаецца дзяўчына.

Звычайны тарыф нянькі — пяць рублёў за гадзіну. Але Ганне плацяць па сем, бо ў яе шмат водгукаў і добрая анкета. Заробку хапае на тое, каб аплачваць пакой у інтэрнаце, тэлефон, купляць прадукты і часам хадзіць па кавярнях. А яшчэ за паўгода студэнтцы ўдалося сабраць на бюджэтнае падарожжа: Ганна думае з'ездзіць адпачыць на мора ў Адэсу.

Атрымаць вопыт

— Мне заўсёды падабалася праводзіць час з маленькімі дзецьмі. Іх узаемны інтарэс таксама адчуваю. Немаўля пастаянна ўсміхаецца, і настолькі шчырае і цікаўнае, што немагчыма заставацца раўнадушным. Падчас візітаў я і сама адкрываю нешта новае для сябе, — расказвае, чаму вырашыла падпрацоўваць нянькай, чацвёртакурсніца Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Марыя ЦЫБУКОВА.

Прызнаецца: перад першым заказам было крыху страшна. «Нам казалі, што, калі бацькам нешта не спадабаецца, яны маюць права адмовіцца ад паслуг. Мне трэба было прыглядзець за двума дзецьмі — 6 і 12 гадоў. Мы гулялі ў «настолкі», малявалі і гутарылі. Час прайшоў вельмі хутка, і ў выніку ўсе засталіся задаволеныя. Цяпер хаджу працаваць з радасцю і энтузіязмам».

Марыі даводзілася прыглядаць за хлопчыкамі і дзяўчынкамі рознага ўзросту, але часцей гэта была малеча ад двух да трох гадоў. Звычайна няньку запрашаюць на дзве-чатыры гадзіны. Бацькі ў гэты час ходзяць у кіно, на канцэрты ці проста працуюць дома ў суседнім пакоі. А Марыя гуляе з дзецьмі, малюе, майструе, чытае ім казкі. Пра рэжым (напрыклад, у колькі і чым пакарміць, калі пакласці спаць) мамы заўсёды папярэджваюць.

— Як правіла, усё праходзіць добра. Вядома, у кожнага малога свой характар і звычкі. Але, калі ўзнікаюць пытанні, якія я сама не магу вырашыць, тэлефаную бацькам, і яны падказваюць, што рабіць у пэўнай сітуацыі, — дзеліцца студэнтка.

Заробленых грошай дзяўчыне хапае на тое, каб набыць што-небудзь з адзення ці пабалаваць сябе нечым смачненькім.

Чацвёртакурсніца адзначае: работа бэбісітарам — гэта бясцэнны вопыт, які ёй, як будучай маме, безумоўна, спатрэбіцца.

Дазвол ад псіхолага

Пляцоўка babysіtter.by працуе з мінулага кастрычніка. Кіраўнік праекта Эльвіра ГРАХОЎСКАЯ расказвае, што ўсіх, хто хоча быць нянькай, яны правяраюць. Саіскальнікі рэгіструюцца праз сацыяльныя сеткі, і адміністратары сайта праглядаюць старонкі студэнтаў. Потым запрашаюць у Школу бэбісітараў. Заняткі доўжацца адзін дзень. Маладыя людзі запаўняюць анкету, праходзяць індывідуальную гутарку з псіхолагам і тэсціраванне. Далей навучанне: расказваюць, як папярэдзіць істэрыку, як прыдумаць новыя гульні з цацкамі, якія ёсць у малечы, якія асаблівасці развіцця характэрныя для кожнага ўзросту.

— У нас было пару бэбісітараў, якім мы адмовілі, — успамінае Эльвіра Грахоўская. — У адной дзяўчыны скасоўвалі шлюб бацькі, у другой не ладзіліся адносіны з маладым чалавекам, і таму яны абедзве перажывалі стрэс. А ў такім нервозным стане непажадана кантактаваць з дзецьмі. Мы прапанавалі дзяўчатам вярнуцца пазней, калі іх асабістыя праблемы вырашацца.

Ахвотным быць нянькамі трэба прад'явіць дакументы: пашпарт і студэнцкі білет. Калі кандыдату яшчэ няма 18 гадоў, неабходны таксама пісьмовы дазвол ад бацькоў на работу.

Адміністратары праекта дапамагаюць бэбісітарам скласці маршрут, адказваюць на пытанні, якія ўзнікаюць пасля візітаў да дзяцей. Калі студэнт позна затрымліваецца на заказе, тэлефануюць, каб даведацца, ці ўсё ў яго добра.

Паслугі нянек, трэба сказаць, запатрабаваныя. Цяпер на сайце зарэгістравана каля 200 бацькоў, 70 з якіх карыстаюцца ім рэгулярна. Пакуль праект працуе толькі ў Мінску, але яго плануюць запусціць ва ўсіх абласных цэнтрах.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява.