Вы тут

Калі сэрца спявае


У Мінску прайшоў дабрачынны канцэрт для састарэлых і людзей з асаблівасцямі развіцця.

Учора ў сталічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў адбывалася свята, і гэта адчувалася нават не таму, што ад увахода сустракала музыка і нябачнай ніткай вяла ва ўнутраны дворык, які ператварыўся адначасова ў сцэну і глядзельную залу пад адкрытым небам. Святочны настрой чытаўся перадусім на тварах прысутных — соцень слухачоў канцэрта «Ад сэрца да сэрца», што ўжо шмат гадоў запар ладзяць тут напачатку лета прадзюсарскі цэнтр народных артыстаў Беларусі Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча «Профіартвідэан» сумесна з дабрачынным фондам «Спірас» імя Аляксандра Ціхановіча.


...Многія гледачы — і тыя, хто з дапамогай валанцёраў прыехаў сюды з іншых гарадоў, і жыхары мінскага дома-інтэрната — відавочна рыхтаваліся да сустрэчы з артыстамі загадзя: прынеслі блакноты для аўтографаў, апранулі найлепшыя ўборы і туфлікі з абцасамі, павязалі святочныя хусткі і гальштукі... Яно і зразумела: для тых, хто амаль увесь час праводзіць у сценах дома-інтэрната, магчымасць трапіць на вялікі жывы канцэрт выпадае гады ў рады, і гэта без перабольшання свята. Таму гледачы сустракалі і праводзілі апладысментамі кожнага выканаўцы, падпявалі і «Купалінку», і сучасныя эстрадныя хіты Тэа, Аляксея Хлястова, Вольгі Жукавай, Дзмітрыя Каралёва ды іншых артыстаў, і класічнае «O, sole mіo!», па-дзіцячы шчыра радаваліся і танцавалі пад завадныя рытмы — нават на інвалідных крэслах. А даўнюю сяброўку дома-інтэрната Анастасію Ціхановіч жыхары і персанал тут наогул сустракаюць як родную.

— Галоўная мэта канцэртаў «Ад сэрца да сэрца», традыцыю якіх заклаў некалі яшчэ мой тата, — проста падарыць радасць людзям з няпростымі лёсамі, але адкрытымі сэрцамі, якія вымушаны пастаянна жыць у доме-інтэрнаце, — зазначае Анастасія Ціхановіч. — І гэта вельмі важна для нас, бо дзякуючы такім сустрэчам мы вучымся любові, міласэрнасці, радавацца кожнаму імгненню жыцця. Хачу падзякаваць усім артыстам, якія год ад году ўдзельнічаюць у праекце — кола артыстаў пашыраецца, многія загадзя цікавяцца, ці адбудзецца сёлетні канцэрт. І гэта вельмі прыемна чуць: значыць, наша справа працягнецца, спадзяюся, яшчэ на доўгія гады.

«Я ўжо чатыры гады ўдзельнічаю ў праекце і штораз адчуваю, як раскрываецца сэрца, — прызнаецца заслужаная артыстка Беларусі Алена Ланская. — Людзі з асаблівасцямі развіцця не ўмеюць падладжвацца, хітрыць, яны шчырыя як дзеці, і калі ім падабаецца, яны спяваюць і танцуюць, а калі не — разварочваюцца і сыходзяць. Гэтыя канцэрты паказваюць, чаго ты варты як артыст, і я рада, што нас тут заўжды чакаюць і так цёпла сустракаюць». Дырэктар дома-інтэрната Эльміра Шэрметава дадае, што падобныя музычныя сустрэчы маюць і тэрапеўтычны эфект, бо нясуць толькі светлыя, станоўчыя эмоцыі.

Акрамя летняга канцэрта, нагадала Анастасія Ціхановіч, прадзюсарскі цэнтр «Профіартвідэан» і дабрачынны фонд «Спірас» цягам года ладзяць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і асаблівасцямі развіцця шматлікія дабрачынныя акцыі, культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, а таксама зімовую музычную праграму, дзе па магчымасці збіраюць пастаяльцаў дамоў-інтэрнатаў з розных куткоў Беларусі. Сёлета ж да ліку акцый дабавілася яшчэ адна. У студзені, у дзень памяці Аляксандра Ціхановіча прайшла акцыя «Любоў у падарунак», падчас якой 300 мінчан атрымалі падарункі-сэрцайкі, зробленыя ўласнаручна людзьмі, якія пражываюць у спецыялізаваных дамах-інтэрнатах. А ўзамен зрабілі ім простыя падарункі — кнігі, музычныя дыскі, цукеркі, паштоўкі з цёплымі словамі і частку ўласнай душы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.