Вы тут

Рыбалка высокага напружання


Наша краіна літаральна працята лініямі электраперадачы. І калі пад імі проста прайсці па дарозе, то нічога кепскага не здарыцца — паветра, як вядома, ток не праводзіць. Але закрануць незнарок провад можна звычайнай вудачкай падчас рыбалкі ў недазволеным месцы. Разрад — і гэтая неахайнасць становіцца апошняй у жыцці рыбака.


Вуглепластык: трывалы і небяспечны

З 2012-га па май 2018 года адбыліся 24 няшчасныя выпадкі ад удару электратокам з рыбакамі. Сярод іх два групавыя. Загінула 19 чалавек, цяжкія траўмы атрымалі сямёра. За лічбамі — трагедыі сем'яў, якія засталіся без мужоў, сыноў, бацькаў...

— Калі адкруціць час гадоў на дзесяць назад, то такой праблемы паражэння рыбакоў электратокам не было, — кажа начальнік упраўлення дзяржаўнага энергетычнага нагляду «Белэнерга» Дзмітрый Ласянкоў. — Яны карысталіся тады пластыкавымі або бамбукавымі вудамі, якія ток не праводзяць. Але з сярэдзіны нулявых у продажы масава пачалі з'яўляцца вуглепластыкавыя вуды, якія атрымалі ў рыбакоў велізарную папулярнасць. Ім жа патрэбна што? Каб вуда была як мага больш доўгай, трывалай і ёмкай. Вуглепластыкавыя вырабы па ўсіх гэтых крытэрыях лепшыя. Але пры ўсіх выгодах яны праводзяць ток.

Электраправоднасць вуглепластыку супараўнальная з паказчыкамі медзі і алюмінію, якія выкарыстоўваюцца для вырабу проваду. Даўжыня такіх вудачак у раскладзеным стане дасягае 9—11 метраў. Драты ж ЛЭП праходзяць, як правіла, на вышыні 6—7 метраў. Таму пры рыбалцы ў ахоўнай зоне ліній электраперадачы дакрануцца да проваду такой вудачкай вельмі проста. Энергетыкі зрабілі шэраг прафілактычных захадаў. Па-першае, акрэслілі ўсе месцы прахаджэння ЛЭП цераз рэкі і вадаёмы і ўзбярэжныя зоны. Там паўсюль устаноўлены папераджальныя плакаты аб забароне рыбалкі.

Але не заўжды рыбакі звяртаюць на іх увагу. Напрыклад, 9 мая на рацэ Заходняя Бярэзіна адбыўся паказальны выпадак. Некалькі людзей лавілі рыбу, адзін з іх зачапіў вудачкай провад пад напружаннем у 35 кілавольт. І самае дзіўнае, што папераджальны плакат знаходзіўся... за два метры!

Энергетыкі пасля пачалі мяняць звычайныя правады на ізаляваныя. Гэта вырашае праблему, але толькі для ліній напружаннем 0,4 кВ і 10 кВ. Калі рыбак дакранецца да ізаляванага проваду такой вудой, то паражэння не будзе.

Першых энергетыкі памянялі ўжо 81 %, другіх — 69 %. І ў хуткім часе гэтыя работы будуць скончаны. Але лініі больш высокага напружання пакуль застануцца такімі, якія ёсць. Так, існуюць тэхналогіі, якія дазваляюць зрабіць ізаляваны провад для напружання ў 35 і 110 кілавольт. Вось толькі кошт пытання такі, што ён атрымаецца ў літаральным сэнсе залаты. Напрыклад, адзін яго кіламетр для лініі ў 110 кілавольт зараз каштуе 57 тысяч долараў. З улікам трохфазнай сеткі памножце гэтую суму на тры. Атрымліваецца ўжо 171 тысяча долараў. Такія лініі перасякаюцца з вадаёмамі ў 400 пунктах. Што ўжо казаць пра лініі яшчэ больш высокага напружання — 330 і 750 кілавольт, якія маюць каля 200 перасячэнняў?

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА. Здымак носіць ілюстрацыйны характар.

Рыбак загінуў ад току... у гаражным масіве

Разам жа няшчасных выпадкаў з рыбакамі, якія зачапілі провад пад напружаннем, сёлета адбылося пяць. Чатыры з іх скончыліся смерцю. «Сезон» быў адкрыты 14 красавіка. У Гомельскім раёне на беразе меліярацыйнага канала ў раёне перасячэння з лініяй 110 кВ знайшлі пры абходзе лініі цела пажылога мужчыны, які лавіў рыбу вуглепластыкавай вудачкай. У населенай мясцовасці мінімальная вышыня для проваду складае шэсць метраў ад узроўню зямлі. Там было нават крыху больш за сем, але, як бачым, вудачка аказалася даўжэйшай. 9 мая ўвогуле адбыўся ўнікальны выпадак па-за межамі месца рыбалкі. Побач з гаражным масівам у Мінску праходзіць лінія 110 кілавольт. Мужчына выйшаў з гаража, расклаў сваю сяміметровую вудачку і пачаў ёй размахваць. І ў нейкі момант ён закрануў провад... З велізарнымі апёкамі цела трапіў у бальніцу і праз тыдзень памёр. 20 мая ў Кобрынскім раёне рыбак ішоў з уловам да аўтамабіля. А вудачку не склаў. Недзе спатыкнуўся — і па «законе подласці» зачапіў провад. Разрад забіў небараку. 29 мая ў Чавускім раёне Магілёўскай вобласці рыбак таксама закрануў лінію пад напружаннем у 110 кілавольт. З цяжкімі траўмамі яго шпіталізавалі.

Адметна, што з пяці выпадкаў лінія ў 10 кілавольт была толькі адна, астатнія — з больш высокім напружаннем.

Але каб чалавека ўдарыла токам, зусім не абавязкова дакранацца да проваду. У залежнасці ад умоў надвор'я дастаткова проста наблізіцца правадніком да токавядучай часткі, і паветраны прамежак тут жа праб'е.

Два паказальныя выпадкі адбыліся ў 2015 і 2017 гадах. У Кобрыне бацька з сынам пераходзілі канал па мосціку ў ахоўнай зоне ЛЭП. Бацька нёс на плячы раскладзеную сяміметровую вуду і незнарок зачапіў провад пад напружаннем у 110 кілавольт. Малы ішоў наперадзе, але зачапіла і яго. Адметна, што вышыня ЛЭП у тым месцы складала 7,4 метра. А ў 2015 годзе два браты лавілі рыбу з лодкі пасярод возера і адзін з іх таксама зачапіў провад. Ён і загінуў, а яго брат атрымаў цяжкія траўмы.

Ахоўная зона лініі электраперадачы напружаннем у 110 кілавольт складае 20 метраў.

Зрэшты, небяспека можа падсцерагаць і на зямлі. 1 чэрвеня ляснік у Ганцавіцкім раёне ехаў на веласіпедзе і не заўважыў
абарваны электрапровад. Яго забіла на месцы. Небараку знайшлі толькі супрацоўнікі электрасетак, якія шукалі месца абрыву проваду пад напружаннем у 10 кілавольт.

— Бяспечная адлегласць у такім выпадку — 8 метраў, — заўважае Дзмітрый Ласянкоў. — Калі вы знайшлі абрыў, то вельмі павольна адыходзьце ад яго, каб не трапіць пад разрад. І паведамляйце адразу ў МНС. Яны перададуць нам неабходную інфармацыю.

Навошта ўзламалі падстанцыю?

— Пагаварыце з дзецьмі, каб яны не лазілі ў трансфарматарныя падстанцыі, электрашчытавыя ў дамах, — працягвае Дзмітрый Ласянкоў. — Там можа працаваць толькі спецыяльна навучаны персанал. Справа ў тым, што там знаходзяцца токавядучыя часткі без ізаляцыі.

Летась у лютым падлеткі праніклі ў трансфарматарную падстанцыю ў Давыд-Гарадку. Адзін з іх адчыніў дзверы ячэйкі ў 10 кілавольт і наблізіўся да токавядучай часткі. Электрычная дуга тут жа прабіла паветра. Хлопец атрымаў вялікія апёкі тулава, галавы, рук і ног. Мы пасля аглядалі месца здарэння і ўбачылі збітыя навесныя замкі і манціроўку побач.

Сутыкаемся і з выпадкамі паражэння дзяцей токам у дамах. У сумных лідарах — падаўжальнікі. Яны выкарыстоўваюцца як часовае рашэнне праблемы з разеткамі, але... як вядома, няма нічога больш пастаяннага, чым штосьці часовае. Кабель падаўжальніка знаходзіцца, як правіла, на падлозе, па ім ходзяць — і ў адзін момант ізаляцыя можа адваліцца. Ці знойдзе гэтае месца малы — пытанне рытарычнае.

А вось для звычайных разетак вытворцы знайшлі цікавае тэхнічнае рашэнне. У іх канструкцыі ёсць спецыяльная плашка. Яна рэагуе толькі тады, калі кантакт ідзе з дзвюх адтулін разеткі. Гэта значыць, калі малы паспрабуе ўваткнуць туды пруток, то трагедыі не здарыцца.

З агню ды пад ток

А вось няшчасных выпадкаў, звязаных з паражэннем токам, у сельскагаспадарчых арганізацыях стала менш. Але ўсе яны выкліканы грубым парушэннем правіл знаходжання ў ахоўнай зоне ліній электраперадачы. Там забараняецца спыняцца, рамантаваць тэхніку, запраўляць яе. Аднак...

2015 год, Гомельская вобласць. На тэрыторыі аўтабазы сельгасарганізацыі кіроўца мыў самазвал. І рабіў гэта чамусьці ў ахоўнай зоне ЛЭП. Ён падняў кузаў, пасля залез туды сам і цалкам заканамерна трапіў пад прабой.

Тады ж адбылося здарэнне і ў Бераставіцкім раёне. У ахоўнай зоне ЛЭП кранаўшчык усталяваў кран. Крануў стралой провад 10 кілавольт, і ў крана загарэліся калёсы. Чалавек выскачыў з крана — і трапіў пад разрад. А ў 2013 годзе камбайнер паставіў тэхніку акурат пад лініяй у 110 кілавольт, каб зрабіць званок па мабільным тэлефоне. Сувязь у гэтым месцы адсутнічала. Ён вырашыў падняцца вышэй. Залез на бункер, стаў у поўны рост. Прабой — і ў выніку смяротная электратраўма.

— Нават калі вы парушылі парадак вытворчасці ў ахоўнай зоне ЛЭП, то першае дзеянне, якое вы мусіце рабіць, гэта — не выйсці паглядзець, што там адбываецца, а разарваць кантакт, ад'ехаць ад крыніцы току, — кажа Дзмітрый Ласянкоў. — Бо ў адваротным выпадку вельмі рызыкуеце замкнуць электрычны ланцужок з усімі незваротнымі наступствамі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.