Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Лісты ад чытачоў газеты «Звязда».


Пад матулінай ігрушай

У 1966 годзе наша сям'я з дзесяці чалавек пераехала ў новую драўляную хату і насупраць яе, цераз вуліцу, мама пасадзіла ігрушу. Разам з ёй, дзічкай, раслі і мы, спачатку маміны дзеці, а потым і ўнукі, якія часта прыязджалі ў вёску, асабліва ўлетку.

Сёння матулі ўжо няма, пустуе бацькоўская хата, але кожны год, не толькі на Радаўніцу, мы збіраемся за столікам пад ігрушай, каб успомніць бацькоў.


Кажуць, кожны кулік сваё балота хваліць. Гэта, мабыць, таму, што яно — жывое, і там яму добра. А калі не зусім?

Вёска, дзе прайшло маё дзяцінства і дзе жывуць яшчэ мае родныя, пакрысе вымірае, і дапамагчы ёй я нічым не магу, хоць і вельмі хацеў бы...

Варта заплюшчыць вочы, як перад імі паўстаюць блізкія людзі і рознакаляровы дыван, створаны маці-прыродай: на балаціне паміж вёскамі Карніца і Турыно мноства кветак і траў, над імі — чародкі качак і гаманкіх кулікоў, важныя буслы, салаўіныя спевы...

Раней праз усю вось гэтую прыгажосць пралягала шырокая канава. Выкапаўшы яе (уручную!) у 30-я гады мінулага стагоддзя, вяскоўцы вырашылі праблему моцнай забалочанасці падчас вясновых паводак.

А потым прыйшлі меліяратары. «Узброеныя» тэхнікай, яны ўсё асушылі: зніклі крыніцы, не стала вады ў вясковых калодзежах, збяднеў лес, замест вялікіх ураджаяў на пляцах-тарфянішчах «пасяліліся» пыльныя буры.

І ўсё ж праз паўстагоддзя спустошаная балаціна стала ажываць. Яна зноў зарастае хмызняком і бярозкамі, каля канавы з'явіліся бабры і сталі рабіць гаці. А жыхары вёскі тройчы на тыдзень сустракаюць рэйсавы аўтобус Глуск — Сялец — з надзеяй убачыць на прыпынку некага са сваіх, з тых, хто прыедзе і, можа, застанецца.

Валерый Васілеўскі, г. п. Глуск


Да нас прыязджалі госці

Фо­та Ула­дзі­мі­ра Віт­ко.

Смаргонскі дзіцячы сацыяльны прытулак 1 чэрвеня наведалі студэнты факультэта камерцыі і турыстычнай індустрыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Іх не збянтэжыла ні адлегласць (больш за сто кіламетраў ад Мінска), ні ўласная занятасць на заліках і іспытах. Па ўсім было відаць, што да візіту госці рыхтаваліся.


З першых хвілін пасля прыезду студэнты з выхаванцамі знайшлі агульную мову: распытвалі дзетак аб іх інтарэсах і захапленнях, расказвалі пра сябе і вучобу. Затым пачаліся сумесныя цікавыя гульні, а нарэшце «салодкі стол» з сокам, зефірам, садавіной, цукеркамі, нават кексамі, якія студэнты выпякалі самі.

У сваю чаргу выхаванцы запрасілі гасцей і сваіх родных на казку «Рэпка на новы лад», у якой сучасны Дзед, прасунутая ў пытанні сацыяльных сетак Бабуля, Унучка-хакер і жывёлы спрабавалі выцягнуць Рэпку. Дзеці таксама чыталі вершы, малявалі на асфальце, удзельнічалі ў танцавальным флэшмобе.

...Трэба сказаць, што гэта ўжо не першая сустрэча нашых выхаванцаў са студэнтамі. І, спадзяёмся, не апошняя.

Ларыса Татарынава, дырэктар Смаргонскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра


«Да бацькоў зайшоў у хату, Пяць хвілінак за сталом...»

Шчыра вітаем адраджэнне так неабходнай рубрыкі «Спявай, душа!». Гладкай дарогі!

Зноў ідзе сезон

гарачы —

Пазмагаемся на дачы!

Можа, нештачка

ўродзіць

І на нашым агародзе.

 

Штось цяпло прыйшло

зарана,

Але ж будуць маразы!

З-за такой вясны паганай

Будзем сеяць тры разы.

 

Каб да лецішча

даехаць,

Трэба, людцы,

выбіраць:

Ці ісці-марыцца пехам,

Ці аўтобус штурмаваць.

 

Да бацькоў зайшоў

у хату,

Пяць хвілінак

за сталом,

Цешча ўжо дае лапату,

Цесць нясецца

з тапаром.

Каб быў трактар

ці канёк,

Я б той плуг і не валок,

Не садзіў бы

пад лапату

І не быў такім гарбатым.

 

Дзесьці клопат

і нястачы,

Дзесьці гора і бяда.

А ў мяне ёсць хрэн

на дачы

І густая лебяда!

 

На палях ужо даўно

Не валяецца яно.

Ля кароў — пастух

Пахом

І сем дачнікаў з вядром.

 

Завіхаецца заўзята,

Хто да лецішча прывык.

Наша тэхніка — лапата,

Наша сэрца — рухавік.

 

Не чакаем дапамогі

Мы, старэнькія

«грыбы».

Кажуць, воўка кормяць

ногі,

Ну а дачнікаў — гарбы.

Сужэнцы Астроўскія, г. Мінск


Прадаць можна толькі сваё

Маці маёй жонкі памерла восем гадоў таму. У вёсцы засталася пустая хата. Пакупнікоў на яе не было, а таму афіцыйна спадчына не афармлялася. Да таго ж гэтае афармленне магло каштаваць даражэй, чым сама сядзіба... Пабудавана яна пасля вайны, г. зн. да 1985 года, як патрабуе Указ № 368. Жонка падтрымлівала яе ў належным стане.

Цяпер на хату як быццам знайшоўся пакупнік, кажа, што хоча жыць у вёсцы і на рамонт грошы мае...

Ведаю, што згодна з указам можна было аформіць дагавор куплі-продажу ў сельвыканкаме незалежна ад таго, аформлена спадчына афіцыйна ці не. Аднак нам адказалі, што па спрошчанай схеме можна дзейнічаць толькі тады, калі ў хаты будзе ўласнік.

Як зараз дзейнічаюць нормы ўказа, ці трэба для таго, каб прадаць хату, станавіцца ўласнікам? І яшчэ: ці спатрэбіцца натарыяльна аформленая згода іншых дзяцей (усяго іх у цешчы было пяцёра, і жывуць яны ў іншых населеных пунктах)?

Васіль Мікітаў, Жыткавіцкі раён


Паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.08.2005 г. № 368 «Аб некаторых пытаннях адчужэння жылых дамоў у сельскіх населеных пунктах» прадаўцом дома (з афармленнем і рэгістрацыяй дагавора куплі-продажу па спрошчанай схеме ў сельскім выканаўчым камітэце) можа быць асоба, якая з'яўляецца ўласнікам дома згодна з запісам у пагаспадарчай кнізе.

У дадзеным выпадку пасля смерці ўладальніка, пазначанага ў пагаспадарчай кнізе, дом стаў спадчыннай маёмасцю. Распараджацца гэтай маёмасцю (у прыватнасці, прадаць у вызначаным заканадаўствам парадку) можа спадчыннік, які атрымаў у натарыуса пасведчанне аб праве на спадчыну на жылы дом.

Пры звароце да натарыуса неабходна, у прыватнасці, прадставіць дакумент, які пацвярджае права ўласнасці памерлага грамадзяніна на жылы дом.

У адпаведнасці з заканадаўствам, калі звесткі аб спадчынадаўцы як аб уладальніку дома былі ўнесены ў пагаспадарчую кнігу сельскага выканаўчага камітэта, то, нягледзячы на тое, што жылы дом не зарэгістраваны ў тэрытарыяльнай арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі, дакументам, які пацвярджае права ўласнасці, будзе з'яўляцца адпаведная даведка сельскага выканаўчага камітэта.

Адносна фактычнага прыняцця спадчыны адным са спадчыннікаў. Для атрымання пасведчання аб праве на спадчыну на жылы дом спадчыннік павінен дакументальна пацвердзіць натарыусу факт прыняцця спадчыны, а калі спадчыннік фактычна прыняў спадчыну, але ў яго адсутнічаюць пацвярджальныя дакументы, то факт прыняцця спадчыны ён можа ўстанавіць, звярнуўшыся ў суд.

Іншыя спадчыннікі маюць права адмовіцца ад спадчыны ў парадку, прадугледжаным арт. 1074 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей — ГК). У прыватнасці, па п. 3 арт. 1074 ГК для адмовы ад спадчыны дастаткова падаць заяву натарыусу па месцы адкрыцця спадчыны.

Віктар Савіцкі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.