Вы тут

У Мінску стартуюць Дні нацыянальных культур


У суботу, 2 чэрвеня, на плошчы Свабоды пройдзе Дзень Швецыі — ён распачне шэраг фестываляў, якія захліснуць беларускую сталіцу на працягу ўсяго цёплага сезона. Дзень Швецыі адбудзецца ў межах тыдня гэтай дзяржавы, які быў адзначаны фотавыстаўкай, паказам мод і кінафестывалем.


Арганізатары абяцаюць разнастайнасць тэматычных зон, дзе кожны зможа знайсці сабе забаву па гусце. Культурна-адукацыйная, дзіцячая, аўтамабільная, індустрыяльная, спартыўная, інфармацыйная пляцоўкі, зона прыгажосці, фудкорт пазнаёмяць мінчан і гасцей сталіцы з культурай і вытворчасцю гэтай паўночнай краіны.

Любы ахвотны зможа наведаць майстар-клас па традыцыях святкавання сярэдзіны лета ў Швецыі з гульнямі і песнямі, а таксама размаляваць драўляныя фігуркі. Можна будзе таксама патрапіць на ўрок шведскай мовы і паспытаць шчасця ў віктарыне.

Характэрна, што на свяце будуць устаноўлены спецыяльныя кантэйнеры для сартавання смецця. А для зніжэння колькасці пластыку можна будзе атрымаць на фудкорце напоі ва ўласныя кубкі. Той, хто возьме ўдзел у конкурсах, зможа выйграць кубачкі шведскага дызайну шматразовага выкарыстання.

Упрыгожаннем свята стане зорка шведскай поп-музыкі Jеnnу frоm Асе оf Bаsе, якая выступіць з вечаровым канцэртам на галоўнай сцэне каля Ратушы. На працягу ж усяго дня ў Верхнім горадзе будуць гучаць песні знакамітых шведскіх выканаўцаў — АBBА і Rохеttе. Свята для мінчан і гасцей сталіцы арганізуе Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь сумесна з Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам пры падтрымцы шведскіх і беларускіх кампаній.


Праграма фестываляў:

  • Чэрвень

2 чэрвеня — Швецыя;

9 чэрвеня — Расія;

16 чэрвеня — Вялікабрытанія.

  • Ліпень

21 ліпеня — Эстонія;

28 ліпеня — Грэцыя.

  • Жнівень

4 жніўня — Літва;

5 жніўня — Польшча;

11 жніўня — Карэя;

18 жніўня — Украіна;

25 жніўня — Італія;

26 жніўня — Арменія.

  • Верасень

1 верасня — Грузія;

15 верасня — Малдова;

16 верасня — Ізраіль;

22 верасня — Азербайджан.

Дар'я КАСКО

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: На дзень у краіну «Аббы», Карлсана і лаканічнага дызайну

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».