Вы тут

У Палацы Незалежнасці абмеркавалі вынікі праверкі Узброеных Сіл


На пачатку нарады Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што праз сродкі масавай інфармацыі грамадства інфармавалі аб тым, што ва Узброеных Сілах праводзіцца чарговая праверка. Падобныя мерапрыемствы па патрабаванні кіраўніка дзяржавы адбываюцца раптоўна, каб выявіць сапраўдны стан тых ці іншых працэсаў, якія адбываюцца ў беларускім войску.


Фота БЕЛТА

Грошы павінны даваць вынік

«Наша армія з'яўляецца адным з асноўных інструментаў дзяржавы па забеспячэнні ваеннай бяспекі. Яна павінна эфектыўна рэагаваць на сучасныя выклікі і пагрозы. І гэта найважнейшае патрабаванне», — сказаў Прэзідэнт.

Беларускі лідар адзначыў, што ў забеспячэнне і пераўзбраенне арміі дзяржава ўкладвае істотныя сродкі, а войска ўкамплектоўваецца сучаснымі відамі баявой тэхнікі, экіпіроўкай і сродкамі кіравання.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не збіраецца ўцягвацца ў гонку ўзбраенняў, а тым больш дарма «бразгаць зброяй», аднак ваенна-палітычнае становішча, якое складваецца, не дазваляе ў цяперашні час выбудоўваць іншыя прапорцыі фінансавання дзяржаўных выдаткаў, таму і надалей на нашу бяспеку выдаткоўваць будуць столькі, колькі трэба. «Карміць трэба сваіх салдат», — дадаў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, укладзеныя грошы павінны даваць рэальны рост баявых магчымасцяў Узброеных Сіл і павышаць абараназдольнасць нашай дзяржавы. «Недапушчальна, каб дарагая зброя выкарыстоўвалася не ў поўную сілу, а тым больш прыходзіла ў непрыдатнасць з-за непрафесіяналізму асобных камандзіраў. Вось гэта абсалютна недапушчальна», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Сёння задача стаіць не проста захаваць ці павялічыць ваенны патэнцыял нашай арміі, але і рацыянальна яго выкарыстоўваць — і гаворка ідзе не толькі пра ваенныя выдаткі. Аднымі з ключавых элементаў баяздольнасці з'яўляюцца гатоўнасць да адмабілізавання і навучанне войскаў, асабліва афіцэраў.

«Наогул, без салдата, афіцэра, генерала ніякая зброя, ніякая армія не дапаможа, — сказаў беларускі лідар. — Любой зброяй і іншым, што знаходзіцца на ўзбраенні ў арміі, трэба ўмець карыстацца — аксіёма не толькі для ваенных, але і для ўсіх».

Менавіта на гэтыя аспекты Прэзідэнт запатрабаваў звярнуць увагу пры праверцы Узброеных Сіл.

Парушэнні застаюцца, але скарачаюцца

«Мне далажылі аб выніках гэтай праверкі. Выкрыта мноства розных недахопаў. І амаль усе яны — абсалютна суб'ектыўнага характару, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Гаворка ідзе пра фармалізм, бязладнасць і банальную неарганізаванасць, што для нас вельмі непрымальна і недапушчальна. Мы не настолькі багатыя, каб такім чынам несці службу ва Узброеных Сілах і распараджацца той маёмасцю, якую маем».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: усе людзі ў пагонах, асабліва камандзіры, павінны быць узорам прыстойнасці і добрасумленнага выканання службовых абавязкаў. Гэта датычыцца як прымянення даручаных падраздзяленняў і ўзбраенняў, так і выхавання падначаленых, бо менавіта афіцэрскаму корпусу давераны лёсы маладых людзей, з якіх яны за кароткі час павінны падрыхтаваць сапраўдных байцоў, абаронцаў Айчыны.

«Мною таксама было даручана вывучыць пытанні ідэалагічнай работы ў сувязі з тым, што яна непасрэдным чынам уплывае і на вайсковую дысцыпліну, — дадаў беларускі лідар. —Дакладваюць, што ў войску захоўваецца ўстойлівая тэндэнцыя да скарачэння колькасці правапарушэнняў, але яны ёсць».

Адносна стабільны стан спраў па карупцыйных праявах. Скарачаецца колькасць злачынстваў, звязаных з гібеллю асабовага складу пры выкананні службовых абавязкаў.

«У той жа час у 2017 годзе зафіксаваны значны рост колькасці фактаў нестатутных узаемаадносінаў. Я хацеў бы, каб мне далажылі, з чым гэта звязана, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. — Гэта што, сапраўды такі ўсплёск бязладдзя па так званай «няўстаўшчыне» або службовыя асобы Мінабароны і іншых кампетэнтных органаў павысілі патрабавальнасць і нарэшце пачалі ўсё гэта ўлічваць?»

Паколькі на нарадзе прысутнічала ўсё вышэйшае кіраўніцтва нашай арміі, у завяршэнні Прэзідэнт асобна звярнуўся да прысутных і дадаў, што расслабляцца нельга. «Справа не ў тым, што толькі маё патрабаванне такое жорсткае ў адносінах да вас. Вы ведаеце, што расслабляцца нам нельга. Таму што падобнае расслабленне ператвараецца ў галавацяпства, безадказнасць, а яно потым дорага абыходзіцца дзяржаве і народу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Якія ж вынікі?

Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі Станіслаў Зась пазней расказаў журналістам, што праверка закранула тысячы вайскоўцаў і сотні адзінак тэхнікі. Ён адзначыў, што правяраліся менавіта тыя актуальныя пытанні, якія патрабуюць асаблівай увагі ў сучасных умовах, многія — упершыню.

«Першае — баявая гатоўнасць дзяжурных падраздзяленняў сіл неадкладнага рэагавання. Гэта новы кампанент, літаральна ў 2016 годзе ўведзены ва Узброеныя сілы. Гэта падраздзяленне, якое мае высокі ўзровень гатоўнасці і абавязана праз нават не гадзіны, а хвіліны пасля сігналу выйсці для вырашэння любых баявых задач, — расказаў Станіслаў Зась. — Мы праверылі такія падраздзяленні па поўным цыкле (на незнаёмай мясцовасці і на рэальных аб'ектах). Увогуле, з задачамі справіліся».

Другое — гэта разведка. Асаблівая ўвага звярталася на сістэму баявога дзяжурства ў гэтай галіне, падрыхтоўку спецыялістаў, а таксама на якасць «прадукту», які атрымліваецца ў выніку дзяжурства, яго далейшае выкарыстанне.

Паколькі паветраная прастора нашай краіны павінна быць надзейна прыкрыта ў любым становішчы, у кожную праверку Узброеных Сіл уключаюцца пытанні праверкі супрацьпаветранай абароны (СПА). «Усяго было выкарыстана 14 кантрольных цэляў, яны запускаліся з розных напрамкаў на розных вышынях, як правіла, нізкіх, раптоўна для сістэмы СПА, — адзначыў ён. — Ні адна з гэтых кантрольных цэляў не засталася без уздзеяння. Гэта значыць, у цэлым сістэма працуе і справілася з задачамі. Так, ёсць недахопы і недапрацоўкі ў асобных падраздзяленнях — і сёння ішла пра гэта размова».

Таксама шляхам фарміравання механізаванай брыгады правяралася сістэма адмабілізавання Узброеных Сіл. «Практычна з нуля было сфарміравана злучэнне, прызваныя з запасу каля дзвюх тысяч чалавек, праведзены ўвесь цыкл фарміравання гэтай брыгады і яе баявога зладжвання, — расказаў Станіслаў Зась. — У далейшым з мэтай праверкі былі праведзены розныя вучэнні».

Так, упершыню быў разгорнуты медыцынскі атрад, ацэненая сістэма медыцынскага забеспячэння ў баявых умовах. Па словах дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі, праблема ёсць, і наспела неабходнасць пераглядаць гэтую сістэму. Неабходна абапірацца на густую развітую сетку паліклінік і бальніц, а не разгортваць дзесьці дадаткова шпіталі.

Гаворачы пра ўсплёск ў 2017 годзе выяўленых нестатутных узаемаадносін і звязаных з гэтым злачынстваў, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі падкрэсліў, што гэта больш вынікі працы праваахоўных органаў, якія актывізаваліся па даручэнні кіраўніка дзяржавы і выварочвалі ўсё навыварат ва Узброеных Сілах; а таксама вынікі работы самога Міністэрства абароны па ўсёй вертыкалі. «Гэта работа будзе працягвацца. Вядома, нестатутныя адносіны ў арміі ёсць, яны прысутнічаюць. І казаць, што мы цяпер ужо ўсё зрабілі для таго, каб іх не было, не даводзіцца. Гэта праца не аднаго дня і нават не аднаго года. Трэба над гэтым працаваць сістэмна і комплексна. І такая праца будзе працягнутая», — дадаў ён.

Кадравыя пытанні

На нарадзе некаторых яе ўдзельнікаў прызначылі на новыя воінскія пасады:

  • Камандуючы войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Аляксандр ВОЛЬФАВІЧ быў прызначаны на пасаду першага намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл.
  • Намеснік камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Андрэй ЖУК — на пасаду камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл.
  • Начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл Ігар ДЗЕМІДЗЕНКА — на пасаду намесніка камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл.
  • Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны — начальнік упраўлення маральна-псіхалагічнага забеспячэння галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леанід КАСІНСКІ — на пасаду памочніка міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Выдаткоўваць столькі, колькі трэба

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.