Вы тут

А вам дадуць крэдыт?


Ужо прайшоў месяц, як нашы банкі па-новаму ацэньваюць плацежаздольнасць тых, хто хоча ўзяць крэдыт. Правілы гульні ў крэдыты змяніў Нацыянальны банк краіны. І зрабіў ён гэта таму, што нашы грамадзяне сталі занадта часта пазычаць на розныя пакупкі. Справа ў тым, што агульная сума доўгу насельніцтва банкам стала вельмі хутка расці, прычым без прывязкі да памераў даходаў гэтага самага насельніцтва. З'явілася асцярога, ці аддадуць своечасова або ці аддадуць наогул... Мы вырашылі разабрацца, што змянілася ў гэтай сферы, і паспрабавалі зразумець, ці стала больш складана атрымаць грошы ў крэдыт.


Глядзець будуць не толькі на зарплату

Першае пытанне ўзнікае пра тое, як цяпер банкі вырашаюць, ці зможа кліент беспраблемна плаціць па крэдыце? Ужо месяц па новых правілах банкі павінны разлічваць для будучых крэдытаатрымальнікаў каэфіцыент пазыковай нагрузкі.

Дык вось, напрыклад, плацяжы па крэдытах на спажывецкія патрэбы не павінны перавышаць 40 % ад сярэднямесячнага даходу кліента. Пры гэтым банкі могуць самастойна вырашаць, якія канкрэтна даходы ўлічваць пры разглядзе заяўкі. Гэта могуць быць не толькі заробкі, але і працэнты па ўкладах, даходы ад здачы ў арэнду кватэры, даходы ад вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі і іншыя. Прычым прымусіць банк улічваць менавіта спецыфічныя свае даходы асобны чалавек не мае права.

Але, як і раней, глядзець будуць не толькі на зарплату. Адмовіць у крэдыце могуць і па іншых умовах. Плацежаздольнасць кліента вызначаецца па цэлым наборы параметраў. Перш за ўсё гэта памер даходу кліента, наяўнасць дзейных крэдытаў, не менш за тры (шэсць) месяцаў (чым больш, тым лепш) працоўнага стажу на апошнім месцы працы. Фінансавая ўстанова таксама абавязкова пераканаецца ў адсутнасці пратэрмінаванай запазычанасці па раней выдадзеных крэдытах. Яе банкі ўбачаць пры звароце ў бюро крэдытных гісторый.

Дапусцім, крэдытная гісторыя ў вас добрая і наогул з фармальнымі прыкметамі ўсё нармальна, што тады? У гэтым выпадку даныя кліента пачынае аналізаваць скорынгавая сістэма. Гэта праграма, якая па спецыяльных алгарытмах ацэніць наяўныя звесткі пра крэдытаатрымальнікаў. Яна таксама ўлічвае назапашаную ў банка статыстыку па праблемнай запазычанасці і можа з пэўнай доляй верагоднасці спрагназаваць надзейнасць кліента.

Дарэчы, ужо цяпер банкаўскія спецыялісты на аснове сваёй інфармацыі склалі партрэт тыповага крэдытаатрымальніка. Гэта жанчына сярэдніх гадоў, якая жыве ў горадзе і працуе на адным месцы не менш за тры гады. Але гаворка ў дадзеным выпадку пра спажывецкія крэдыты. З аўтамабілямі, напрыклад, сітуацыя іншая — тыповы атрымальнік такога крэдыту ўжо мужчына ва ўзросце да 50 гадоў.

Мінімальны памер дадуць без даведкі аб даходах

Новая інструкцыя аб выдачы крэдытаў падыходзіць выбарачна і да гэтага пытання. На думку намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання банкаўскіх аперацый нацыянальнага банка Вольгі ІЛЮКЕВІЧ, уведзены каэфіцыент пазыковай нагрузкі не азначае, што без даведкі аб зарплаце цяпер не варта нават падыходзіць да банка.

«Новаўвядзенні рэгулятара даведак аб даходах не датычацца, — тлумачыць сітуацыю спецыяліст. — Банкі самастойна вырашаюць, калі яе ў кліента папрасіць, а калі можна выдаць крэдыт без даведкі. Пацвярджэнне даходаў не спатрэбіцца, калі сума крэдыту невялікая». Напрыклад, у большасці сістэмных банкаў краіны пры звароце па крэдыт да 1500 рублёў дакументы аб зарплаце не спатрэбяцца.

Дарэчы, калі крэдыт вы хочаце аформіць у тым банку, у якім аформленая ваша зарплатная картка, сума крэдыту без даведкі можа быць вышэйшай, чым для «чужога» кліента.

Дык колькі ж трэба зарабляць?

Каэфіцыент пазыковай нагрузкі на практыцы аказаўся даволі гнуткім. У некаторых выпадках на крэдыт не варта разлічваць, нават калі на яго пагашэнне будзе сыходзіць чвэрць вашай зарплаты. Дапусцім, вы хочаце пазычыць 2500 рублёў на пяць гадоў. Як падлічылі спецыялісты аднаго камерцыйнага банка, зарабляць у гэтым выпадку трэба не менш за 300 рублёў. Такой сумы будзе дастаткова, толькі калі ў вас няма іншых крэдытаў, а таксама ўтрыманцаў (напрыклад, непаўналетніх дзяцей). Плаціць пры гэтым прыйдзецца крыху больш за 60 рублёў у месяц — гэта ўсяго толькі каля 20 % ад даходу. Як бачым, такі крэдыт могуць не даць, нават калі плацяжы па ім будуць складаць усяго 30 % ад прыбытку, а пры 40 %, прапісаных у новых правілах рэгулятара, наогул размовы ў банку не атрымаецца.

Калі ў вас даход атрымліваецца меншы за 300 рублёў, то з якіх грошай вы збіраецеся аддаваць доўг і яшчэ нармальна жыць? Вам, натуральна, адмовяць у большым крэдыце. І будуць дзесьці мець рацыю.

З заробкам да тысячы — іншае пытанне

Зусім іншая размова ў банкіраў з кліентамі, у якіх пастаянная праца і салідная (па цяперашніх мерках) зарплата. Што, калі плацеж па крэдыце займае 41 працэнт ад іх зарплаты, дакладна яго не дадуць?

Тут не ўсё так адназначна. Калі падыходзіць да пытання з пункту гледжання матэматыкі, атрымліваецца, што гараджанін з сярэднім заробкам (а гэта каля 930 рублёў) можа пазычыць у банка максімум 15 тысяч рублёў. Штомесячны плацеж складзе пры гэтым каля 370 рублёў. Але гэта не значыць, што банк не дасць такому кліенту, напрыклад, 16 тысяч рублёў. Асабліва ўлічваючы, што крэдытаатрымальнік з'яўляецца кліентам банка (атрымлівае па картцы зарплату), а крэдытная гісторыя яго ідэальная.

Як растлумачылі ў Нацыянальным банку, фінансавыя структуры па-ранейшаму змогуць выдаваць крэдыты, плацяжы па якіх будуць большыя за 40 % ад даходу кліента ў месяц. Галоўная ўмова — каб такія спажывецкія крэдыты не перавышалі 10 % ад усяго партфеля спажывецкіх крэдытаў банка. Словам, у кожным канкрэтным выпадку банк будзе ўлічваць мноства абставін.

Можна нават два, галоўнае — якіх

Ва ўсіх маіх знаёмых апошнім часам узнікае практычна адно галоўнае пытанне: калі ўжо ўзяў крэдыт на кватэру, то на просты спажывецкі разлічваць не варта?

Аказваецца, далёка не так. Як і ў выпадку са спажывецкімі крэдытамі, банкі змогуць дзейнічаць гнутка. Сумы крэдыту на нерухомасць па новых правілах не павінны перавышаць 90 % ад кошту набытага жылля. Але і гэта далёка не канчатковае рашэнне. І тут можна ўгаварыць банк даць вам больш. Галоўнае, каб крэдыты з перавышэннем гэтага параметра не перавышалі 10 % ад агульнага крэдытнага пакета банка на нерухомасць. Так што добрым кліентам банк адназначна пойдзе на сустрэчу і пазычыць патрэбную суму.

А два крэдыты на спажывецкія патрэбы вам сапраўды не дадуць. У тым выпадку, калі першы крэдыт разлічаны на максімальную суму.

У чым соль новай інструкцыі

Асноўная мэта абмежаванняў, якія ўводзяцца, — пазбегнуць рызык праз залішнія апетыты крэдытаатрымальнікаў. Новаўвядзенні абароняць многіх атрымальнікаў ад саміх сябе, іх схільнасці да неапраўданай рызыкі, лічыць Вольга Ілюкевіч. Новыя правілы таксама абароняць і банкі.

Адной з ключавых змен у сферы рознічнага крэдытавання, накіраванай на забеспячэнне абароны правоў спажыўцоў банкаўскіх паслуг, з'яўляецца ўвядзенне ўніфікаванай для ўсіх банкаў формы інфармацыі аб умовах крэдытавання. Важна адзначыць, што банкі абавязаны праінфармаваць кліента аб бясплатным спосабе вяртання крэдыту, а таксама аб наяўнасці паслуг, што аказваюцца банкам або трэцімі асобамі за асобную плату і якія з'яўляюцца абавязковымі для заключэння крэдытнага дагавора.

Форма інфармацыі аб умовах крэдытавання павінна ўключаць звесткі пра суму крэдыту, памеры працэнтаў, тэрміны і парадак атрымання і вяртання крэдыту, магчымасці і ўмовы датэрміновага вяртання крэдыту. Інфармацыя павінна быць аформлена ў выглядзе табліцы шрыфтам вызначанага выгляду (Tіmеs Nеw Rоmаn) памерам не менш за 12 пунктаў і не павінна перавышаць аднаго ліста. Аналагічныя патрабаванні па ўжыванні шрыфту ўстаноўлены інструкцыяй і для афармлення крэдытнага дагавора. Пры згодзе патэнцыйнага крэдытаатрымальніка з усімі ўмовамі і падпісанні інфармацыі аб умовах крэдытавання названыя ўмовы павінны быць адлюстраваны ў крэдытным дагаворы.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.