Вы тут

Ці шукаем мы свае цікавінкі і чым прыцягваем гасцей


Не зважаючы на крызісы, войны і катастрофы, у людзей заўсёды будзе жаданне падарожнічаць. Цяга да змены месцаў, адчуванняў і ўражанняў — неад'емная частка чалавечай істоты. Беларусь, геаграфічна знаходзячыся ў цэнтры еўрапейскага кантынента, не можа не карыстацца становішчам і не развіваць турызм. Прыемна, што ўсё часцей мы з'яўляемся ў разнастайных рэйтынгах краін, найбольш прывабных для турыстаў. Напрыклад, па выніках 2017 года Беларусь заняла трэцяе месца ў намінацыі «Гастранамічны і агратурызм» у рэйтынгу «Nаtіоnаl Gеоgrарhіс Trаvеlеr Аwаrds» сярод найлепшых турыстычных дэсцінацый.


Тое, што краіна ў апошняе дзесяцігоддзе ўсё часцей становіцца гаспадыняй буйных спартыўных спаборніцтваў, культурных фэстаў, дзелавых форумаў, вымушае ўдзяляць развіццю турызму ўсё большую ўвагу, каб прымаць гасцей рознага ўзроўню даходаў, прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў і культур і арганізоўваць іх вольны час так, каб яны ўсё часцей вярталіся ў Беларусь. Разам з гэтым адбываюцца сур'ёзныя зрухі ў развіцці інфраструктуры.

Нашы музеі і сусветныя тэндэнцыі

Самы папулярны від турызму, у рамках якога Беларусь наведваюць замежнікі, — культурна-пазнавальны. Па прычыне геаграфічнага становішча краіна апошнія 2—3 стагоддзі вельмі часта знаходзілася ў цэнтры ваенных дзеянняў, таму ў нас захавалася не так шмат помнікаў гісторыі і архітэктуры. Аднак мы можам пахваліцца чатырма аб'ектамі, якія ўваходзяць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, а гэта значыць, што пра іх ведаюць усе вандроўнікі, якія цікавяцца гісторыяй і культурай. Мірскі і Нясвіжскі замкі, Белавежская пушча, Геадэзічная дуга Струвэ сёння з'яўляюцца аднымі з самых наведвальных месцаў у Беларусі і ўваходзяць практычна ў кожную турыстычную праграму. У турысцка-экскурсійных мэтах выкарыстоўваецца больш за 150 музейных устаноў сістэмы Міністэрства культуры, якія летась наведалі 6 353 233 чалавекі. Калі казаць аб архітэктурных помніках, то ў Беларусі іх налічваецца каля 5,5 тысячы. Не варта забываць і аб прыроднай спадчыне, а гэта больш за 20 тысяч рэк і каля 11 тысяч азёр.

Кансультант Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Марына МАСТАШОВА адзначае, што Мінспорту шчыльна і вынікова супрацоўнічае з Міністэрствам культуры ў рэалізацыі розных сумесных праектаў, у тым ліку па ўдасканаленні якасці прыёму турыстаў. «У апошнія гады і за кошт бюджэтнага фінансавання, і за кошт удзелу ў розных праектах міжнародна-тэхнічнай дапамогі нашы музеі абзавяліся аўдыягідамі, разнастайнымі інфакіёскамі. Гэта дазволіла разгрузіць адміністрацыю музеяў і зрабіць наведванне аб'ектаў больш камфортным для замежных турыстаў, якія аддаюць перавагу падарожжу індывідуальнаму, без групы, — расказвае Марына Веньямінаўна. — Самі работнікі музеяў у апошнія гады, разумеючы важнасць сваёй працы, ідуць насустрач турыстычным аператарам і часам, нават калі турыстычная група затрымліваецца, прыязджае пасля закрыцця музея, па ўзгадненні з адміністрацыяй прымаюць турыстаў».

ТОП-5 музейных устаноў (па колькасці наведванняў турыстамі)

1) Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — 565 299.

2) Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» — 425 200.

3) Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» — 417 416.

4) Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь — 390 774.

5) Музей «Замкавы комплекс «Мір» — 301 464.

Спецыяліст Міністэрства адзначае, што практычна вырашана даўняя праблема з валоданнем супрацоўнікамі музеяў замежнымі мовамі. Пытанне застаецца актуальным толькі ў маленькіх гарадах і глыбінцы, яго спрабуюць вырашыць наяўнасцю аўдыягідаў.

Нашы музеі, ведаючы сусветныя тэндэнцыі, прапануюць такія паслугі, як квэсты. Дарэчы, першы гістарычны квэст турыстычныя фірмы сумесна з музеем-запаведнікам «Нясвіж» здзейснілі паўтара года таму.

Культурна-пазнавальны турызм ушчыльную звязаны з турызмам рэлігійным. У Беларусі існуе 26 рэлігійных канфесій, як сёння, так і стагоддзі таму на тэрыторыі краіны абсалютна мірна ўжываюцца людзі рознага веравызнання. Таму вялікай цікавасцю ў замежных турыстаў карыстаюцца рэлігійныя архітэктурныя помнікі, якія захаваліся ў Беларусі. Так, у Будславе можна ўбачыць каталіцкі касцёл, у Жыровічах і Полацку — праваслаўныя храмы, буйную мячэць — у Іўі, яўрэйскую сінагогу — у Гродне.

Найбольш папулярныя ў турыстаў праваслаўныя святыні:

Свята-Успенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр; Свята-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр у Полацку; храм Усіх святых і нявінна забітых у Айчыне нашай, Свята-Духаў Кафедральны сабор у Мінску; Барыса-Глебская (Каложская) царква ў Гродне;

Сярод каталіцкіх храмаў Беларусі асаблівай папулярнасцю ў беларускіх і замежных турыстаў карыстаюцца: Фарны касцёл у Нясвіжы; касцёлы Святых Сымона і Алены ў Мінску; імя святога Францішка Ксаверыя ў Гродне і іншыя.

Наперад, да вытокаў

Адзін з самых масавых і запатрабаваных кірункаў — аграэкатурызм. У Беларусі ён пачаў актыўна развівацца з 2005 года, а 1 студзеня 2018-га налічвалася ўжо 2 319 суб'ектаў аграэкатурызму.

Лідзіруе па колькасці аграэкасядзіб Мінская вобласць (662 суб'екты). Найбольшая дынаміка росту адзначаецца ў Брэсцкай вобласці: за 2017 год колькасць аграсядзіб павялічылася на 25. Летась беларускія аграсядзібы наведалі 351 128 чалавек.

«Прыемна, што сёння да нас прыязджаюць спецыялісты з краін СНД, каб паглядзець, як за такі кароткі тэрмін мы змаглі прывабіць аграэкатурызмам велізарную колькасць людзей, — расказвае Марына Масташова. — З аднаго боку, людзі зарабляюць на гэтым грошы, займаючыся любімай справай, а з другога — турысты маюць магчымасць пабываць у экалагічна чыстых зонах, спажываць экалагічна чыстыя прадукты, займацца абсалютна аўтэнтычнымі відамі вясковай дзейнасці, далучыцца да сваіх вытокаў».

Большасць беларускіх аграэкасядзіб вылучаецца сваёй самабытнасцю, іх уладальнікі распрацоўваюць разнастайныя культурныя праграмы, некаторыя маюць сваю спецыялізацыю і працуюць практычна як музеі. Хтосьці займаецца прапагандай беларускай інструментальнай музыкі, хтосьці адкрывае музей пчол або спецыялізуецца на нацыянальнай кухні, актыўным ладзе жыцця.

Спорт, аздараўленне, «салодкія» экскурсіі...

Нельга не заўважыць, што ў апошнія гады ў Беларусі актыўна развіваецца і спартыўны турызм, улічваючы, што ў краіне з'явіліся сур'ёзнага ўзроўню спартыўныя збудаванні, яна стала арэнай правядзення буйных міжнародных спаборніцтваў. «Мы маем вялікі станоўчы вопыт правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе. Ён паказаў, што Беларусь, з аднаго боку, мае спартыўныя комплексы, якія адпавядаюць міжнароднаму ўзроўню, а з другога — інфраструктуру і падрыхтаваны персанал, каб балельшчыкам, якія ў вольны ад матчаў час становяцца звычайнымі турыстамі, прапанаваць разнастайны комплекс паслуг, у тым ліку і падарожжа па нашай краіне, — адзначае спецыяліст дэпартамента па турызме. — Рыхтуючыся на будучы год прыняць ІІ Еўрапейскія гульні, улічваем папярэдні досвед (глядзім і аналізуем, да чаго выяўляў цікавасць балельшчык), рыхтуем новыя праграмы».

Добра вядомая Беларусь і сваімі здраўніцамі, асабліва жыхарам краін постсавецкай прасторы. Папулярнасць санаторыяў можна растлумачыць адэкватнымі суадносінамі кошту і якасці. Асноўная маса турыстаў у гэтым кірунку — тыя, хто валодае рускай мовай. Аднак усё часцей з'яўляюцца госці з далёкага замежжа — як вынік таго, што ў новых санаторыях, асабліва ў прыгранічных зонах, з'яўляецца персанал, які валодае замежнымі мовамі.

Разам з санаторна-курортным аздараўленнем развіваецца медыцынскі турызм — тут у замежнікаў запатрабаваны паслугі ў стаматалогіі, лячэнні сардэчна-сасудзістых захворванняў, родадапамозе. «Практычна кожная медустанова ў краіне мае свой прайс на аказанне медыцынскіх паслуг замежным грамадзянам», — адзначае Марына Масташова.

У апошні час пачынае адраджацца від турызму, які раней называлі вытворчым, а цяпер — прамысловым. «Прадпрыемствы харчовай, лёгкай, цяжкай прамысловасці прапануюць турыстам наведаць свае цэхі, пазнаёміцца з прадукцыяй».

Калі ў савецкі час многія заводы і прадпрыемствы адчынялі дзверы ў асноўным для школьнікаў з мэтай прафарыентацыі, то цяпер большасць нашых прадпрыемстваў разглядаюць вытворчы турызм як маркетынгавае мерапрыемства, магчымасць усталяваць кантакты, расказаць аб сваёй прадукцыі.

Большасць такіх экскурсій заканчваюцца ў краме, дзе рэалізуецца прадукцыя. Гэта сусветны трэнд. У Беларусі лідарам такога турызму з'яўляецца БелАЗ — у 2016 годзе яго наведала каля 200 тысяч турыстаў. Падобныя экскурсіі таксама праводзяць «Камунарка», «Атлант», МАЗ, «Слодыч» і іншыя.

Адкуль да нас прыязджаюць часцей за ўсё? Топ-10 краін па ўязным турызме ў Беларусь (2017 г.)

Усяго краіну наведалі 4 327 813 (+3,5 % у параўнанні з 2016 годам)

1. Расія 1 229 797 чалавек

2. Украіна 1 205 254

3. Літва 670 200

4. Польшча 481 463

5. Латвія 140 440

6. Малдова 96 369

7. Германія 45 353

8. Казахстан 36 957

9. Турцыя 31 375

10. Ізраіль 24 183

«Ду ю спік інгліш?» і іншыя пытанні

Як правіла, турысты, якія прыязджаюць у Беларусь з суседніх краін, затрымліваюцца ў нас на 3—5 дзён. Людзі, якія дабіраюцца да Беларусі з дапамогай доўгіх пералётаў, выбіраюць больш працяглы адпачынак — ад сямі дзён. Для таго каб турыст затрымаўся ў тым ці іншым месцы, трэба забяспечыць яго не толькі аб'ектам, цікавым з турыстычнага пункту гледжання, але і забяспечыць жыллё, выгоды, добрае харчаванне, забавы і камфортнае перасоўванне па мясцовасці. Інакш кажучы, любая тэрыторыя павінна быць гатовая для сустрэчы гасцей.

Адно з праблемных пытанняў у Беларусі — гатэлі. Калі ў сталіцы і буйных абласных цэнтрах з іх наяўнасцю і абслугоўваннем пытанні ўзнікаюць рэдка, то ў маленькіх гарадках часам складана знайсці годнае месца для начлегу. Каб замежнік змог адчуць сябе ў нас як дома, неабходны персанал, які валодае хоць бы адной замежнай мовай. Сустрэць гэта ў аддаленых (ды і не вельмі) кутках Беларусі вельмі цяжка. Да чэмпіянату свету па хакеі нават у сталіцы абслуговы персанал гасцініц, магазінаў, пунктаў грамадскага харчавання праходзіў курсы па вывучэнні і ўдасканаленні замежнай мовы, такую ж практыку будуць уводзіць і напярэдадні Еўрапейскіх гульняў 2019 года.

Што датычыцца пунктаў харчавання, турысты — гэта, як правіла, людзі, у якіх напружаны графік, яны не гатовы доўга чакаць заказ або выбіраць вельмі вытанчаныя стравы.

«Таму асноўныя патрабаванні да аб'ектаў харчавання — каб яны адначасова хутка і якасна маглі накарміць турыстычную групу каля 50 чалавек», — адзначае спецыяліст.

У маленькіх гарадах часта ўзнікаюць праблемы з арганізацыяй вольнага часу ўвечары, бо музеі ў нас звычайна зачыняюцца ў 19.00 і турыстам няма чым сябе заняць. З-за гэтага турыстычныя кампаніі вымушаны складаць тур так, каб вандроўнікі вярталіся на начлег у сталіцу ці буйныя абласныя цэнтры, што не заўсёды зручна.

Часам менавіта дробязі здольныя сапсаваць уражанне турыстаў ад наведвання краіны. Так, падчас чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе ўзнікла нечаканая на першы погляд праблема — недахоп месцаў для парковак. Напрыклад, у Нясвіжы госці паркаваліся ў дварах жылых дамоў, таму што ў горадзе такой магчымасці не было.

Сутыкнуліся людзі і з чэргамі ў пункты абмену валюты. Самымі незадаволенымі ў гэтай сітуацыі аказаліся мясцовыя жыхары, якім даводзілася марнаваць час для таго, каб ажыццявіць патрэбныя плацяжы.

Варта паклапаціцца і пра сувенірную прадукцыю, якая павінна быць добрай якасці і розных коштавых катэгорый, каб кожны мог прывезці частку Беларусі да сябе на радзіму.

Яшчэ адной істотнай праблемай Беларусі турыстычнай з'яўляецца недахоп дарожнай навігацыі. Сёння вялікая частка еўрапейскіх турыстаў аддае перавагу падарожжам на ўласных аўтамабілях, а паказальнікі на трасах і ў гарадах часта напісаны на кірыліцы, вельмі складанай для разумення замежнікаў.

Істотным мінусам з'яўляецца і тое, што самі беларусы не так часта падарожнічаюць па сваёй краіне. «Ва ўсім свеце ёсць такая заканамернасць: замежнікі пачынаюць ездзіць у краіну тады, калі па ёй падарожнічаюць суайчыннікі, ад гэтай формулы нікуды не падзецца і нам. Калі самі грамадзяне пачынаюць ездзіць па сваей краіне, тут хутчэй з'яўляюцца аб'екты інфраструктуры, пункты харчавання і размяшчэння, ад гасцініц высокага ўзроўню да хостэлаў. Усё гэта прымушае ўлады рэгіёнаў акультурваць тэрыторыю, аднаўляць аб'екты, якія могуць быць цікавыя ў плане архітэктурна-гістарычнай спадчыны. А далей пра цікавыя месцы Беларусі даведваюцца і госці, напрыклад праз сацыяльныя сеткі», — адзначае Марына Масташова.

Па стане на 24.05.2018 магчымасці, якія дае Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян», скарысталіся 113 230 чалавек з 68 краін свету (у тым ліку 457 асоб без грамадзянства).

Праца не з лёгкіх

У нас працуюць вельмі добрыя спецыялісты — экскурсаводы і гіды-перакладчыкі. Нягледзячы на тое, што помнікаў архітэктуры тут, можа быць, не так шмат, як у іншых еўрапейскіх краінах, яны здольныя па-сапраўднаму ўлюбіць турыста ў Беларусь. Многія гіды-перакладчыкі, працуючы з замежнымі турыстамі, адзначаюць, як змяняецца ўспрыманне нашай краіны і ўражанні ад яе. Ужо больш за 10 гадоў для паляпшэння якасці абслугоўвання турыстаў у нас існуе сістэма прафесійнай атэстацыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, цяпер атэстацыю маюць 1067 чалавек. Нашы спецыялісты ў большасці сваёй з'яўляюцца прадаўжальнікамі беларускай экскурсійнай школы, якая была адной з найлепшых у СССР. Хоць, як вядома, мяжы дасканаласці няма. Наогул, працаваць з людзьмі заўсёды няпроста. На турыстычным маршруце часам узнікае маса пытанняў, якія неабходна вырашаць. У гэтую прафесію трапляе далёка не кожны, а застаецца на доўгія гады тым больш...

Відавочна, што Беларусь, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, мае шмат краін-канкурэнтаў у турыстычным плане. У кагосьці больш помнікаў, у кагосьці багацейшыя прыродныя рэсурсы. Таму ў нас павінна быць велізарная матывацыя, каб працягваць развівацца і шукаць свае цікавінкі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Турыстычная Беларусь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.