Вы тут

Пройдзе круглы стол «Дыялог літаратур — дыялог культур»


У рамках ХІІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне пройдзе круглы стол беларускіх і замежных пісьменнікаў «Дыялог літаратур — дыялог культур».


У госці да гарадзенцаў, у горад легендарнай Каложы і Васіля Быкава, прыедуць пісьменнікі з розных краін. За адзін стол з паэтамі, празаікамі, перакладчыкамі Беларусі для размовы пра ролю мастацкага слова ў гуманітарным развіцці грамадства, у справе захавання прыярытэтаў добрасуседства і міралюбства сядуць калегі з Беларусі і Азербайджана, Латвіі і Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі. Асноўныя арганізатары мерапрыемства — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт, Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы, Гродзенская абласная бібліятэка імя Я. Карскага, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура». З просьбай падзяліцца развагамі пра новы творчы і грамадскі праект мы звярнуліся да міністра інфармацыі краіны Аляксандра Карлюкевіча.

— Аляксандр Мікалаевіч, што, якія асноўныя пытанні стануць прадметам размоў пісьменнікаў у Гродне?

— Пісьменнікі на тое і пісьменнікі — каб сабрацца для размовы, паспрачацца, калі ёсць у гэтым неабходнасць, а галоўнае — павесці рэй, наладзіць дыялог узаемаразумення. У тым, што ў Беларусі збіраюцца літаратары розных краін, мы бачым памкненні разгледзець нашу краіну, набрацца ўражанняў пра грамадскае, палітычнае, сацыяльнае развіццё нашай дзяржавы. Вось і зараз, у Гродне, на пісьменніцкім круглым стале мы пагаворым пра прыярытэты, якімі жыве грамадзянская супольнасць нашай краіны, пра тое, з чым мы збіраемся ісці ў заўтра, якія клопаты, турботы цікавяць нашых маладых людзей, што бачыцца нам праблемным, надзвычай важным у справе выхавання чалавека, у фарміраванні грунту развіцця на заўтра. Кожнаму з літаратараў выбіраць свае сюжэты. Наўрад ці лагічна нешта прамалінейна падказваць, але важна — адчыняць дзверы, быць здольнымі да дыялогу, важна жыць памкненнямі да справядлівага і сумленнага расказу пра час.

— Магчыма, і традыцыйнае пытанне, але нельга не задаць яго з гэтай нагоды... А ці ведаюць беларускую літаратуру ў свеце?

— Дзеля гэтага мы і працуем, наладжваем сувязі, непасрэдныя стасункі творчых асоб. Каб ведалі, трэба ісці ў свет, трэба часцей збірацца і выпрацоўваць фарматы адносін, спрыяць развіццю перакладчыцкай справы ў галіне мастацкай літаратуры. Трэба займацца параўнальным літаратуразнаўствам, нельга замыкацца ў сваіх уласных сценах, вобразна кажучы, трымаць зачыненымі дзверы і вокны. Сярод удзельнікаў круглага стала ў Гродне — празаік, паэт, публіцыст, кандыдат сацыялагічных навук, член прэзідыума Саюза пісьменнікаў Расіі Валерый Казакоў. Ён жыве, між іншым, на дзве радзімы — грамадзянін Расійскай Федэрацыі, як выйшаў на пенсію, часта прыязджае ў Беларусь, мае сядзібу на Гарадзеншчыне, між іншым.

Дык вось, менавіта дзякуючы Валерыю Мікалаевічу публікацыі многіх цікавых твораў сучасных пісьменнікаў Беларусі з'явіліся ў цэнтральных маскоўскіх і іншых рэгіёнаў Расіі часопісах. Вельмі добрыя стасункі ў беларускіх пісьменнікаў складваюцца з рознымі рэспублікамі, абласцямі Расіі, з Украінай. Вось, напрыклад, у Татарстане толькі што выйшла падрыхтаваная Рэнатам Харысам адметная аўтарская анталогія беларускай паэзіі. Усяго адзін творца, усяго адзін паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі Рэнат Харыс перастварыў на татарскай мове вершы 34 мастакоў слова Беларусі.

У Чачні перакладамі беларускай літаратуры займаюцца Адам Ахматукаеў, Лула Куна, Руслан Гадзіеў і іншыя чачэнскія калегі. У Астрахані беларускай паэзіяй, тым, каб яна знайшла свайго чытача ў Расіі, апякуецца Юрый Шчарбакоў. У Калмыкіі сапраўднымі сябрамі беларускай літаратуры сталі Рыма Ханінава, Эрдні Эльдышаў. У Кабардзіна-Балкарыі шмат для прапаганды беларускага мастацкага слова робіць Саліх Гуртуеў. У Дагестане паўнамоцным прадстаўніком беларускай літаратуры, нашым народным дыпламатам з'яўляецца Марат Гаджыеў. Яму спрыяюць іншыя дагестанскія калегі, сярод іх — і лакская паэтэса Міясат Муслімава. У апошнія некалькі гадоў у Баку, Душанбэ, Кіеве, Маскве выйшлі кнігі Алеся Бадака, Міколы Мятліцкага, Алены Масла, Людмілы Рублеўскай, Георгія Марчука, Юрыя Сапажкова і шмат каго яшчэ.

— Чаго вы чакаеце ад круглага стала беларускіх і замежных пісьменнікаў у Гродне?

— Вельмі хацелася б, каб надышоў новы віток увагі да беларускай класічнай літаратуры. Хто лепей за Янку Купалу, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа здольны расказаць пра нацыянальны характар беларуса?! Прыемна, што перакладчыкі з іншых краін звярнулі ў апошні час увагу на Міколу Купрэева, Анатоля Сыса, Аркадзя Куляшова, Рыгора Барадуліна.

Выдатна, што, акрамя непасрэдна круглага стала, у Гродне пройдзе семінар «Мастацкі тэкст у арыгінале і перакладзе» — у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Да яго працы спрычыніцца і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Дарэчы, забягаючы наперад, заўважу, што музейшчыкі разам з выдавецтвам «Мастацкая літаратура» рыхтуюць выданне санетаў народнага песняра Беларусі Янкі Купалы ў перакладзе на мовы народаў свету. Толькі што гэтыя 22 санеты на свае родныя мовы пераклалі чачэнец Адам Ахматукаеў, чуваш Валеры Тургай, сербка Даяна Лазарэвіч. Дагэтуль існавалі сем перакладаў унікальнага цыкла вершаў класіка беларускай літаратуры на розныя мовы.

Яшчэ адным адрасам літаратурнага сяброўства ў гэтыя дні ў Гродне стане літаратурная імпрэза ў музеі Максіма Багдановіча. Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Воцінава прэзентуе праект «Максім Багдановіч і ўвесь свет». Ізноў жа слова вялікага паэта Беларусі будзе гучаць на розных мовах народаў свету.

— Што ж, уражальная літаратурна-мастацкая пляцоўка разгортваецца ў Гродне. Застаецца пажадаць усім поспеху ў яе адладжанай рабоце!

— А я хацеў бы ў сваю чаргу выказаць словы ўдзячнасці гродзенскім абласным і гарадскім уладам за падтрымку такога, як на мой погляд, важнага творчага праекта. Асабістае спрыянне старшыні аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, яго памагатых — Віктара Лісковіча, Мечыслава Гоя, Аляксандра Вярсоцкага, іншых аўтарытэтных асоб, рэктара Гродзенскага ўніверсітэта Ірыны Кітуркі, дапамагло ў арганізацыі і круглага стала, і іншых літаратурных імпрэз у Гродне. Асабліва прыемна, што ўсе літаратурныя сустрэчы адбываюцца ў час правядзення чарговага Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, уваходзяць у яго праграму. Веру, што з часам да круглага стала — а ён проста павінен стаць у Гродне традыцыйным — спрычыніцца і гродзенская літаратурная моладзь. Ім, сённяшнім маладым паэтам, празаікам, юным літаратуразнаўцам, пачаткоўцам, ствараць літаратурны партрэт Беларусі заўтра.

Гутарыў Сяргей ШЫЧКО

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Мастацкае слова: сяброўства без межаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».